Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды дзеліся рэчы зь ліквідаванага намётавага гарадка?


Любоў Лунёва, Менск Год таму на Кастрычніцкай плошчы ўлады ліквідавалі намётавы лягер. Спэцназаўцы цягам некалькіх хвілінаў затрымалі дзясяткі людзей. Нікому не дазволілі ўзяць з сабой рэчы, якія заставаліся на плошчы. Потым людзям, якія прасілі вярнуць ім хаця б пашпарты ці іншыя дакумэнты, казалі, што ўсе рэчы адвезьлі на сьметнік.

Падставай для досьледу стала інтэрвію, запісанае карэспандэнтам “Свабоды” у мястэчку Івянец, што ў Валожынскім раёне Менскай вобласьці. Пэнсіянэр Мікалай Куксо пра свайго суседа:

“У нас ёсьць адзін бацька з аховы прэзыдэнта. Дык ён кажа: “Вось добра, што разагналі на плошчы 25-га сакавіка. Я хоць цяпер намёт маю”. Гэта ж той намёт, які стаяў на плошчы Каліноўскага. На гэта рэагавалі адмоўна, маўляў, ну, як гэта ты радуесься чужому на халяву. Глядзяць на яго людзі, як на якога марадзёра”.

Ад 20 сакавіка, калі дэманстранты вырашылі заставацца на Кастрычніцкай плошчы, там сталі зьяўляцца намёты, тэрмасы з кавай ды гарбатай. На наступны дзень людзі панесьлі ў лягер ежу, цёплыя рэчы, коўдры. Сярод тых людзей была выкладчыца ўнівэрсытэту Ларыса Пятрова. Яна прыгадала падзеі гадавой даўнасьці:

“Я, калі пачула пра гэтыя намёты, што паставілі на плошчы, то падумала, што бедныя дзеці там галодныя і ніхто іх ня корміць. Узяла бутэрброды, вялікі тэрмас з кавай і пайшла на плошчу. Але, калі я прыйшла, то там было столькі!.. Праўда, людзі доўга там не затрымліваліся, хуценька аддавалі каву і сокі. Сьмецьце забіралі з сабой у вялікія пакеты і выкідвалі ў кантэйнэры недзе ў дварах. Так што там не было ніякага сьмецьця, але шмат было ўсялякай ежы і тэрмасаў з кавай”.

Ірына Тоўсьцік распавяла “Свабодзе”, што за дзень да ліквідацыі лягеру на Кастрычніцкую плошчу прынесьлі мангалы, каб людзі мелі магчымасьць згатаваць гарачую ежу. Апроч таго, многія маладыя людзі рабілі фатаздымкі лічбавымі фатакамэрамі, некаторыя мелі відэакамэры.

“Там было столькі рэчаў! – згадвае Ірына Тоўсьцік. – Тэрмасы, мангалаў толькі пяць ці нават болей, а таксама былі й лічбавыя фатакамэры, відэакамэры, нават ноўтбук быў. Былі таксама рэчы ўдзельнікаў – і партманэты з грашыма, дакумэнты, пашпарты, матрацы, намёты былі ня простыя, а вельмі дарагія. Людзі несьлі самае лепшае. Уладальнікаў гэтых рэчаў пасадзілі, і ў іх не было магчымасьці забраць свае рэчы”.

Кіраўнік менскай міліцыі Анатоль Куляшоў на пытаньне Радыё Свабода, які лёс рэчаў, што засталіся на плошчы пасьля затрыманьня людзей, адказаў:

“Гэтым сьмецьцем не займаўся. Яно мяне не хвалявала. Вывезьлі на сьметнік – вось і ўсё. Якія там тэрмасы? Я, шчыра кажучы, ня ведаю, якія там былі тэрмасы. Але тое, што я бачыў на ўласныя вочы, то сярод сьмецьця я там ня бачыў ніводнага тэрмаса, а вось бруд, антысанітарыю на ўласныя вочы бачыў. Там усё пакінулі, дык хто хацеў, той і браў. Пакуль там машыны пад’ехалі, пакуль пачалі там усё зьбіраць... Ну, гэта ж нічыйнае, атрымліваецца, было”.

Журналісты, якія засталіся на плошчы пасьля затрыманьня людзей, здымалі, як на падагнаныя машыны спэцназаўцы і людзі ў камізэльках з надпісам “Камунальныя службы” кідалі рэчы. Было відаць, як з бруку падымалі то грошы, то дакумэнты. Тады міліцэйскае кіраўніцтва не адказвала, куды паедуць машыны з грузам чужога скарбу.
XS
SM
MD
LG