Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У некаторых рэгіёнах Дзень Волі зьбіраюцца сьвяткаваць раней


Уладзімер Глод, Менск На 23 і 24 сакавіка шмат дзе намечаны розныя мерапрыемствы. Гэта тлумачыцца тым, што ў нядзелю значная колькасьць дэмакратычных актывістаў хоча быць на Кастрычніцкім пляцы ў Менску.

Актывіст дэмакратычнага руху з Баранавічаў Віктар Карлінскі гаворыць, што ягоныя сябры з апазыцыйнай кааліцыі будуць адзначаць гэтае вялікае сьвята ўжо сёньня:

"Усе нашы актывісты прыйдуць. Мы зьнялі кафэ, будзем сьвяткаваць гэтую дату для сябе. І гэта адбудзецца 23 сакавіка".

Кіраўнік Берасьцейскай абласной філіі Партыі БНФ Юрась Губарэвіч тлумачыць: партыя цяпер канцэнтруе ўвагу на інфармаваньні насельніцтва пра сэнс Дня Волі:

"У Берасьцейскай вобласьці ў першую чаргу мы заплянавалі мерапрыемствы інфармацыйнага зьместу, а таксама мерапрыемствы культурніцкага характару: сходы, вечарыны, шанаваньне памяці змагароў за Беларусь".

Такога ж кірунку прытрымліваюцца і ў Гомельскай вобласьці. Віктар Раманішка гаворыць, што мерапрыемствы ў рэгіёнах ня будуць масавымі:

"Гэта пераважна будуць карпаратыўныя вечарыны. Ня больш за тое".

Аднак ня ўсюды сьвяткаваць будуць датэрмінова. Прынамсі ў Гарадзенскай вобласьці па-ранейшаму збор аб''яўлены на 25-га сакавіка, паведамляе старшыня абласной філіі Партыі БНФ Сяргей Мальчык:

"Мы ўсе, хто можам, едзем у Менск. Хто ня зможа, дык 25-га ўвечары будзе карпаратыўная вечарына ў цэнтральным парку. А там, гледзячы на сытуацыю, вырашым, што рабіць далей".
XS
SM
MD
LG