Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэас Грос: на 100% упэўнены – Беларусь будзе ў Эўразьвязе


Алена Струвэ, Менск 25 сакавіка спаўняецца 50 гадоў з дня стварэньня Эўразьвязу. У гэты дзень у сталіцы Нямеччыны кіраўнікі краінаў-сябраў мяркуюць падпісаць бэрлінскую дэклярацыю. Лічыцца, што гэты дакумэнт можа даць штуршок працэсу далейшай эўрапейскай інтэграцыі.

Напярэдадні урачыстасьцяў першае агульнае для Эўразьвязу выданьне “Сafé Вabel”, якое выдаецца на сямі мовах і мае сваю інтэрнэт-вэрсію, прапанавала вядучым эўрапейскім экспэртам даць прагноз: што чакае Зьвяз у наступныя 50 год, наколькі далёка прасунуцца ягоныя межы?

Паводле прафэсара-палітоляга Варшаўскага ўнівэрсітэту Яраслава Петраса, у 2057 тэрыторыя Эўразьвяз будзе ахопліваць, у тым ліку, Беларусь і Ўкраіну. Варшаўскі экспэрт лічыць таксама, што 2057 год стане лёсавызначальным і для Расеі. Расея, нарэшце, вырашыць для сябе, ці хоча яна далучыцца да аб’яднанай Эўропы.

Паводле другога польскага экспэрта, прафэсара Оксфардзскага ўнівэрсытэту і аўтара кнігі “Эўропа як імпэрыя” Яна Зялёнкі, новы, пашыраны да 27 краін, Эўрапейскі Зьвяз мае шмат паралеляў зь сярэднявеччам. У ЭЗ існуюць розныя ўрады і рэжымы (эўра-зона, шэнгенская зона і г.д.), а таксама розныя традыцыі і нормы. Як і сярэднявяковыя княствы Эўразьвяз ня мае ніякіх канчатковых межаў і імкнецца да пашырэньня. Ясна, што да яго далучацца Беларусь, Украіна, Балканы, Турэччына. Ян Зялёнка спасылаецца на колішняга прэм’ера Італіі Сільвіа Бэрлюсконі, які бачыў сярод сябраў ЭЗ Ізраіль ды Расею.

Як паведаміў Свабодзе франкфурцкі палітоляг і аглядальнік нямецкага радыё Райнгард Лаўтэрбах, у гэтыя дні ягоныя калегі рыхтуюць праграму “Эўразьвяз ў 2032 годзе”. У ёй абмяркоўваецца тэма сяброўства Расеі ў гэтай арганізацыі. Зразумела, разглядаецца таксама і сяброўства Беларусі:

“Праўда няясна: ці то ў якасьці рэспублікі, ці то ў якасьці вобласьці. Але пачакаем з прагнозамі. Лепш спытаць, ці будзе яшчэ ЭЗ праз 50 год”.

Паводле спадара Лаўтэрбаха, рабіць прагнозы заўсёды рызыкоўна. Так 50 год таму, ніхто з грамадзянаў НДР ня мог нават уявіць сабе, што Нямеччына ізноў стане адзінай, што на чале яе будзе стаяць жанчына, тым больш з НДР.

Тым часам Андрэас Грос, швэйцарскі дэпутат і палітоляг паводле адукацыі, не баіцца прагназаваць, што ЭЗ, ня гледзячы на цяперашні крызіс, праіснуе і наступнае паўстагодзьдзе, што Беларусь стане сябрам гэтай арганізацыі:

“Абавязкова стане. Наконт Швэйцарыі я ня ўпэўнены. А наконт Беларусі на ўсе 100%. У Беларусі ўсё адбываецца са спазьненьнем на 20-30 год. Лічу, што праз гадоў 50 ня будзе ніякай розьніцы паміж Беларусьсю і Польшчай ці Чэхіяй у пляне палітычных свабодаў і жыцьцёвага ўзроўню. Лічу таксама, што рэжым Лукашэнкі падзе ў бліжэйшыя 15 год, што Беларусь прыме сувэрэннае рашэньне ўступіць у ЭЗ, а яе эканамічныя і палітычныя тэмпы будуць больш хуткія, чым у суседніх эўрапейскіх краінах. А Швэйцарыя так і ня ўступіць у ЭЗ. Тут доўга разважаюць. Швэйцарцы лічаць: калі ў мінулыя 50 год мы дасягнулі ўсяго самі самастойна, тады і ў наступнае паўстагодзьдзе ўсё самі зробім”.
XS
SM
MD
LG