Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні рэгіянальных актывістаў атрымалі выклікі ў міліцыю і КДБ


Радыё Свабода Супрацоўнікі КДБ і міліцыя працягваюць затрыманьні і перасьлед грамадзкіх актывістаў. Апазыцыйныя палітычныя партыі заяўляюць, што гэта адбываецца паводле загадзя складзеных сьпісаў. Тыя, каго арыштавалі гэтымі днямі, сядзелі ў турмах і год таму.

Другія суткі ў пастарунку Пінскага гарадзкога аддзелу міліцыі трымаюць сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Канстанціна Чувака. Ён патрабуе адваката, бо лічыць арышт незаконным.

Пра гвалт з боку ўлады заяўляе і Аляксандар Бучык з Пружанаў. Сёньня ў ягоную кватэру спрабавалі ўварвацца міліцыянты — і ня толькі яны.

“Зразумеў, што можа адбыцца правакацыя. Прыехалі два пажарныя разьлікі, аўтамабіль міліцыі і аўтамабіль электрасувязі. Забарыкадаваўся ў хаце”, — апавёў актывіст Бучык.

Аляксандар Бучык кажа, што нечаканыя госьці грукаліся ў дзьверы кватэры. Пасьля ўзламалі падвал. Спадар Бучык лічыць, што шукалі ўлёткі й незалежны інфармацыйны бюлетэнь, які ён рэдагуе.

А вось што паведаміў з Баранавічаў Віктар Карлінскі:

“Мне сёньня ўчастковы сказаў, што ёсьць сьпіс тых, хто прыцягваўся менавіта падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Участковы быў сёньня даслоўна ў восем гадзінаў раніцы. Тэлефанаваў некалькі разоў, маю жонку тэрарызаваў. Вось чытаю: “Афіцыйнае папярэджаньне”. Скамечыў — ды ў прыбіральню. Тым ня менш, яны зрабілі з гэтага фэтыш: калі падпішаш, то добры, а калі не падпішаш — пасадзім”.

Паводле падлікаў берасьцейскіх лідэраў апазыцыі, на сёньня ў вобласьці выклікі ў КДБ і міліцыю атрымалі больш за дзьвесьце чалавек. Гаворыць грамадзкі актывіст Андрэй Шарэнда:

“Я лічу, што лепш зьехаць з рэгіёну, бо там хапаюць па адным. Я ўжо ў Менску. Увогуле, дзясяткі, калі ня сотні, так зрабілі. Большасьць вырашае зьехаць”.

Праваабаронца Раман Кісьляк упэўнены, што пісьмовыя папярэджаньні міліцыянтаў ня маюць юрыдычнай сілы, іх ня варта баяцца.

“Мажліва, гэта спроба запалохаць. А яшчэ — спосаб даць справаздачу начальству, што праведзеная адпаведная праца”.

Сёньня ў рэгіёнах Беларусі працягваецца затрыманьні актывістаў апазыцыі. У Салігорску затрыманы Дзяніс Карноў, у Мастах — Алесь Зарамбюк і Зьміцер Кухлей. На гэты момант у Менску, Горадні, Магілёве, Пінску ды некаторых іншых затрыманыя каля дваццаці чалавек.
XS
SM
MD
LG