Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі ў Менску: як разгортваліся падзеі


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Менску ад пяці да сямі тысяч чалавек узялі ўдзел ў акцыі да Дня Волі. Плянавалася, што ўдзельнікі зьбяруцца на Кастрычніцкай плошчы Менску, аднак падыходы да плошчы перакрылі байцы спэцназу. Тых, хто прыйшоў на акцыю, разьбілі на некалькі групаў. Кожная група рушыла сваім маршрутам, і ўрэшце ўсе ўдзельнікі акцыі сабраліся на пляцоўцы ля Акадэміі навук. Там адбыўся сьвяточны мітынг. Карэспандэнтка Радыё Свабода Ганна Соўсь апынулася сярод удзельнікаў акцыі, якія пасьля перакрыцьця плошчы апынуліся ля ГУМу.

Слухаць:



Балет на Кастрычніцкай плошчы

А палове на дванаццатую на Кастрычніцкую плошчу маглі прайсьці толькі тыя, хто меў квіток на балет “Лебядзінае возера”, што адбываўся ў Палацы рэспублікі.

Астатнія, у тым ліку лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Валянціна Палевікова, дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Ўладзімер Рыжкоў былі вымушаныя стаяць ля ГУМу. Вось што сказаў “Свабодзе” спадар Рыжкоў:

Рыжкоў: “У Канстытуцыі Беларусі ёсьць права грамадзянаў на перасоўваньне. Я адразу запытаўся, чаму перакрытая плошча. Ніхто ня змог гэтага патлумачыць. Павінен яшчэ прыляцець Мікіта Бялых. Мы былі запрошаныя сюды, каб аказаць маральную падтрымку й дапамагчы гарантаваць бясьпеку ў якасьці міжнародных назіральнікаў. Калі будуць эксцэсы, мы абавязкова будзем умешвацца і патрабаваць справаздачы”.

Колькасьць удзельнікаў акцыі паступова павялічвалася, і байцы спэцназу пачалі выціскаць людзей у бок плошчы Незалежнасьці.

“Не рабіце другую Нямігу!”

У раёне крамы “Купалінка” да ўдзельнікаў акцыі праз мэгафон зьвярнуўся лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч:

Мілінкевіч: “Мы за дэмакратычную Беларусь! Мы за эўрапейскую Беларусь. Улады баяцца, і таму ўжываюць сілу.Але перамога будзе за намі! Жыве Беларусь!”

Людзі: “Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!”

Далей байцы-спэцназаўцы пачалі ізноў штурхаць людзей у бок плошчы Незалежнасьці, і ў раёне “Цэнтральнай кнігарні” ўзьнікла сапраўдная цісканіна. Людзі пачалі крычаць:

Людзі: “Не рабіце Нямігі! Не рабіце Нямігі!”

Але калёна рушыла далей. Ля будынку КДБ людзі скандавалі “Жыве Беларусь!”. Луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі Эўразьвязу, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, джынсавыя стужкі.

Мілінкевіч: “Нас зьбілі...Жывыя”.

Далей калёна рушыла вуліцай Гарадзкі вал, удзельнікі акцыі спрабавалі павярнуць на вуліцу Інтэрнацыянальную, але там байцы спэцназу пачалі зьбіваць удзельнікаў акцыі дубінкамі, некаторых моладзевых актывістаў білі нагамі.

Зьбілі Аляксандра Мілінкевіча і ягоную жонку Іну Кулей.

Мілінкевіч: “Нас зьбілі. Мы ўпалі на зямлю, падняліся. Жывыя”.

Карэспандэнтка: “Ці былі затрыманыя?”

Кулей: “Мы адбівалі затрыманых. Вось мне руку паранілі. Затапталі трохі”.

Людзей выціснулі ізноў на Гарадзкі вал, і калёна далей рушыла вуліцай Багдановіча ўздоўж гандлёвага дому “На Нямізе”. Дэманстранты хацелі ісьці да цырку й аб’яднацца з астатнімі ўдзельнікамі.

Аднак спэцназаўцы перагарадзілі шлях на вуліцу Багдановіча, і Аляксандар Мілінкевіч прапанаваў удзельнікам рушыць праспэктам Пераможцаў да Палацу спорту:

Мілінкевіч: “Шаноўныя сябры! Я прапаную прайсьці па праспэкце да Палацу спорту і там паразмаўляць. Таму што тады да нашых сяброў нас не дапусьцяць, ідзем проста”.

Людзі: “Прарвемся!”

Аднак калі падышлі да кінатэатру “Масква”, дэманстранты пабачылі ланцуг спэцназаўцаў. Праз гукаўзмацняльнік удзельнікаў акцыі папярэдзілі, што калі тыя не разыдуцца, будзе ўжытая фізычная сіла і спэцыяльныя сродкі.

“Міліцыянты ствараюць масавыя беспарадкі самі”

Далей людзей пачалі разьбіваць на асобныя групы, самую вялікую байцы спэцназу сілай выціснулі па лесьвіцы за кінатэатар “Масква”.

Грамадзкі дзеяч Зьміцер Бандарэнка зьвяртаецца да спэцназаўцаў:

Бандарэнка: “Дзякуй Богу, пакуль дубінак не дасталі. Я ж прыйшоў на сьвята...”

Дзяўчына: “Людзі, толькі што стала вядома, што кіраўніцтва АМАПу дазволіла сюды прыйсьці Аляксандру Мілінкевічу. Вас ня могуць выціскаць”.

Людзі: “Фашысты! Фашысты!”

Бандарэнка (праз 10 хвілінаў для Радыё Свабода): “Бязглузьдзіца, непрафэсіяналізм міліцэйскага кіраўніцтва. Міліцыянты ствараюць масавыя беспарадкі самі. Людзей накіроўваюць па горадзе, пэрыядычна зьбіваючы...”

Далей удзельнікі акцыі кожны сваім шляхам рушылі ў бок Акадэміі навук. Цягнікі, якія ехалі са станцыі мэтро “Фрунзенская”, не спыняліся на перасадачнай станцыі “Кастрычніцкая”, і таму многім давялося ехаць на станцыю “Першамайская” і адтуль пешкі ісьці да Акадэміі навук.
XS
SM
MD
LG