Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“25-га сакавіка адсьвяткуем, як заўсёды: гвалтам, зьбіцьцём і затрыманьнямі....”


Валянцін Жданко, Менск У нашай пошце апошняга тыдня нямала лістоў ад слухачоў, якія былі сьведкамі падзей сакавіка 2006-га году на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Сёньня, калі мінуў год з таго часу і людзі зноў зьбіраюцца адзначыць Дзень Волі на тым месцы, дзе моладзь абараняла свой намётавы гарадок, многае з вышыні пражытага бачыцца па-іншаму.

Вось як згадвае падзеі сакавіка-2006 наш слухач Генадзь Зотаў зь Вілейкі. Ён піша:

“Для мяне не было пытаньня, ці варта ехаць на плошчу. Выходзячы з дому ў Вілейцы, я апрануў два сьвітэры – каб адзін потым аддаць тым, хто заставаўся начаваць на плошчы.

Я пазнаёміўся са многімі ўдзельнікамі намётавага гарадка, са многімі размаўляў. Гэта былі зусім прыстойныя разумныя людзі.

Ніколі не забуду дзьвюх жанчын сярэдняга ўзросту, якія прынесьлі на плошчу дзьве вялікія каструлі з гарачымі галубцамі і катлетамі і раздавалі іх абаронцам гарадка.

Я бачыў вакол сябе сапраўдных сумленных людзей, якія зразумелі, што пры гэтай уладзе ў краіны няма перспектываў. Падман, здрада, халуйства – у пашане, а праўда, справядлівасьць, адказнасьць – прыгнятаюцца і перасьледуюцца.

Нават ня верылася, што знойдуцца людзі, здольныя адкрыта сказаць гэта на плошчы. Ад гэтага выбівала сьлязу і ўсёй душой хацелася стаць поруч з абарончамі намётавага гарадка на плошчы, якую пачалі называць Плошчай Каліноўскага.

А сёлета 25 сакавіка я зноў буду на плошчы – гэта мой абавязак”.

Іншы погляд на падзеі гадавой даўніны і на Дзень Волі-2007 у нашай слухачкі зь Менскага раёну Сьвятланы Моўчан. Яна піша:

“25-га сакавіка сёлета – ня надта вясёлае сьвята. Год таму ў гэты дзень быў схоплены і кінуты ў турму Аляксандар Казулін. Калі б наш народ сапраўды імкнуўся да свабоды і дэмакратыі, дык вызваленьня палітвязьня патрабавалі б сотні тысяч і мільёны людзей. А што ў сапраўднасьці? Ці прыйшла хоць раз шматлюдная дэманстрацыя пратэсту да турмы, дзе трымаюць мужнага і самаахвярнага палітыка, былога кандыдата на прэзыдэнта, які ахвяраваў уласнай свабодай дзеля гэтага народа?

Баюся, што 25-га сакавіка ўсё будзе, як заўсёды: прыйдуць да плошчы некалькі тысяч маладых людзей, супраць іх міліцыя кіне некалькі тысяч узброеных амонаўцаў – і ўсё скончыцца разгонам, гвалтам і затрыманьнямі. А назаўтра Свабода паведаміць пра шматлікія суды над арыштаванымі. Вось вам і чарговая “гарачая вясна”.

Пры ўсёй слушнасьці Вашых, спадарыня Моўчан, заўвагаў і назіраньняў, усё ж варта мець на ўвазе, што ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму цяжка чакаць масавых праяваў грамадзянскай мужнасьці і ахвярнасьці. У Беларусі наважыцца выйсьці з пратэстам на плошчу – азначае рызыкаваць месцам вучобы альбо працы, уласнай бясьпекай і будучыняй. Усё гэта ня можа не адбівацца на тым, колькі людзей зьбіраецца на акцыях апазыцыі.

Зусім іншае стаўленьне да падзеяў сакавіка 2006-га году ў нашага слухача Уладзіміра Уласава зь Менску. Да свайго ліста ён прыклаў фатаздымак плошчы, які быў надрукаваны ў тыя дні ў прэзыдэнцкай газэце “Советская Белоруссія”. Здымак зроблены здалёк, з даху Палаца Рэспублікі – каб склалася ўражаньне, што людзей на плошчы было няшмат.

“Ну што, уражвае фотаздымачак? Камэнтаваць яго проста непрыстойна. Што, зьелі? Дапамаглі вам нашы мясцовыя “ляхі”? І я там быў. Мяне нават можна разглядзець на здымку ў купцы з чатырох чалавек. Тут усё як на далоні. У тым ліку – адзінокая постаць міліцыянта – больш нікога зь сілавых структураў няма. Божа, якое дзікае ўбоства гэта было! Так будзе і надалей. Бо, як пісала яшчэ Цётка, “Мы – сіла! Мы – права!” Не дамо перавярнуць маю мілую Беларусь, не дазволім ператварыць яе ў вашынгтонска-брусэльскага паслугача, не дамо расьпетрыць нашу прамысловасьць!. Не аддамо на ганьбу нашу сьвятыню – Нацыянальную бібліятэку".

Цікава, спадар Уласаў, а хто гэта робіць замах на Нацыянальную бібліятэку і хоча яе зганьбіць? Няўжо апазыцыя? Вядома, вялікай сьвятыняй яна гэты будынак ня лічыць, але і пра пляны замаху на яго чуць не даводзілася.

Што да дасланага Вамі здымку. У розны час на плошчы была розная колькасьць людзей. Калі б фотарэпарцёр “Советской Белорусіі” у пошуках патрэбнага яму ракурсу ўзьлез не на дах Палацу Рэспублікі, а падняўся над плошчай напрыклад, на дырыжаблі і рабіў фотаздымак на сьвітаньні – то карцінка магла б атрымацца яшчэ больш радаснай для Вас. Але гэта – банальны прапагандысцкі прыём, і з аб’ектыўным асьвятленьнем падзеяў ён ня мае нічога агульнага.

Тое ж можна сказаць і пра Ваша, спадар Уласаў, сьцьвярджэньне наконт самотнага міліцыянта. Насамрэч і плошча, і ўсе падыходы да яе былі запоўнены супрацоўнікамі спэцслужбаў, пераапранутымі ў цывільнае. Яны хапалі падазроных людзей у падземных пераходах, абшуквалі, адбіралі харчаваньне, якое тыя несьлі абаронцам намётавага лягеру…Таму ёсьць сотні сьведчаньняў непасрэдных відавочцаў і ўдзельнікаў тых падзеяў.

Наш даўні слухач і аўтар Ільля Копыл зь Менску свой ліст на Свабоду напісаў пад уражаньнем ад супярэчнасьцяў у асяродзьдзі апазыцыі. Слухач лічыць несправядлівай крытыку, якая апошнім часам часта гучыць на адрас Аляксандра Мілінкевіча.

“Я асабіста не знаёмы зь Мілінкевічам, але чуў яго выступы на мітынгах і Кангрэсе, быў сярод тых, хто сустракалі яго ля варот турмы на Акрэсьціна… Адважуся сказаць, што пасьля Зянона Пазьняка Аляксандар Мілінкевіч – самая яркая зорка на нашым палітычным небасхіле… Пасьля выбараў ён не паўтарыў памылку Ганчарыка, не апусьціў рукі, не сышоў з палітычнай сцэны. Колькі палітычна актыўных маладых людзей атрымалі дзякуючы яму дапамогу і падтрымку… У мяне да яго адна прэтэнзія. Летась 25-га сакавіка на мітынгу ў Купалаўскім парку ён абяцаў “заваліць” краіну праўдзівай інфармацыяй. І “завалілі”… Нічога не атрымалася”.

Далей у сваім лісьце Ільля Копыл разважае наконт прэтэнзіяў, вылучаных да Мілінкевіча з боку іншых апазыцыйных лідэраў, якія ў падрыхтоўцы да Дня Волі занялі пазыцыю назіральнікаў. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Яны ўжо сябе паказалі, адмовіўшыся распаўсюджваць улёткі, падрыхтаваныя БНФ да 25 Сакавіка. Я – беспартыйны, мне пайшоў восьмы дзесятак. Але нават я сотню ўлётак распаўсюдзіў. Калі нават у гэтай сьвятой справе няма адзінства, аб якім новым кангрэсе можна весьці гаворку. Аляксандар Мілінкевіч мае рацыю, калі кажа, што склікаць яго цяпер – заўчасна. Спачатку трэба ўдакладніць пазыцыі і мэты партыйных лідэраў, каб не атрымалася, як у байцы пра лебедзя, рака і шчупака”.

Наконт Вашай, спадар Копыл, прэтэнзіі адносна прычынаў таго, чаму ў Беларусі не хапае аб’ектыўнай інфармацыі пра падзеі ў краіне і вакол яе. Вы, вядома ж, і сам ведаеце, што справа тут галоўным чынам ня ў жаданьні апазыцыйных лідэраў, а ў тым, як успрымае такую інфармацыю ўлада і якія перашкоды яна стварае тым, хто гэту інфармацыю распаўсюджвае. Тым ня менш, нягледзячы на ўсе неспрыяльныя абставіны, тыя людзі, якія па-сапраўднаму імкнуцца ведаць праўду і прыкладаюць дзеля гэтага намаганьні – сваёй мэты дасягаюць, нават ва ўмовах Беларусі.

На заканчэньне – некалькі лістоў, якія пакіну бэз камэнтароў.

Дзьмітры Каліноўскі зь Віцебску, згадваючы пра леташнія прэзыдэнцкія выбары, гадавіну якіх цяпер адзначаюць у Беларусі, піша:

“У мяне склалася ўражаньне, што апазыцыя тую кампанію праводзіла непрадумана, у форс-мажорных абставінах. Апазыцыйныя кандыдаты мелі магчымасьць для некалькіх выступаў па тэлебачаньні, але не заўсёды эфектыўна выкарыстоўвалі свой час. Маглі б, напрыклад, паведамляць дакладны час і месца сустрэчы з выбарцамі. І ўсё ж я веру, што Беларусь зойме дастойнае месца ў супольнасьці дэмакратычных эўрапейскіх дзяржаў разам з Польшчай, Літвой, Латвіяй, Украінай”.

А наш даўні слухач Юрась Навіцкі зь Менску даслаў у рэдакцыю самаробную паштоўку з выявай “Пагоні”, якую адмыслова намаляваў і аддрукаваў да гадавіны абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

“Вялікі дзякуй за штодзённыя вашы перадачы, безь якіх не ўяўляю свайго жыцьця. Вельмі ўдзячны таксама за новыя кніжкі зь “Бібліятэкі Свабоды” – яны проста цудоўныя. Вельмі расчулены”.

Дзякуй, спадар Навіцкі, і Вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG