Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.-Г. Вік заклікаў Эўразьвяз падтрымаць змагароў за свабоду ў Беларусі


Радыё Свабода Напярэдадні Дня 25 сакавіка нямецкі палітык і дыплямат, кіраўнік грамадзкай ініцыятывы “Правы чалавека ў Беларусі” Ганс-Георг Вік зьвярнуўся да эўрапейскай супольнасьці з заклікам падтрымаць змагароў за свабоду ў краіне.

Г.-Г.Вік: “Эўрапейскі зьвяз і ягоныя краіны–сябры ня могуць абыякава назіраць за тым, як абыходзіцца рэжым са змагарамі за свабоду”.
“Сёлета гадавіна стварэньня БНР, а таксама гадавіна брутальнага наступу рэжыму Лукашэнкі на свабоду і дэмакратыю на Кастрычніцкай Плошчы супадае са сьвяткаваньнямі 50-гадовага юбілею Эўразьвязу”, гаворыцца ў заяве. Колішні кіраўнік КНГ АБСЭ ў Менску не выключае, што, падобна папярэднім мірным акцыям 25 сакавіка, сёлетняя таксама можа сустрэць жорсткі перасьлед з боку ўладнага апарату. Ён перакананы, што “Эўрапейскі зьвяз і ягоныя краіны–сябры ня могуць абыякава назіраць за тым, як абыходзіцца рэжым са змагарамі за свабоду і тым, як перасьледуюцца ўладамі апазыцыйныя дэмакратычныя аб’яднаньні, а таксама СМІ, прафсаюзы, жаночыя і моладзевыя арганізацыі”.

Паводле нямецкага дыплямата, эўрапейская палітычная салідарнасьць зь Беларусьсю павінна пераўтварыцца ў больш “скаардынаваныя і эфэктыўныя мерапрыемствы”, і “такі час ужо насьпеў”. “У мэтах паўнавартаснага і даверлівага партнэрства зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю Эўразьвяз павінен прызначыць свайго ўпаўнаважанага ў гэтым пытаньні, каб ён і ягоныя кансультанты “словам і справай” спрыялі супрацоўніцтву паміж эўрапейскімі няўрадавымі арганізацыямі і тымі аб’яднанымі грамадзкімі сіламі ў Беларусі, якія змагаюцца за дэмакратычныя правы і свабоды”, гаворыцца ў заяве Ганса-Георга Віка.
XS
SM
MD
LG