Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“25 сакавіка я буду прысутнічаць у Менску з маімі аднадумцамі”


Радыё Свабода

Артур, Вялейка: “Прывітаньне, Радыё Свабода. У маёй школе напярэдадні Дня Волі нас, вучняў старэйшых клясаў, прымусілі напісаць на нейкіх паперках, дзе мы будзе бавіць час на вясновых канікулах. Адміністрацыя кажа, што гэта было зроблена з мэтай прадухіліць наш удзел у супрацьпраўных дзеяньнях. А на нядзелю 25 сакавіка аб 11-й гадзіне ў школе заплянавана спартовае мерапрыемства, удзел у якім абавязковы для ўсіх вучняў старэйшых клясаў. Хто будзе адсутнічаць, таму пагражаюць паставіць “нездавальняюча” па паводзінах ня толькі за чвэрць, але і за год. Але, нягледзячы на перашкоды, 25 сакавіка я буду прысутнічаць у Менску з маімі аднадумцамі. Дзякуй”.

Ільля Копыл: “Добры дзень, “Свабода”. Віншую Вас і ўсіх грамадзян Беларусі зь вялікім сьвятам Днём Волі. Лічу, што апазыцыя ў гэты сьвяточны дзень ужо атрымала перамогу. Яна, апазыцыя, прымусіла ўладу ў пажарным парадку ладзіць у гэты дзень канцэрты пад лёзунгам “За незалежнасьць!” Праўда, часу хапіла толькі на дзьве канцэртныя пляцоўкі. Але мы ведаем, што пагрозы незалежнасьці Беларусі сыходзіць ад самой улады. І канцэрты арганізаваныя, каб адцягнуць частку насельніцтва ад мерапрыемстваў апазыцыі. Хто ведае, можа, гэтыя афіцыйныя канцэрты ў Дзень Волі стануць традыцыяй. Мабыць, улада ўсьведамляе, што Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня – гэта нейкая недарэчнасьць. Дзякуй за ўвагу”.

Ніна Канстанцінаўна: “Ад імя сяброў дэмакратычнай вэтэранскай арганізацыі, якую пры жыцьці ўзначальваў шаноўны Артур Вольскі, віншую з Днём Незалежнасьці мужных, адданых справе Адраджэньня ўсіх супрацоўнікаў незалежнай прэсы, увесь калектыў Радыё Свабода, газэт “Наша Ніва” і “Народная Воля” зь вялікім сьвятам Днём Волі. Пакуль ёсьць Вы, у нас ёсьць надзея на будучыню і справядлівасьць. Віншуем блізкіх, сем’і зьніклых патрыётаў, вязьняў палітычных рэпрэсіяў сталінскага і лукашысцкага рэжымаў, тых, каго перасьледуюць цяпер, затрымліваючы дзесяткамі штодня паводле прыдуманых прычынаў хворымі на галаву стражамі парадку. Віншуем беларусаў, што стаялі на плошчы Каліноўскага ў сакавіку 2006 году, перамагаючы страх перад чорнымі крумкачамі і іх начальнікамі. Віншуем нашу гераічную моладзь, якую не спыніць, не зламаць ні турмамі, ні пагрозамі расправы. Жыве Беларусь!”
XS
SM
MD
LG