Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анатоль Грыцкевіч: “Дзень Волі – дзень абароны незалежнасьці”


Вольга Караткевіч, Прага Напярэдадні Дня Волі госьць эфіру “Свабоды” – доктар гістарычных навук, прафэсар Анатоль Грыцкевіч.

“Сёлета Дзень Волі – гэта дзень выпрабаваньня”.

Карэспандэнтка: “Зь якімі пачуцьцямі вы асабіста чакаеце нядзелі, 25 сакавіка?”

Грыцкевіч: “Дзень 25 сакавіка – Дзень Волі – гэта галоўнае нацыянальнае сьвята беларусаў усяго сьвету. Ужо каля 20 гадоў гэтае сьвята адзначаецца ў Беларусі.

Сёлета Дзень Волі – гэта дзень выпрабаваньня. У нашай сучаснай сытуацыі гэта дзень абароны незалежнасьці Беларусі. Я не зусім згодны з ініцыятывай абвясьціць гэты дзень Днём нацыянальнай еднасьці. Усё ж такі Дзень Волі – гэта галоўнае сьвята беларусаў, і любыя пераназываньні мне здаюцца недарэчнымі. Тым больш што каб дасягнуць гэтай нацыянальнай еднасьці, трэба, па-першае, каб была еднасьць ува ўсіх апазыцыйных партыях, рухах і ўва ўсіх прыхільнікаў незалежнасьці Беларусі. А па-другое, яднацца зь цяперашнім урадам, мне здаецца, беспэрспэктыўна, бо гэты ўрад праводзіць фактычна антыбеларускую палітыку.

Я яшчэ раз хачу сказаць, што Дзень Волі, як і ў ранейшыя гады, зьяўляецца сёлета вельмі важным днём. Мне падаецца, што гэта будзе зноў, на жаль, дзень супрацьстаяньня паміж сіламі дэмакратыі, нацыянальнымі беларускімі сіламі з аднаго боку і ўладамі з другога”.

“Здрадніцкі Берасьцейскі мірны дагавор паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай паказаў, што тэрыторыя Беларусі як для савецкага ўраду, так і для нямецкага – толькі разьменная манэта”.

Карэспандэнтка: “Якія этапы, зьвязаныя зь Беларускай Народнай Рэспублікай, вы як гісторык лічыце важнымі для характарыстыкі дзяржаўнасьці гэтага ўтварэньня?”

Грыцкевіч: “Перш за ўсё трэба адзначыць Усебеларускі зьезд у сьнежні 1917 году. На гэтым зьезьдзе ўжо больш за палову дэлегатаў выступілі з ініцыятывай абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, хаця частка дэлегатаў схілялася да аўтаноміі ў складзе расейскай дэмакратычнай рэспублікі.

Далейшыя падзеі, асабліва здрадніцкі Берасьцейскі мірны дагавор паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай і наступ нямецкіх войскаў у лютым 1918 году, паказалі, што тэрыторыя Беларусі як для савецкага ўраду, так і для нямецкага – толькі разьменная манэта. І тое, што 25 сакавіка 1918 году, 89 гадоў назад, была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі і поўны разрыў дзяржаўнай еднасьці з Расеяй – гэта самае галоўнае ў гісторыі пачаткаў БНР.

Затым ужо ішла пабудова дзяржаўнасьці, беспасярэдне на месцах стварэньне органаў улады і нават спроба стварэньня ў канцы 1918 году свайго нацыянальнага войска”.

“Слуцкі збройны чын – гэта масавы вайсковы зрыў беларускага народу ў адстойваньні незалежнасьці Беларусі”.

Карэспандэнтка: “У сувязі з фактам стварэньня нацыянальнага войска я хацела б згадаць антыбальшавіцкі Слуцкі збройны чын 1920 году. Прызнаючы вяршэнства органаў Беларускай Народнай Рэспублікі, случчакі звыш месяца чынілі вайсковы супраціў сілам Чырвонай арміі. Вы першым з гісторыкаў у Савецкай Беларусі пачалі пісаць пра гэты збройны чын. І пісалі пра яго за савецкім часам даволі крытычна...”

Грыцкевіч: “На жаль, калі я пачаў пісаць пра Слуцкі збройны чын, я мог карыстацца толькі тымі дакумэнтамі, якія былі даступныя ў савецкіх архівах, або тымі публікацыямі, якія зьмяшчаліся ў савецкім друку. У сваіх далейшых публікацыях і асабліва ў выпушчанай у 2005 годзе кнізе я падаў усе сабраныя за дзесяцігодзьдзі факты.

Слуцкі збройны чын – гэта, бадай, апошні масавы вайсковы зрыў беларускага народу ў адстойваньні незалежнасьці Беларусі. Звычайна савецкія гісторыкі пісалі, а некаторыя й цяпер пішуць, што гэта сялянскае паўстаньне супраць палітыкі ваеннага камунізму, і толькі.

Гэта ня так. Ува ўсіх дакумэнтах Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і зьезду Случчыны гаворыцца перш за ўсё пра барацьбу за незалежнасьць Беларусі супраць акупацыі яе савецкімі войскамі, а таксама супраць тагачаснай польскай палітыкі ў адносінах да Беларусі. Так што гэта было ня проста паўстаньне, а збройны чын за незалежнасьць Беларусі. Слуцкі збройны чын – гэта фактычна эпізод гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі”.

“Словы Каліноўскага – запавет нам усім, ягоным нашчадкам”.

Карэспандэнтка: “У пятніцу споўнілася 143 гады з дня пакараньня ў Вільні сьмерцю Кастуся Каліноўскага, кіраўніка антырасейскага паўстаньня 1863 – 1864 гадоў у Беларусі і Літве. Мы правялі апытаньне ў Наваполацку: людзі адказвалі, што яны ведаюць пра Кастуся Каліноўскага. Як бы вы ацанілі ўзровень веданьня сучаснымі беларусамі таго, кім быў і за што змагаўся Каліноўскі?”

Грыцкевіч: “У цэлым пра Кастуся Каліноўскага ў нас цяпер ведаюць – дзякуючы таму, што на пачатку нашага новага Адраджэньня (на пачатку 1990-х гадоў) шмат што пра Каліноўскага было напісана і надрукавана.

Я б хацеў таксама тут дадаць словы Каліноўскага – запавет нам усім, ягоным нашчадкам. “Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе!” – пісаў Каліноўскі. Гэта тое самае, што лёзунг Беларускай Народнай Рэспублікі: “Незалежнасьць БНР – незалежнасьць Беларусі”.

“Першыя нашыя адраджэнцы былі ў асноўным са шляхты”.

Карэспандэнтка: “Сярод іншага вы шмат пісалі пра беларускую шляхту. Я хацела б задаць вам крыху рамантычнае пытаньне. Спашлюся на літаратара Юрася Барысевіча. На ягоную думку, беларускамоўныя беларусы, тыя, што захоўваюць і прадукуюць беларушчыну, заслугоўваюць на шляхецкі статус. Што б вы сказалі на гэта?”

Грыцкевіч: “Беларуская шляхта мела вялікія традыцыі, гэта была ўплывовая частка народу. У канцы XVIII стагодзьдзя ў розных паветах Беларусі ад 10 да 12 працэнтаў насельніцтва складала шляхта. Потым большая частка яе так і ня стала дваранамі Расейскай імпэрыі праз свае памкненьні да захаваньня незалежнасьці краіны і ўдзел у вызвольных паўстаньнях – ад Касьцюшкі да Каліноўскага.

Што да прывілеяў, то яны, безумоўна, у шляхты былі. Былі некаторыя традыцыі, якія захаваліся й цяпер у беларускага народу. Гэта свабодалюбства, вера ў Бога і імкненьне захаваць гонар.

Нашыя шляхецкія традыцыі былі шмат у чым разьвітыя ў XX стагодзьдзі. Першыя нашыя адраджэнцы былі ў асноўным са шляхты. У Беларускай сацыялістычнай грамадзе значная колькасьць актывістаў была са шляхты”.

Карэспандэнтка: “Спадар Анатоль, што б вы перадалі слухачом “Свабоды” напярэдадні Дня Волі?”

Грыцкевіч: “Я, па-першае, хачу павіншаваць калектыў рэдакцыі радыё “Свабода” з нашым найвялікшым сьвятам – Днём Волі. Таксама хачу павіншаваць з Днём Волі ўсіх слухачоў радыё “Свабода”. Як былы прэзыдэнт Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, а цяпер ганаровы сябра гэтага згуртаваньня віншую са сьвятам усіх беларусаў сьвету”.

Анатоль Грыцкевіч нарадзіўся ў 1929 годзе ў Менску. Скончыў тры вышэйшыя навучальныя ўстановы – Менскі дзяржаўны мэдычны інстытут (1950), Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моваў (1955) і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1958).

Працаваў спачатку лекарам, а з 1958 году супрацоўнікам Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі. З 1975 да 2006 году быў загадчыкам катэдры гісторыі Беларускага ўнівэрсытэту культуры, цяпер прафэсар гэтай жа катэдры.

У 1986 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю, а ў 1987 годзе атрымаў званьне прафэсара. Ад 1999 году зьяўляецца правадзейным членам Міжнароднай акадэміі Эўразіі (Масква).

Дасьледуе гісторыю пэрыяду фэадалізму, рэлігійныя праблемы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Першым з гісторыкаў пачаў пісаць пра антыбальшавіцкае паўстаньне 1920 году на Случчыне. Аўтар сямі манаграфіяў і больш як 1200 артыкулаў.

Актыўны грамадзкі дзеяч, сябра Сойму Партыі БНФ. У 2001 – 2005 гады быў прэзыдэнтам Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.

Любімы адпачынак – чытаньне, а любімыя пісьменьнікі – Янка Купала і Васіль Быкаў.
XS
SM
MD
LG