Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 красавіка мяняецца парадак выдачы літоўскіх візаў


Ганна Соўсь, Менск Цяпер для атрыманьня аднаразовай візы ў Літву без запрашэньня на тэрмін да 30 дзён неабходна пацьвердзіць, што маеш сродкі для знаходжаньня ў Літве — 40 эўра на дзень. Для гэта можна падаць дарожныя чэкі ці іхныя копіі альбо даведку з банку ці выпіску з крэдытнай карткі, паведаміла “Свабодзе” прэсавая служба амбасады Літвы ў Беларусі.

Пры гэтым асобам, якія выяжджаюць на падставе запрашэньняў, пацьверджаных Дэпартамэнтам міграцыі пры міністэрстве ўнутраных справаў Літвы, паказваць наяўнасьць сродкаў у амбасадзе ня трэба.

Ад 1 красавіка для атрыманьня шматразовай візы трэба будзе зьвяртацца ў консульскую службу Літвы ў межах консульскай акругі, дзе жывуць заяўнікі. Амбасада Літвы ў Менску будзе абслугоўваць ўсіх грамадзянаў Беларусі за выключэньнем тых, хто жыве на Берасьцейшчыне і Гарадзеншчыне.

Таксама ад 1 красавіка ня будуць выдаваць групавых візаў у Літву.

Запрашэньне не патрэбнае грамадзянам Беларусі пасьля 65 гадоў, для наведваньня магілаў родных два разы на год, членам сем’яў асобаў, якія захавалі права на грамадзянства Літвы, а таксама тым, хто мае права на сталае пражываньне ў дзяржавах Эўразьвязу ды яшчэ шэрагу катэгорыяў грамадзянаў.
XS
SM
MD
LG