Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: затрыманы актывіст аб''явіў галадоўку на знак пратэсту


Радыё Свабода Каля 15-й гадзіны ў будынку гандлёвага цэнтру “Кантынэнт” міліцыянты затрымалі прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча. Супрацоўнікі міліцыі зрабілі ператрус у ягонай машыне і знайшлі колькі паасобнікаў мясцовага бюлетэню “Мы и рынок”, які Сяргей Парсюкевіч рэдагуе, выдае і распаўсюджвае сярод віцебскіх прадпрымальнікаў.

У Першамайскім райаддзеле высьветлілася, што да выданьня міліцыянты ніякіх прэтэнзіяў ня маюць. Аднак на Сяргея Парсюкевіча склалі і пратакол за дробнае хуліганства – нібыта ў пастарунку ён гучна брыдкасловіў, зьневажаючы прысутных. Да слова, Парсюкевіч сам зусім нядаўна звольніўся зь міліцыі, даслужыўшыся да званьня маёра. І некаторыя супрацоўнікі Першамайскага РАУСу, знаёмыя зь ім ужо даўно, шчыра абураліся сытуацыяй, у якую трапіў іхны былы калега.

Сяргея Парсюкевіча былі завезьлі ў Першамайскі раённы суд, аднак там ужо скончыўся працоўны дзень. Такім чынам, судовае паседжаньне адбудзецца толькі заўтра. Гэтую ноч затрыманы мусіць правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня. На знак пратэсту супраць несправядлівага, на ягоную думку, затрыманьня Сяргей Парсюкевіч абвясьціў сухую галадоўку.

Падчас леташніх прэзыдэнцкіх выбараў Сяргей Парсюкевіч таксама быў затрыманы нібыта за дробнае хуліганства, яму прысудзілі некалькі сутак арышту, і ён таксама галадаваў у ізалятары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG