Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ і міліцыя сочаць за кватэрамі апазыцыянэраў<b/>


Вячаслаў Кулік, Менск Сябра партыі БНФ Алесь Чыгір паведаміў Радыё Свабода, што сёньня ад раніцы ля пад’езду дому ў Бабруйску яго падпільноўваюць міліцыянты.

“Я – на першым паверсе, і добра відаць, што ў аўтамашыне знаходзяцца некалькі чалавек у цывільным. Дома – жонка, трое дзяцей. Мне цяжка сказаць, як доўга будзе цягнуцца аблога”, – расказаў Алесь Чыгір.

Кватэра сябра незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Максіма Буйніцкага таксама пад назіраньнем у Бабруйску.

“Пад маімі вокнамі стаіць аўтамашына гарадзкога аддзелу КДБ, – паведамляе Максім, – раней на гэтых сіняга колеру “жыгулях” прыяжджаў сьледчы КДБ Харашкевіч уручаць мне позву. У салёне яшчэ і іншыя людзі. Я гляджу на іх, яны – на мяне. Зразумела, навошта яны гэта робяць. Ужо шмат людзей асуджаныя на суткі. Прыкладам, падпільнавалі, арыштавалі і ўтрымліваюць у апорным пункце міліцыі нашага маладафронтаўца Валеру Мацкевіча”.

У гэты ж час у Белаазёрску на Берасьцейшчыне пад пільным наглядам сябры Партыі БНФ. Расказвае Яўген Пракурат:

“Днём езьдзілі за намі на белых “жыгулях”, а цяпер тут яшчэ і сінія. Іх нумары – 83-14АТ-1 і 36-58 ААА1. Мяркую, што ў кватэру яны ўсё-такі пакуль што ламіцца ня будуць. Напэўна, чакаюць цёмнага часу, каб людзей побач не было...”

Паводле старшыні Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрася Губарэвіча, на сёньня ў рэгіёне КДБ і міліцыя перасьледуюць усіх лідэраў апазыцыйнага руху.

“Больш як 50 лідэраў-актывістаў вымушаныя цяпер хавацца дома ці ў іншых месцах, каб ацалець ад перасьледу”, – паведаміў Юрась Губарэвіч.

Гл.таксама: Магілёўшчына: новыя затрыманьні актывістаў Новыя арышты моладзевых актывістаў Сотні рэгіянальных актывістаў атрымалі выклікі ў міліцыю і КДБ
XS
SM
MD
LG