Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 22 сакавіка


Зьміцер Падбярэскі, Менск

У суполцы Жывога журналу by_politics kostus нагадвае: “Сёньня спаўняецца 143 гады, як у Вільні быў пакараны сьмерцю герой паўстаньня супраць расейскага панаваньня Кастусь Каліноўскі. У гэты ж дзень у 1994 годзе Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня зацьвердзіў вышэйшую ўзнагароду краіны ордэн Кастуся Каліноўскага. У ноч на 22 сакавіка 2006 году Кастрычніцкі пляц Менску абвясьцілі пляцам Кастуся Каліноўскага».

Ва ўласным дзёньніку Нікалаеў зьмясьціў парады Беларускага Хэльсынскага камітэту «Што рабіць, калі вас затрымалі ды ўважаюць за правапарушальніка?». Сярод парадаў ёсьць і такая: “Патрабуйце скласьці пратакол Вашага затрыманьня. Зь яго можна высьветліць прычыны, месца і час затрыманьня. Адміністратыўнае затрыманьне асобы, якая зьдзейсьніла правапарушэньне, можа працягвацца ня болей за тры гадзіны. Але калі адсутнічае пратакол затрыманьня, міліцыя можа трымаць Вас і болей за тры гадзіны. Потым нічога не дакажыце. У аддзяленьні адразу папрасіце паведаміць Вашым сваякам пра затрыманьне. Хутчэй за ўсё Вам адмовяць. Ні ў чым і ніколі не прызнавайцеся. Не масьціце сваімі рукамі сабе дарогу ў турму ці да буйнай кары. Пры адміністратыўным правапарушэньні дзейнічае прэзумпцыя невінаватасьці. Гэта значыць, што Вы не павінны даказваць сваю невінаватасьць. Такі абавязак ляжыць на тых, хто Вас затрымаў”.

На сайце Беларускага блогінгу vladus распачаў дыскусію на тэму палітыкі. vladus станоўча ацэньвае цяперашні стан Беларусі. Яму адказвае bur_ii: “З таго, што быдла дарвалася да ўлады, яна мне, улада, ня моцна падабаецца. Зьнявага і прыніжэньне чалавека, які ніжэй за яе, зрабілася ня тое каб нормой, а такім вось аўтарытэтным паказчыкам улады. Нешта не прыгадваю, каб хоць хто-небудзь з расейскага ўраду, прыкладам, прэзыдэнт "тыкаў" і падвышаў голас на не тое каб чалавека старэйшага, але й падначаленага. Але ж у нас гэта паказваюць па ТБ».

Сайт народных навінаў Віцебска сёньня паведаміў: «Павал Кежа, які колькі дзён таму перамог у рэаліты-шоу «Зорны цырк» і атрымаў галоўны прыз — новенькую «Пэжо-207», сутыкнуўся з фінансавымі праблемамі. Справа ў тым, што ў нашай краіне прызы не абкладаюцца падаткам, калі іх кошт меньшы за 4 мільёны 650 тысячаў рублёў (150 базавых велічыняў). Машына каштуе больш за 13 тысячаў эўра, значыць, плаціць падатак Павел мусіць — каля 3500 эўра. Віцебскі настаўнік беларускай мовы і літаратуры ў месяц зарабляе каля 700 тысячаў беларускіх рублёў. Значыць, каб разлічыцца за прыз, ён мусіць адкладаць усю сваю зарплату амаль год».

Сайт «Стартавая старонка Беларусі» зьмясьціў сёньня інфармацыю пра тое, што кіраўнік турэцкага фонду сьвятога Мікалая Муамер Карабулут заявіў, што ягоная арганізацыя раскрыла сакрэт рэцэпту «Кока-Колы»: «Формулу "Кока-Колы" мы зьведалі, калі вывучалі матэрыялы, якія на працэсе, што адбываўся ў судзе па справах спажыўцоў Антальі, паказалі адвакаты кампаніі... Дзеля здароўя нашых дзяцей мы хочам ведаць, якія канкрэтна рэчывы выкарыстоўваюцца для вырабу напоя, ці не зьяўляюцца яны шкоднымі». Паводле Муамера Карабулута, рэцэптура напою выглядае так: цукар, фосфарная кіслата, кафэін, карамель, двувокіс вугляроду і экстракт "Кока-Колы"».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG