Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Салігорску прэвэнтыўна затрымліваюць моладзевых актывістаў


Севярын Квяткоўскі, Менск Міліцыя затрымала моладзевага актывіста Дзяніса Карнова. Прадстаўнікі салігорскіх сярэдніх школаў прыходзяць да бацькоў падлеткаў, якія ўдзельнічаюць у грамадзкіх акцыях і патрабуюць падпісаць забавязаньне не пускаць дзяцей на вуліцу 24 і 25 сакавіка.

Сьведкаў затрыманьня Дзяніса Карнова не было. Тлумачыць непаўналетні актывіст Іван Шыла:

Іван Шыла: “Папросту ён пасьпеў даслоўна за хвіліну перад затрыманьнем патэлефанаваць. Сказаў, што ў кватэру ўварваліся супрацоўнікі міліцыі — ён ім адчыніў. Дакладна невядома, за што ён затрыманы, ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Суды звычайна адбываюцца раніцай. Хутчэй за ўсё, суд будзе ў панядзелак 26 сакавіка”.

Да непаўналетніх удзельнікаў дэмакратычнага руху ўжываюць іншыя папераджальныя захады. Далей апавядае Іван Шыла:

Іван Шыла: “Ужываюць такую тактыку: з дырэктарамі, намесьнікамі, сацыяльнымі пэдагогамі абыходзяць бацькоў, і настойліва прапануюць падпісаць паперу пра тое, што дзеці будуць знаходзіцца ў Салігорску 24—25 сакавіка. І проста ў гутарках папярэджваюць, што калі дзеці будуць выходзіць у нядзелю на вуліцу — будуць затрымлівацца міліцыяй”.

Іванаў бацька Ўладзімер Шыла дзеліцца ўражаньнямі ад гутаркі з выканаўцам абавязкаў дырэктара школы, дзе вучыцца яго сын:

Уладзімер Шыла: “Вы робіце насамрэч вельмі брудную працу. Вы, як людзі, маглі сказаць, што ў нас ёсьць сумленьне, і мы адмаўляемся хадзіць па хатах і весьці гутаркі. Бо гэта не ўваходзіць у іхнюю кампэтэнцыю. Яны кажуць — маўляў, гэта наша кампэтэнцыя. Я пытаюся: 25 сакавіка ваша кампэтэнцыя?”

Уладзімер Шыла паведаміў, што ў прыватных гутарках пэдагогі нагадваюць пра новае ў заканадаўстве, паводле якога можна пазбавіць бацькоўства без суду.
XS
SM
MD
LG