Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 17.03.2007 – 23.03.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Зразумела, што вы не атрымаеце гэтага дазволу. Кастрычніцкая плошча – гэта дзяржаўная плошча. Толькі для дзяржаўных мерапрыемстваў. Яны ж таксама там не дурныя ў гэтай апазыцыі сядзяць. Ня будзе ім Кастрычніцкай плошчы, бо ёсьць закон”.

Ганадзь Курбека, кіраўнік ідэалягічнай управы Менгарвыканкаму – адказ на заяўку на правядзеньне Дня Волі.

“Далейшае зацягваньне з правядзеньнем кангрэсу прыводзіць да паралічу дзеяньняў на ўзроўні кааліцыі”.

Анатоль Лябедзька, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

“Вы разумееце, мне праз тры месяцы на пэнсію, і мне ўжо ўсё “па-барабану”.

Мянчанка – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Што б вы прапанавалі зьмяніць у Канстытуцыі?”

“Ня ў інтарэсах Эўразьвязу рабіць зь Беларусі “напалову Эўропу”.

Ёшка Фішар, былы міністар замежных спраў Нямеччыны, выкладчык Прыстанскага ўнівэрсытэту ў ЗША.

“Сьпіс асобаў, супраць якіх уведзеныя санкцыі, застаецца нязьменным, але можа быць перагледжаны ў любы момант у адпаведнасьці з крытэрыямі, ад якіх гэты перагляд залежыць”.

З рашэньня Рады Эўразьвязу, якая працягнула яшчэ на год візавыя санкцыі супраць 37-мі прадстаўнікоў беларускай ўлады.

“У дачыненьнях Крамля зь Менскам няма самавольства, гэта – клясычны цэнавы канфлікт”.

Герхард Шродэр, былы прэм’ер-міністар Нямеччыны, старшыня Рады акцыянэраў Паўночна-эўрапейскага газаправоду – у інтэрвію газэце “Westfalenpost”.

“Адбылося, што менавіта лідэры нам сказалі ісьці дадому. ...Выглядала, што арганізатары разьлічвалі менавіта на паразу, на тое, што ўсіх разгоняць, нічога не атрымаецца… Атрымалася, што мы самі ня ведаем, што рабіць нам з уласным посьпехам”.

Руслан Быкаў, жыхар Менску – пра падзеі 19 сакавіка 2006 году ў Менску.

“Любіць фюрэра ім дазваляецца. Калі ты ня любіш фюрэра, то атрымаеш дубінкай ці трапіш у аўтазак”.

Валянціна Сьвяцкая, сябра Сойму БНФ – пра адмову суда задаволіць яе пазоў да былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова, які ў часопісе “Спецназ” цытаваў “Кодэкс гонару афіцэра” Гітлера і адзначаў, што пастуляты кодэксу цікавыя і сёньня, і што над імі варта задумацца.

“За гэты год у мяне пабольшала веры і пабольшала горычы. Марнуецца час — горычы пабольшала ў душы. Але разам з тым пабольшала й веры — мне здаецца, што вясна, сапраўдная, набліжаецца”.

Малады жыхар Віцебску – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Ці зьмянілася ваша жыцьцё за апошні год?”

“Хачу сказаць пра Вячорку і Івашкевіча, якія “ня любяць Мілінкевіча”. Што значыць "ня любяць"? Мы ня любім мужчын, мы любім жанчын. А супрацоўнічаць зь Мілінкевічам мы гатовыя. Але так, як гэта робяць мужчыны”.

“Да штурмаў "зімніх" і "бастыліяў" грамадзтва яшчэ не сасьпела”.

“Вызвольны рух – гэта, у першую чаргу, масавая ініцыятыва, а не назіраньне ў якасьці заўзятара за гульнёй на футбольным полі”.

Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ, адзін з ініцыятараў сьвяткаваньня Дня Волі – падчас онлайн-канфэрэнцыі на “Свабодзе”.

“Прыдумляе зноў нейкія падатковыя схемы, каб зноў нейкія грошы атрымаць. На жаль, мы бачым, што чалавек ніяк ня можа супакоіцца. Хаця, па вялікім рахунку, яму пайшлі на вялізныя саступкі — і ў кошце на газ, і ў доўгатэрміновым кантракце, і ў кошце на “Белтрансгаз”, які, на мой погляд, выглядае даволі завышаным. Тым ня менш, ён лічыць, што яго пакрыўдзілі, і ўвесь час спрабуе ўшчыкнуць. На мой погляд, гэта павінна прывесьці да таго, што і тыя пагадненьні, якія былі падпісаныя, трэба пераглядаць”.

Канстанцін Сіманаў, генэральны дырэктар расейскага Фонду нацыянальнай энэргетычнай бясьпекі – пра ўвядзеньне ў Беларусі платы за зямлю пад нафтаправодамі.

“Я думаю, варта прыгадаць, хто трыюмфаваў 1-га і 3-га чэрвеня 2005 году – пасьля францускага і галяндзкага рэфэрэндумаў... Радыкалы ў Турэччыне, у Сэрбіі, панславісты ў Расеі. Чаму? Бо яны падумалі, што Эўрапейскі зьвяз стаў занадта слабы і занадта засяроджаны на сабе для таго, каб распаўсюджваць на суседзяў свой мяккі патэнцыял пераўтварэньняў”.

Олі Рэн, камісар Эўрапейскага зьвязу ў пытаньнях пашырэньня.

“Сярод моладзі і сярод прадпрымальнікаў на некалькі парадкаў больш людзей, якія сьцьвярджаюць, што былі на Плошчы Каліноўскага, чым там іх было”.

Вячаслаў Сіўчык, палітык – у перадачы “Свабоды” “Праскі акцэнт”.

“Нас было вельмі шмат, часта нечакана шмат, але замала, каб улада надламалася. І павесьці людзей на штурм – я лічыў, што гэта прывядзе да крыві і да сьмерцяў, магчыма”.

Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў – пра падзеі 19 сакавіка 2006 году ў Менску.

“Пры ўсёй павазе да спадара Мілінкевіча, час Гавэлаў і Валэнсаў , на жаль, прайшоў у нашых шыротах”.

Вадзім Дубноў, незалежны расейскі журналіст – у перадачы “Свабоды” “Праскі акцэнт”.

“У Кобрыне не вядзецца будаўніцтва ніякага “Сувораўскага храму”. Такая назва неабгрунтавана была прысвоена адной з новабудоўляў праваслаўнага храма некаторымі сродкамі масавай інфармацыі і асобнымі прадстаўнікамі грамадзкасьці Кобрына”.

З адказу Кобрынскага гарвыканкаму на зварот Таварыства “Бацькаўшчына”, Таварыства беларускай мовы і Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

“Супрацоўнік КДБ Жывушка сказаў мне: красовачкі не абувайце, лепей чаравікі, бо давядзецца з красовак шнуркі потым вымаць… То бок: яшчэ й суду не было, але мне далі зразумець, што нас, хутчэй за ўсё, пасадзяць на суткі”.

Алесь Зарамбюк, моладзевы актывіст – напярэдадні суду над ім.
XS
SM
MD
LG