Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскае гандлёвае пагадненьне пакуль не падпісанае


Радыё Свабода У Менску адбылося паседжаньне гэтак званага "саюзнага" савету міністраў. З гэтай нагоды ў цэнтры гораду вывешаныя афіцыйныя сьцягі Беларусі й Расеі, а таксама расьцяжкі зь вітаньнем да ўдзельнікаў. На парадку дня сёньняшняга паседжаньня ў Менску 25 пытаньняў, якія тычацца эканамічнай, палітычнай, вайсковай і культурнай інтэграцыі Беларусі й Расеі.

Дагэтуль не падпісаны галоўны дакумэнт — беларуска-расейскае пагадненьне пра меры дзеля разьвіцьця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец лічыць, што прэм’еры ня маюць паўнамоцтваў для падпісаньня адпаведнага пагадненьня:

“Ні Фрадкоў, ні Сідорскі гэтых пытаньняў не вырашаюць і вырашыць ня могуць. Раней яны маглі гэта зрабіць. Цяпер жа, калі дачыненьні Беларусі й Расеі набылі збольшага рынкавы характар, для падпісаньня пагадненьня патрэбна спачатку прыняць палітычнае рашэньне. А гэта ўжо прэрагатыва першых асобаў”.

Намесьнік старшыні камісіі ў эканамічных рэформах Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Віктар Алампіеў лічыць, што ў дачыненьнях Масквы і Менску няма пэрспэктываў:

“Пасьля таго, як рэзка абвастрыліся дачыненьні Крамля і Менску, візыт кіраўніка расейскага ўраду патлумачыць няпроста. Хутчэй за ўсё, гэта візыт для той часткі расейцаў, якія лічаць, што пабудова адзінай дзяржавы яшчэ магчымая.

Але на мой погляд, пабудова саюзнай дзяржавы пасьля таго, як Расея выкарыстала энэргетычную зброю, малаверагодна. Слухачы павінны памятаць, што не разьвязаныя найпрасьцейшыя пытаньні: дзе "саюзны тэлевізар"? Дзе аўтамабіль, які павінны былі зрабіць беларусы і расейцы? І такіх пытаньняў можна задаваць шмат. Прыкладам, чаму нашы майстры зрабілі аўтамабіль, але не з расейцамі, а зь нямецкай фірмай “Mann”? А "саюзнага тэлевізара" дагэтуль так і няма”.

Раней плянавалася, што беларуска-расейскае пагадненьне будзе падпісанае да паседжаньня "саюзнага" Саўміну. Аднак расейскі бок адмовіўся гэта зрабіць. Паводле намесьніка Мінэканомразьвіцьця Расеі Віталя Савельева, “беларускі бок да парафіраванага ўжо праекту дамовы дадаў шэраг прапановаў, якія патрабуюць дадатковай працы экспэртаў”.
XS
SM
MD
LG