Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Мазур: “Я веру ў самаарганізацыю людзей”


Вольга Караткевіч, Прага 33-гадовы Алесь Мазур – выканаўчы дырэктар Асацыяцыі агенцыяў рэгіянальнага разьвіцьця, былы камэндант намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы – госьць “Начной Свабоды”

Караткевіч: Раскажыце пра свае асноўныя абавязкі год таму.

Мазур: Самапрызначыўшыся камэндантам, рэпрэзэнтуючы структуру, якая ініцыявала гэтае намётавае мястэчка, я адказваў за ўнутраны парадак, унутраныя дачыненьні і прапускны рэжым у межах намётавага мястэчка.

Караткевіч: А каму Вы падпарадкоўваліся?

Мазур: Непасрэднага падпарадкаваньня не было, паколькі гэта была самаарганізацыя. Па выніках кампаніі, праведзенай на працягу трох месяцаў да гэтага, нам удалося сфармаваць больш-менш кіруемую структуру, так што мы рабілі ўсё сваімі сіламі. Асабістага падпарадкаваньня не было, але была Рада, у якую ўваходзілі кіраўнікі пэрымэтру і яшчэ некалькі дзейных асобаў.

“Варыянт, што мы прастаім болей, чым адну ноч, мы не разглядалі”

Караткевіч: А як вы арганізоўвалі пастаўку, забесьпячэньне рэчаў, харчоў?

Мазур: Трэба сказаць, што першапачаткова той варыянт, што мы прастаім болей, чым адну ноч, мы не разглядалі, і таму пэўнага пляну забесьпячэньня рэчамі, харчамі мы, шчыра кажучым не прапрацоўвалі. Таму ўсё забесьпячэньне лягеру было на чыстай самаарганізацыі і дзякуючы простым грамадзянам, якія адгукнуліся на нашу просьбу падчас мітынгу, калі мы абвясьцілі, што ўсталяванае намётавае мястэчка.

Караткевіч: Стаўленьне міліцыянтаў да вас было вельмі жорсткім? Ці часам было нейкае разуменьне, іронія?

Мазур: Стасоўна самога лягеру – жорсткіх дзеяньняў супраць удзельнікаў, якія былі ў пэрымэтры, не было. Толькі людзі, якія сыходзілі або намагаліся прайсьці да лягеру, яны зазналі на сабе сьвінскія дзеяньні з боку міліцыі.

“Любыя сытуацыі можна пераламіць на свой бок”

Караткевіч: Які Вам асабіста ўрок дала Плошча?

Мазур: Тое, што трэба быць дастаткова рашучым і што любыя сытуацыі можна пераламіць на свой бок.

Караткевіч: А ці пойдзеце Вы сёлета на акцыю 25 сакавіка?

Мазур: Зразумела. Гэта штогадовае мерапрыемства, гэта сьвята, якое для Беларусі шмат што значыць.

Караткевіч: Ці былі правакатары ў часе намётавага лягеру на Плошчы?

Мазур: Так, безумоўна былі, і было вельмі шмат выпадкаў, асабліва ў апошнюю ноч, калі людзей з пэрымэтру правакавалі на нейкія дзеяньні, каб выклікаць далейшыя адпаведныя дзеяньні міліцыі.

Караткевіч: Ці можаце прыгадаць нейкі камічны выпадак?

Мазур: Ну, можа, не камічны, а хутчэй кур''ёзны, калі адной ноччу на распараджэньне кіраўніка Менскага УУС Куляшова міліцыянты нас забясьпечылі лесьвіцай дзеля таго, каб мы маглі зьняць плякаты, разьмешчаныя на будынку прафсаюзаў, і пасьля мы гэтыя расьцяжкі выкарысталі для агароджы намётавага мястэчка.

“Рэвалюцыі ня робяцца за грошы”

Караткевіч: Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ня раз казалі, што моладзь, якая ідзе на Плошчу ці на акцыю пратэсту, аплочваецца. Што б Вы адказалі людзям, якія ў гэта вераць?

Мазур: Грамадзкія ўзрушэньні, рэвалюцыі ня робяцца за грошы. Сама сытуацыя, сацыяльнае напружаньне вымагае дзеяньня людзей, і людзі проста адэкватна на гэта рэагуюць.

Караткевіч: Днямі на Радыё Свабода адбылася онлайн-канфэрэнцыя з адным з арганізатараў сьвяткаваньня Дня Волі Віктарам Івашкевічам. І было вельмі шмат крытычных заўвагаў і закідаў, расчараваньняў з прычыны нерашучасьці лідэраў апазыцыі. Вы пагаджаецеся з такой крытыкай?

Мазур: Фактычна так. Асноўная праблема нашых палітыкаў у тым, што яны ў крытычных сытуацыях не бяруць на сябе адказнасьць. Хоць бы тое, што калі ўжо быў пастаўлены намётавы лягер, наш пасланец Вячаслаў Сіўчык, які пайшоў абвясьціць пра гэта, гадзіну ня мог прабіцца да мікрафона, яму проста не давалі слова.

Караткевіч: Які Ваш прагноз на сёлетнюю акцыю 25 сакавіка? Прыйдуць людзі?

Мазур: Гледзячы па атмасфэры ў грамадзтве, думаю, людзей будзе шмат. Калі рабіць прагноз, дык акцыя мусіць быць вельмі мірная. Але з увагі на тую атмасфэру, якая цяпер ёсьць у Менску – вось я вяртаюся са Сьветлагорску, людзі там настроеныя на паездку сюды, думаю, што людзей будзе шмат.

“Я паводле перакананьняў анархіст”

Караткевіч: Алесь, апрача таго, што Вы – былы камэндант намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы, з усяго спэктру Вашай грамадзкай дзейнасьці – Вы займаліся і газэтай “Навінкі” – што для Вас было самым цікавым?

Мазур: Апроч выдавецкіх праектаў мы займаліся яшчэ і праектамі экалягічнымі – была мэдыйная кампанія, калі пачалася высечка лясоў у Белавескай Пушчы і Прыпяцкім запаведніку. Можа быць, гэта.

Караткевіч: А можаце расказаць пра Асацыяцыю агенцыяў рэгіянальнага разьвіцьця, дзе Вы – выканаўчы дырэктар?

Мазур: Гэтая структура была створаная год таму – у яе ўваходзяць арганізацыі з рэгіёнаў, якія паставілі сабе за мэту падрыхтоўку кадраў - на выпадак зьмены сытуацыі – якія маглі б выконваць функцыі выканаўчай улады ў сябе на месцах. Людзі займаюцца адукацыяй, падрыхтоўкай кадраў, перамовамі зь сёньняшняй уладай, ну і разьвіцьцём самога грамадзянскага сэктару – мясцовага друку, грамадзкіх арганзіацыяў.

Караткевіч: А ў што Вы верыце?

Мазур: Я паводле перакананьняў анархіст і веру ў самаарганізацыю людзей, веру ў тое, што самаарганізацыя дазволіць зрушыць грамадзкія працэсы ў кірунку прагрэсу.
XS
SM
MD
LG