Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Новыя арышты моладзевых актывістаў<b/>


Любоў Лунёва, Менск У раённых судах Менску разгледзелі адміністрацыйныя пратаколы на моладзевых актывістаў апазыцыі, якіх затрымалі ўвечары 22 сакавіка. Суд Першамайскага раёну Менску пакараў арыштамі сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Хведарука і Людмілу Атакулаву. Аналягічныя прысуды актывістам вынесьлі ў іншых судах. Усіх абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Масавыя затрыманьні й арышты моладзевыя актывісты лічаць прэвэнтыўнай мерай напярэдадні буйной акцыі 25 сакавіка.

Сёньня раніцай на вуліцу Астрашыцкую, дзе месьціцца кабінэт судзьдзі Першамайскага раёну Менску, прывезьлі затрыманых учора ўвечары актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Хведарука і Людмілу Атакулаву.

Міліцыянты абвінавацілі іх у дробным хуліганстве. Міліцыянт Уладзімер Пігулеўскі сьведчыў, што Зьміцер і Людміла нібыта нецэнзурна лаяліся. Ён гэта пачуў за дваццаць мэтраў. Тое, што на ганку клюбу стаяла каля дзясятка чалавек, гучала музыка з рок-канцэрту і было цёмна, не зьбянтэжыла сьведку.

На пытаньне адваката, чаму не запрасілі сьведак, як таго патрабуе новы Адміністрацыйны кодэкс, міліцыянт адказаў, што ён выконваў свой абавязак.

Зьміцер Хведарук распавёў, што ў часе затрыманьня яго ўдарылі па галаве.

“У Першамайскім РУУС са мной абыходзіліся вельмі жорстка. Не хацелі нават выклікаць лекара, бо мне ў часе затрыманьня ўдарылі па галаве. Давялося 40 хвілінаў прасіць, каб выклікалі хуткую. Яны адмаўляліся гэта зрабіць. У хуткай мне паставілі дыягназ: выцень і гематома патыліцы. Ціск быў падвышаны: 160 на 90. Вельмі кепска сябе адчуваў. Мяне ледзь не ванітавала. У шпіталі супрацоўнікі міліцыі настаялі, каб мяне адвезьлі ў міліцыю”.

Судзьдзя Юры Гарбатоўскі арыштаваў хлопца на 5 сутак.

Васямнаццацігадовая Людміла Атакулава атрымала трое сутак арышту. Яна гэтак пракамэнтавала сваё затрыманьне:

“Выходзілі з канцэрту і заўважылі знаёмы твар чалавека. І адразу здагадаліся, каго ён чакае. Зразумела, што гэта прэвэнтыўнае затрыманьне перад 25 сакавіка. Яны, можа, думаюць, што чым больш актывістаў затрымаюць, тым больш напалохаюць усіх астатніх. Думаюць, што здолеюць сарваць акцыю... Але яна адбудзецца ў любым выпадку і пры любым надвор’і”.

У судзе была цётка Людмілы:

“Сёньняшнія прысуды – гэта зьдзекі з нашых дзяцей, якія змагаюцца за свабоду, за волю, за будучыню нашай краіны. Яна гэтай лаянкі ні дома ня чула, ні ў школе, нідзе... Калі й пачула, то толькі ад міліцыянтаў, якія іх хапалі, запужвалі...”

Аляксея Шыдлоўскага суд Партызанскага раёну пакараў арыштам на 5 сутак. Ён паведаміў “Свабодзе”:

“Я лічу гэты прысуд палітычна матываваным, неадпаведным рэчаіснасьці. Усе абвінавачаньні былі прыдуманыя, а паказаньні сьведак – ілжывыя. Перад 25 сакавіка гэта нагадвае істэрыку, папросту здаюць нэрвы. Улады вельмі баяцца моладзі”.

Актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Натальлю Старасьціну і Аляксандра Ўрыўскага суд Савецкага раёну пакараў штрафамі на 10 базавых велічыняў.

Шаснаццацігадовую Насту Палажанку і Касю Галіцкую супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі ў крадзяжы мабільных тэлефонаў. Дзяўчатам сказалі, што адправяць іх у ізалятар часовага ўтрыманьня.

Моладзевых актывістаў, палітыкаў, прадпрымальнікаў, затрыманых сёньня ў другой палове дня, будуць судзіць у панядзелак, 26 сакавіка. Назіральнікі адзначаюць, што суды могуць абмежавацца тымі суткамі, якія людзі правядуць у турме да суду.

Зьміцер Хведарук у судзе

Людміла Атакулава перад адпраўленьнем у турму са сваімі паплечнікамі
XS
SM
MD
LG