Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за “выкрываньнямі” Ўладзіслава Міхайлава?


Радыё Свабода Студэнт праграмы імя Кастуся Каліноўскага Ўладзіслаў Міхайлаў выступіў у інфармацыйнай праграме Беларускага тэлебачаньня з абвінавачаньнямі кіраўнікоў і навучэнцаў праграмы. Сёлета ў студзені ён заявіў у інтэрвію польскім мэдыям, што яго завэрбаваў КДБ.

"Міхайлавым гэта ўсё не абмяжуецца".

Цяпер на БТ Уладзіслаў Міхайлаў, сярод іншага, заявіў, што студэнты-"каліноўцы" нібыта прагульваюць заняткі й адпрацоўваюць грошы на антыбеларускіх акцыях у Польшчы.

Вось што на гэта адказала адна з навучэнак праграмы Кацярына Тамковіч: “Тое, што ён кажа, гэта глупства. Бо я не адпрацоўваю ніякіх грошай. А на акцыі хаджу паводле ўласных перакананьняў. Але, пэўна, БТ патрабуе такой менавіта інфармацыі. Магчыма, што яму абяцалі бясьпеку, калі ён дасьць такое інтэрвію. Тут складана здагадацца пра ягоныя матывы, але мы ўсе ведалі, што тут будуць агенты, што тут будуць спэцслужбы. І я думаю, што адным Уладам Міхайлавым гэта ўсё не абмяжуецца”.

"Усё гэта было падрыхтавана беларускімі спэцслужбамі".

Уладзіслаў Міхайлаў згадаў і былога амабасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча. Нібыта былы дыплямат сказаў, што з-за студэнта ўся Варшава на нагах. І, калі Міхайлаў вернецца ў Беларусь, то будзе лекавацца. Вось як гэтыя заявы пракамэнтаваў спадар Машкевіч:

“Я спаткаўся зь ім толькі аднойчы, у нядзелю. Мяне папрасілі дапамагчы хлопцу, бо ён знаходзіўся ў вельмі глыбокай дэпрэсіі: страшна глядзець было на гэтага хлопца. Ён казаў, што яго будуць вывозіць на амбасадарскай машыне. Што ён сядзе ў дыпляматычную машыну і паедзе ў Беларусь. Мы, канечне, зьдзівіліся, але ён – грамадзянін Беларусі й можа рабіць што хоча.

Мы шчыра паразмаўлялі, вельмі добрая размова была, і я вельмі зьдзіўлены цяпер. Мне падаецца, што ўсё гэта было падрыхтавана беларускімі спэцслужбамі, каб выкарыстаць хлопца. Каб паказаць у Беларусі, што гэтая студэнцкая праграма не патрэбная. Насамрэч, гэта вельмі вялікая дапамога беларускай моладзі”.

"Чалавек, які разважае… ня будзе верыць такім прыкладам”.

У праграме Кастуся Каліноўскага, якую фінансуе ўрад Польшчы, навучаюцца студэнты, што былі адлічаныя з ВНУ Беларусі за ўдзел у леташніх акцыях пратэсту. Уладзіслаў Міхайлаў таксама заявіў БТ, што ўсе гэтыя юнакі й дзяўчаты — пераважна сваякі лідэраў апазыцыі.

Вось як гэтую заяву пракамэнтавала кіраўніца праграмы ў Беларусі Іна Кулей:

“На жаль, дэмакратычныя сілы ня маюць магчымасьці быць пачутымі празь дзяржаўную прэсу, дзяржаўнае тэлебачаньне і радыё. Нам штодня даводзіцца змагацца з хлусьнёй, якая ліецца з экрана БТ. У такіх умовах цяжка данесьці да людзей праўду.

Мэтады, якімі карыстаюцца сілавыя структуры, даўно вядомыя. Гэта запалохваньне людзей, ціск з усіх бакоў. Усё гэта робіцца для таго, каб людзі баяліся, каб зьняверыліся. Але мы думаем, што гэта немагчыма. Бо чалавек, які разважае, які ўжо падняў галаву, ня будзе верыць такім прыкладам”.

Уладзіслаў Міхайлаў — навучэнец праграмы імя Каліноўскага, які ў студзені 2007 году заявіў польскім мэдыям, што ён агент беларускага КДБ, які працаваў пад мянушкай Вэктар. Таксама ў інтэрвію “Свабодзе” ён паведаміў, што сярод іншага ад яго патрабавалі іфармацыі пра крыніцы фінансаваньня гомельскіх недзяржаўных арганізацыяў, пра журналістаў Радыё Свабода, якія працуюць на Гомельшчыне. Уладзіслаў Міхайлаў заявіў, што на супрацоўніцтва ён пагадзіўся пад пагрозай адлічэньня з Гомельскага ўнівэрсытэту.


• Інтэрвію У.Міхайлава, завэрбаванага КДБ студэнта-каліноўца

"Белорусское государственное телевидение им. А.Г. Лукашенко сообщает, что нас всех студентов программы кинули!!!, у нас нет еды и живём в клоповниках. No Comments. Зимовскому оставить предпоследнюю пулю". (Запіс Уладзіслава Міхайлава ў ягоным блогу за 10 сьнежня 2006 году)

Фота Ўладзіслава Міхайлава з Інтэрнэт-дзёньніка goodliving:



Надпіс на плякаце: "Зьбіраем грошы на снайпэра".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG