Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі Зьвяз сьвяткуе 50-годзьдзе


Юрась Бушлякоў, Прага Эўрапейскі Зьвяз адзначыць у найбліжэйшую нядзелю, 25 сакавіка, сваё 50-годзьдзе. Пышныя сьвяткаваньні з нагоды юбілею пройдуць у Бэрліне

Ад "шасьцёркі" да 27-і

Блёк, у складзе якога цяпер 27 дзяржаваў, запачаткавалі ў 1957 годзе ў Рыме. Высокія прадстаўнікі Францыі, Нямеччыны, Нідэрляндаў, Бэльгіі, Люксэмбургу і Італіі сабраліся 25 сакавіка 1957-га ў італьянскай сталіцы, каб падпісаць Рымскі дагавор, заклаўшы тым самым Эўрапейскую эканамічную супольнасьць – папярэдніцу сёньняшняга Эўразьвязу.

Заснаваная 50 гадоў назад Эўрапейская эканамічная супольнасьць прадугледжвала стварэньне супольнага рынку, угрунтаванага на “чатырох свабодах”: свабодзе перамяшчэньня тавараў, паслуг, капіталу і людзей.

Пасьля 1957 аб’яднаная Эўропа прайшла на сваім шляху шмат важных этапаў. Адным з найважнейшых стала падпісаньне ў 1992 годзе Маастрыхцкага дагавору, рэалізацыя якога вяла да палітычнага і манэтарнага зьвязу і значнага пашырэньня блёку ў 2004 годзе.

Аднак якраз уступленьне ў Эўразьвяз 10 новых чальцоў прычынілася да глыбокіх супярэчнасьцяў унутры блёку, да глыбокіх разыходжаньняў адносна яго будучага разьвіцьця.

Незадаволеных унутры Эўразьвязу более

Паводле апытаньня, вынікі якога апублікаваныя днямі ў газэце “Financial Times”, 44 працэнты грамадзянаў Эўразьвязу лічаць, што іх жыцьцё пагоршылася пасьля таго, як іхная краіна ўступіла ў блёк. Парадокс у тым, што Эўрапейскі Зьвяз як міждзяржаўнае ўтварэньне больш пазытыўна ацэньваюць не грамадзяне яго краінаў, а людзі, якія жывуць па-за яго межамі.

Выступаючы на пачатку сакавіка на саміце Эўразьвязу, прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу змушаны быў прызнаць, што ў цяперашняй сытуацыі сам сэнс існаваньня блёку рызыкуе апынуцца пад пагрозаю: “Мы можам не пагаджацца тут ці там, але мы павінны абараніць гэты эўрапейскі інтэграцыйны праект”.

Ці пярэчыць пашырэньне "паглыбленьню"?

Ёсьць шмат меркаваньняў аб тым, што тармозіць Эўразьвяз. Аднак амаль усе пагаджаюцца ў галоўным: разьвіцьцё Эўрапейскага Зьвязу ўскладнілася пасьля яго пашырэньня ў 2004-м. Адчуваньне няўпэўненасьці і небясьпекі, тлумачанае пашырэньнем блёку, прывяло да францускага і галяндзкага “не” на рэфэрэндумах па пытаньні эўрапейскай канстытуцыі. Гучаць галасы, што “паглыбленьне” зьвязу пала ахвяраю яго “пашырэньня”.

У падрыхтаванай да юбілею Зьвязу трохстаронкавай дэклярацыі ўжо нічога не гаворыцца пра будучае далейшае пашырэньне блёку. Сярод краінаў-чальцоў блёку няма згоды адносна таго, калі адбудзецца і ці адбудзецца ўвогуле далучэньне да Эўразьвязу сямі цяперашніх прэтэндэнтаў.

Днямі камісар Эўрапейскага Зьвязу ў пытаньнях пашырэньня блёку Олі Рэн зрабіў рэдкую спробу паставіць супярэчнасьці ў шырэйшы кантэкст.

“Я думаю, – сказаў Рэн, выступаючы на канфэрэнцыі ў Брусэлі, – варта прыгадаць, хто трыюмфаваў 1-га і 3-га чэрвеня 2005-га – пасьля францускага і галяндзкага рэфэрэндумаў. Хто трыюмфаваў у паўднёва-ўсходняй Эўропе, на ўсходзе Эўропы? Радыкалы ў Турэччыне, у Сэрбіі, панславісты ў Расеі. Чаму? Бо яны падумалі, што Эўрапейскі Зьвяз стаў занадта слабы і занадта засяроджаны на сабе для таго, каб распаўсюджваць на суседзяў свой мяккі патэнцыял пераўтварэньняў”.

Гэты голас – сярод тых, якімі робяцца спробы ўратаваць прынцыпы і намеры, сфармуляваныя ў асноватворных дакумэнтах Эўрапейскага Зьвязу – блёку краінаў, што на фоне ўнутраных супярэчнасьцяў адзначае сваё 50-годзьдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG