Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары – пра сьвяткаваньне Дня Волі 25 сакавіка


Алесь Дашчынскі, Менск У Менск на сьвяткаваньне 25 сакавіка накіраваліся дэпутаты зь Нямеччыны, Польшчы і Славаччыны. Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што фармат сьвяткаваньня 25 сакавіка застаецца ранейшым.

П.Мажэйка: пляны не зьмяняюцца

Прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка заявіў, што пляны адносна ўдзелу ў акцыі 25 сакавіка не зьмяняюцца.

“Усялякія чуткі аб зьмене месца правядзеньня, часе правядзеньня акцыі, а такія зьяўляюцца цягам апошніх дзён і рассылаюцца з самых розных адрасоў імэйлы, у якіх паведамляецца пра абсалютна іншыя ўмовы і абставіны акцыі, раскідаюцца ўлёткі, дзе паведамляецца пра іншае месца збору – усе гэтыя чуткі не адпавядаюць рэчаіснасьці. І Мілінкевіч яшчэ раз заявіў, што пачатак акцыі, так як было дамоўлена і заяўлена раней – 12 гадзін, Кастрычніцкая плошча”.

Плошча “будзе зачынена адназначна”

Паводле спадара Мажэйкі, Аляксандар Мілінкевіч ня быў запрошаны на мінулую сустрэчу сяброў аргкамітэту з начальнікам менскай міліцыі генэралам Анатолем Куляшовым. У сустрэчы бралі ўдзел намесьнік старшыні АГП Ігар Шынкарык і выконваючы абавязкі старшыні БСДП(Грамада) Анатоль Ляўковіч. Павал Мажэйка сказаў:

“Пра падрабязнасьці размовы з Шынкарыкам і Ляўковічам мы ведаем толькі выключна з прэсы. Вынікі гэтай размовы дастаткова супярэчлівыя. І таму нашы пляны адносна ўдзелу ў гэтай акцыі не зьмяняюцца”.

Паводле Ігара Шынкарыка, пасьля супольнай прэсавай канфэрэнцыі 21 сакавіка, аргкамітэт сьвяткаваньня не зьбіраўся. Пра вынікі сустрэчы з генэралам Куляшовым спадар Шынкарык сказаў:

“Улады пайшлі на кампраміс. Улады гарантавалі, што дадуць нам бесперашкодна прайсьці ад пляца. Пляц будзе зачынены адназначна, сказаў генэрал Куляшоў”.

А.Ляўковіч: сьвяткаваць будзем, але па сваім сцэнары

Падчас сустрэчы з генэралам Куляшовым выканаўца абавязкаў старшыні БСДП(Грамада) Анатоль Ляўковіч адмовіўся ад удзелу ў аргкамітэце сьвяткаваньня 25 Сакавіка. Ён перадаў генэралу паперу, у якой заявіў, што адклікае свой подпіс у якасьці заяўніка акцыі.

Аднак спадар Ляўковіч сказаў Радыё Свабода, што сябры БСДП(Грамада) будуць сьвяткаваць як у рэгіёнах, так і ў Менску:

“Найгалоўнейшае сьвята краіны павінна праходзіць на галоўнай плошчы краіны. І той сцэнар, які прадпісвае ўлада, наша партыя не падзяляе. І па гэтым сцэнары сьвята мы ня будзем праводзіць”.

Ф.Вячорка: апроч мітынгу адбудзецца шэраг выстаў

Паводле сябра аргкамітэту Франака Вячоркі, вялікая ўвага будзе нададзена афармленьню акцыі.

“У нас плянуецца шэраг сцэнарных асаблівасьцяў. Апроч традыцыйнага мітынгу, які пройдзе заўтра на Акадэміі навук, адбудзецца шэраг рухомых выставаў падчас шэсьця і мітынгу. Будзе прэзэнтавана выстава палітычнага плякату. Адбудзецца выстава “Вясна 2006”. Гэта выстава фотаздымкаў з намётавага мястэчка ў мінулым годзе. Можна будзе сфатаграфавацца з акторамі ў вопратцы Кастуся Каліноўскага”.
XS
SM
MD
LG