Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастоўскія актывісты не зьявіліся ў суд


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Мастах былі затрыманыя два актывісты — дэпутат райсавету Зьміцер Кухлей і Алесь Зарэмбюк. У затрыманьні абодвух удзельнічаў супрацоўнік КДБ. На іх склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. У 15 гадзінаў павінен быў адбыцца суд, але Кухлей і Зарэмбюк туды не зьявіліся і дзе яны — невядома. Пра гэта нам пры канцы дня паведамілі ў райсудзе.

Дэпутат Мастоўскага райсавету Зьміцер Кухлей паведаміў нам пасьля свайго затрыманьня раніцай, што тыдзень таму праводзіў сустрэчу з выбаршчыкамі. Калі яна закончылася, зьявіўся старшы лейтэнант Кулак, які не прадставіўся, але выклікаў на месца міліцэйскую машыну. Дэпутата і ягонага прыяцеля Алеся Зарэмбюка даставілі тады ў пастарунак і абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. У міліцыі знайшліся і адпаведныя сьведкі. Вось што кажа Зьміцер Кухлей:

“Тут пачаўся ціск з 25-м сакавіка, і я цяпер зьвязваю той інцыдэнт, што адбыўся яшчэ 15-га, як справакаваны ў сувязі з гэтай датай. І цяпер вось старшы лейтэнант Кулак і гэты Краўцэвіч далі такія паказаньні пад ціскам КДБ”.

Алеся Зарэмбюка арыштавалі ў кватэры. Супрацоўнік КДБ Жывушка і міліцыянт Мохань, паводле яго, уварваліся ўнутр, прымусіўшы адамкнуць дзьверы гаспадыню, у якой ён наймае кватэру. Яны разбудзілі васьмімесячнага сына Алеся. Зарэмбюк гаворыць, што супрацоўнік КДБ вёў рэй і паводзіў сябе самаўпэўнена. Перад судом спадар Зарэмбюк нам паведаміў:

“Супрацоўнік Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Жывушка сказаў мне: красовачкі не абувайце, лепей чаравікі, бо давядзецца з красовак шнуркі потым вымаць… То бок: яшчэ й суду не было, але мне далі зразумець, што нас, хутчэй за ўсё, пасадзяць на суткі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG