Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску затрымалі яшчэ васьмёх чалавек


Радыё Свабода Прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, КХП БНФ і яшчэ колькі беспартыйных віцяблянаў сабраліся на ходніках каля плошчы Свабоды. Праз колькі хвілін супрацоўнікі міліцыі загадалі ім разысьціся і не замінаць руху мінакоў.

Прысутныя паслухаліся патрабаваньняў міліцыянтаў і скіраваліся вуліцай Леніна да помніка Ўладзімеру Караткевічу, каб ускласьці кветкі. Аднак прайсьці ім давялося ўсяго якую сотню мэтраў — пры дарогзе іх ужо чакалі міліцэйскія машыны.

Намесьнік начальніка Кастрычніцкага райаддзелу Віцебску Аляксандар Каліноўскі загадаў грамадзянам ехаць у пастарунак, бо яны, паводле ягонага меркаваньня, арганізавалі несанкцыянаванае шэсьце з забароненай сымболікай.

“Забароненым сымбалем” міліцыянты палічылі бел-чырвона-белы шалік актывісткі АГП Алены Залескай.

Як паведаміў адзін з затрыманых, сябра КХП БНФ Ян Таўпыга, цяпер у Кастрычніцкім райаддзеле ўнутраных справаў знаходзіцца восем чалавек, сярод іх трое непаўналетніх.

Групу незалежных журналістаў, якія сачылі за дзеяньнямі міліцыянтаў і фатаграфавалі затрыманьне актывістаў, атачылі невядомыя людзі ў цывільным і суправаджаюць па горадзе.

Пяцёра чалавек пільнуюць рэдактара недзяржаўнай газэты “Витебский курьер” Уладзімера Базана, яшчэ трое сочаць за супрацоўнікамі іншых незалежных мэдыяў.





XS
SM
MD
LG