Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэры-“хімікі” правядуць Дзень Волі пад узмоцненым наглядам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чаму артыкул Мікалая Статкевіча ў інтэрнэце атакавалі “хакеры”? Пра што папярэдзілі Артура Фінькевіча напярэдадні сустрэчы з паслом АБСЭ? Праваабаронца Кацярына Садоўская паведаміла, як у Гомельскай жаночай калёніі караюць за парушэньні рэжыму. Сваякі Аляксандра Казуліна занепакоеныя адсутнасьцю лістоў ад яго.

Апазыцыянэры, якія адбываюць пакараньне “хіміяй”, правядуць Дзень Волі пад узмоцненым наглядам міліцыі. Пра гэта паведамілі Мікалай Статкевіч і Артур Фінькевіч. Лідэра сацыял-дэмакратаў Мікалая Статкевіча 25 сакавіка нават будуць трымаць у спэцкамэндатуры, а не ў інтэрнаце вёскі Блонь Пухавіцкага раёну, дзе ён пражывае. Пра гэта палітыка загадзя папярэдзілі міліцыянты. Ня выключана, што на Дзень Волі абмяжуюць волю і Паўлу Севярынцу, які адбывае пакараньне ў Полацкім раёне. Артуру Фінькевічу, які адбывае “хімію” ў Магілёве, сказалі, каб не разьлічваў у суботу і нядзелю выйсьці ў горад:

“На выходныя буду ў інтэрнаце. Прыйшоў загад зь Менску на ўзмацненьне па ўсіх камэндатурах, а іх у краіне 53. Такім чынам у нядзелю нікога ў горад пускаць ня будуць”.

На гэтым тыдні Артур Фінькевіч сустракаўся з кіраўніком менскага офісу АБСЭ Акэ Пэтэрсанам, які быў зь візытам ў Магілёве і адмыслова наведаў вязьня. А за гадзіну да гэтай сустрэчы з Артурам сустрэліся супрацоўнікі КДБ і міліцыі, якія папярэдзілі хлопца, каб не скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня на “хіміі”. Між тым юнак здолеў перадаць спадару Пэтэрсану сваё меркаваньне адносна ўмоваў кантактаў аб’яднанай Эўропы зь беларускім рэжымам.

“Але і ад апазыцыі зараз можна ўсяго чакаць”

Мікалай Статкевіч напісаў артыкул з аналізам палітычнага становішча ў краіне, які разьмясьцілі ў інтэрнэце на сайце www.bsdpng.info. Сам аўтар называе свой артыкул праграмным і адзначае, што крытыкуе ў ім ня толькі ўладу, але і апазыцыю. Паводле спадара Статкевіча, хутка пасьля зьяўленьня артыкулу сайт партыі атакавалі невядомыя “хакеры”. Іх першая спроба заблякаваць сайт не ўдалася, але потым на пэўны час артыкул з інтэрнэту зьнік. Палітык разважае, каму спатрэбілася гэтая атака.

М.Статкевіч: “Там ёсьць пэўныя празрыстыя намёкі, таму нават ня ведаю, хто гэта зрабіў: улада ці апазыцыя”.
“Там ёсьць пэўныя празрыстыя намёкі, таму нават ня ведаю, хто гэта зрабіў: улада ці апазыцыя. Відаць, улада, бо там у апошнім разьдзеле ёсьць рэчы, якія могуць падацца небясьпечнымі. Але і ад апазыцыі зараз можна ўсяго чакаць”.

Кацярына Садоўская бароніць правы людзей і ў турме

Праваабаронца Кацярына Садоўская адбывае пакараньне ў Гомельскай калёніі. Жанчына і там спрабуе бараніць правы людзей: яна дасылае зьвесткі пра ўмовы ўтрыманьня, інфармуе пра лёсы вязьняў, якія пакутуюць разам зь ёй. Паводле Кацярыны Садоўскай, у Гомельскай калёніі ужываюць наступныя захады пакараньня тых, хто парушае турэмную дысцыпліну. Распавядае муж праваабаронцы Віктар:

В.Садоўскі: “У турэмным двары ёсьць агароджанае месца, дзе чалавека могуць у лёгкай адзежы і ў холад трымаць некалькі гадзінаў”.
“У турэмным двары ёсьць агароджанае месца, дзе чалавека могуць у лёгкай адзежы і ў холад трымаць некалькі гадзінаў. А яшчэ ёсьць карцэр, дзе ложак – простыя дошкі, без матрацу, без коўдры. Туды садзяць на некалькі дзён, ажно да 15”.

Паводле праваабаронцы, гэтае пакараньне могуць паўтарыць запар некалькі разоў. Закон забараняе аднаразовае пакараньне карцэрам болей як на два тыдні, але ў такім выпадку атрымліваецца, што фармальна закон не парушаны.

Дашкевіч убачыць бацькоў толькі ў ліпені?

Лідэру “Маладога фронта” Зьмітру Дашкевічу адмовілі ў доўгатэрміновым спатканьні з бацькамі, якое плянавалася на красавік. У лісьце, які атрымалі зь міліцыі бацькі актывіста, сказана, што спатканьне будзе толькі ў ліпені.

Сваякі экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна адзначаюць, што ўжо болей за два тыдні не атрымоўвалі ад яго лістоў. “Не выключаю, што ў справу ўмяшалася турэмная цэнзура”, – кажа дачка палітыка Вольга.
XS
SM
MD
LG