Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За падрыхтоўку да Дня Волі завялі крымінальную справу


Ганна Соўсь, Менск Крымінальная справа пачатая паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу — гэта зьвязана з падрыхтоўкай акцыі да Дня Волі. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў намесьнік начальніка менскай міліцыі Аляксандар Найдзенка. Сяброў аргкамітэту ў справе падрыхтоўкі акцыі 25 сакавіка Анатоля Ляўковіча і Ігара Шынкарыка cёньня папярэдзілі, што яны зьяўляюцца фігурантамі ў гэтай справе. Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык кажа пра дамоўленасьць з кіраўніцтвам менскай міліцыі наконт таго, як правесьці людзей ад Кастрычніцкай плошчы да дазволенага месца збору.

Заяўнікаў папярэдзілі

Сёньня ў Менгарвыканкам выклікалі заяўнікаў акцыі з нагоды Дня Волі. Пра сустрэчу з кіраўніком менскай міліцыі генэралам Анатолем Куляшовым “Свабодзе” расказвае намесьнік старшыні АГП Ігар Шынкарык:

“Ён выступіў з прамовай перад намі, што ён учора распачаў крымінальную справу, і мы ўсе зьяўляемся фігурантамі гэтай справы. Учора, пазаўчора былі затрыманыя моладзевыя актывісты, якія зьбіраліся зрабіць невядома што. Усё гэта здымала камэра СТВ. Нас папярэдзілі”.

У выніку намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоль Ляўковіч зрабіў у міліцыі наступную заяву:

“Паколькі ўлады забаранілі правядзеньне галоўнага сьвята на галоўнай плошчы гораду, я здымаю зь сябе абавязкі, якія прымаў, і адклікаю свой подпіс пад заявай, паколькі паводле сцэнару ўлады наша партыя ніколі не гуляла. Адказваць за тое, як будзе праходзіць сьвята паводле сцэнару ўладаў... Няхай адказваюць самі ўлады”.

Пошукі кампрамісу

Паводле Ігара Шынкарыка, заяўнікі акцыі патлумачылі кіраўніку менскай міліцыі, што 25 сакавіка людзі ў любым выпадку прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу, і прапанавалі знайсьці кампраміс.

Ігар Шынкарык кажа, што пры канцы гутаркі яны з генэралам Куляшовым прыйшлі да наступнага пагадненьня. Людзей, якія прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу, арганізавана правесьці да месца дазволенага збору. Быў прапанаваны наступны маршрут — вакол плошчы вуліцай Інтэрнацыянальнай, потым па вуліцы Янкі Купалы да цырку і далей па правым баку праспэкту Незалежнасьці арганізавана рушыць да Акадэміі навук.

Намесьнік кіраўніка менскай міліцыі Аляксандар Найдзенка сёньня паведаміў “Свабодзе”, што з усімі, хто прыйдзе на Кастрычніцкую плошчу, супрацоўнікі міліцыі будуць абыходзіцца згодна з заканадаўствам.

“Скажыце, што гэта сказаў намесьнік начальніка ГУУС. Яны ўсе папярэджаныя. Ёсьць рашэньне Менгарвыканкаму — сабрацца на пляцоўцы ля Акадэміі навук і ісьці на плошчу Бангалор. Калі прыйдуць туды, мы будзем дзейнічаць згодна з заканадаўствам Беларусі”.

“А крымінальная справа заведзеная ў сувязі з падрыхтоўкай да акцыі?”

“Заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 343 Крымінальнага кодэксу. Мы проста за гэтую ноч затрымалі сямёх чалавек, якія заклікаюць, распаўсюджваюць, клічуць людзей на Кастрычніцкую плошчу. Таму яны пойдуць пад гэтую крымінальную справу”, — заявіў намесьнік кіраўніка менскай міліцыі Найдзенка.

"Улада баіцца, што зьбярэцца шмат людзей"

Адзін зь сябраў аргкамітэту ў справе сьвяткаваньня Дня Волі лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч адзначае, што нягледзячы на рэпрэсіі й правакацыі, падрыхтоўка да акцыі працягваецца:

“Я лічу, што інфармаваньне дастатковае. Шырокае распаўсюджваньне інфармацыі. Я найперш кажу пра Менск. Але ўлады робяць усё, каб “разьбіць” тых людзей, што маюць сабрацца. Ідуць правакацыйныя запрашэньні на іншыя месцы, распаўсюджваюцца ўлёткі. Проста ўлада баіцца, што зьбярэцца шмат людзей.

Акрамя таго, ёсьць, канечне, рэпрэсіі, пра якія мы ведаем. Сёньня мы катэгарычна супраць таго, каб зьмяняць месца збору. Павінны мы сабрацца ў адным месцы й мірна прайсьці па горадзе — і сьвяткаваць не паасобку, а ўсе разам”.

Наша даведка: Летась у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы ўнесьлі папраўкі. У артыкул 342 дадалі палажэньне, якое прадугледжвае, што навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама фінансаваньне альбо іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такой дзейнасьці пры адсутнасьці прыкметаў больш цяжкага злачынства будуць карацца арыштам да шасьці месяцаў ці пазбаўленьнем свабоды да двух гадоў.

XS
SM
MD
LG