Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: К.Шацікаву гвалтам утрымліваюць у псыхіятрычным шпіталі


Радыё Свабода Грамадзкая актывістка Крысьціна Шацікава знаходзіцца ў 8-м аддзяленьні магілёўскага псыхіятрычнага шпіталю. Яе туды гвалтоўна даставілі ў пятніцу.

Як паведаміла дзяжурная доктарка Алена Бат, спатканьні са сваякамі Крысьціне забароненыя. Заўтра раніцай лёс пацыенткі вырашыць ейны доктар.

Пра зьнікненьне Крысьціны Шацікавай ейнай маці Сьвятлане паведаміў па тэлефоне невядомы — ён назваўся прадстаўніком АБСЭ. Потым было яшчэ адно тэлефанаваньне. Гаворыць Сьвятлана Шацікава:

“Потым мне патэлефанавалі й сказалі, што мая дачка знаходзіцца ў вар’ятні ў 12-м аддзяленьні. Прыйшла сёньня раніцай. Мяне спачатку сустрэлі добра. Спачатку я папрасіла пазваць загадчыцу ці дзяжурнага доктара. Хацела патлумачыць, што мне толькі паглядзець, што яна жывая ды здаровая. Калі ж яна даведаліся, што Шацікава Крысьціна, адразу ж сталі злымі й адправілі мяне ў прыёмны пакой. Там сядзела жанчына, якая сказала, што яна ўсяго толькі дзяжурная сястра і шукаць нікога ня будзе”, - паведаміла маці Крысьціны.

Калі ў прыёмны пакой шпіталю маці Шацікавай прыйшла з журналістам, дзяжурная доктарка ўсё ж паведаміла пра месцазнаходжаньне Крысьціны Шацікавай.

Зь дзяжурнай доктаркай сустрэлася і грамадзкая актывістка Ірына Качарова, на вачах якой адбыўся захоп. Гаворыць Ірына Качарова:

“Прыйшла дзяжурная доктарка Алена Леанідаўна Бат. Я ёй расказала, што я непасрэдна падала заяву і я зьяўляюся сьведкай выкраданьня Крысьціны і маю права азнаёміцца зь ейнай справай. Алена Леанідаўна сказала, што ўсю інфармацыю яна дала маці. Потым, калі я сыходзіла, яна сказала, калі мы ня будзем займацца глупствам, то заўтра будзе ўсё нармальна”, - сказала Ірына Качарова.

У пятніцу ўвечары ў цэнтры Магілёва невядомыя заштурхнулі Крысьціну Шацікаву ў чырвоны аўтамабіль “Ніва” і некуды павезьлі. Да суботняга вечара пра ейны лёс нічога не было вядома.

Варта яшчэ нагадаць, што семдзесят гадоў таму, у 1937 годзе, у мурах магілёўскай вар’ятні закатавалі Зьмітра Жылуновіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG