Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскае гандлёвае пагадненьне сёньня падпісанае ня будзе


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску заплянавана паседжаньне так званага саюзнага Саўміну. З гэтай нагода ў цэнтры сталіцы вывешаныя афіцыйныя сьцягі Беларусі і Расеі, а таксама расьцяжкі з прывітаньнем да яго ўдзельнікаў.

Дакладны час прылёту прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Фрадкова яшчэ невядомы. Гэта зьвязана з тым, што, як перадаюць расейскія мэдыі, "кіраўнік ураду накіруецца ў Менск пасьля таго, як у Маскве у першай палове дня прыме ўдзел у пашыраным паседжаньні калегіі Мінэканомразьвіцьця".

Паводле інфармацыі са Сталага камітэту cаюзнай дзяржавы, у папярэдні парадак дня ўключана больш за 20 пытаньняў, якія тычацца эканамічнай, палітычнай, вайсковай і культурнай інтэграцыі Беларусі і Расеі.

Аднак крыніцы ў Сталым камітэце паведамляюць, што на сёньняшнім паседжаньні ня будзе падпісаны галоўны дакумэнт -- беларуска-расейскае пагадненьне аб мерах па разьвіцьцю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. "Гэтае пытаньне магчыма будзе закранутае толькі ў вузкім коле", -- паведамляе "Интерфакс".

Намесьнік старшыні камісіі ў справах бюджэту, фінансаў і падатковай палітыкі Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец таксама мяркуе, што прэм’еры сёньня не падпішуць гэтага пагадненьня. "Цяпер, калі дачыненьні Беларусі і Расеі набылі збольшага рынкавы характар, для падпісаньня пагадненьня патрэбна спачатку прыняць палітычнае рашэньне. А гэта ўжо прэрагатыва прэзыдэнтаў," -- адзначыў у інтэрвію нашаму радыё Сяргей Скрабец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG