Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэлігія і рок-музыка


Кастусь Бандарук, Прага У сярэдзіне сакавіка, у якасьці дадатку да шматтыражнага каталіцкага тыднёвіка “Famiglia Christiana” выйшаў зборнік казаняў, прамоваў, лістоў і ўспамінаў Бэнэдыкта XVI пад загалоўкам “ Ян Павал ІІ -- мой ўлюблены папярэднік”. Сярод шматлікіх цёплых слоў пра пантыфікат і асабістыя рысы характару Яна Паўла Другога, Бэнэдыкт XVI крытычна ацэньвае спробы скарыстаць Царквою поп-культуру, у прыватнасьці рок-музыку, у місіянэрскіх мэтах, дзеля прыцягненьня моладзі.

Бэнэдыкт Шаснаццаты, які сам адпачывае граючы на фартэпіяна Баха альбо Моцарта, не хавае сваёй антыпатыі для спробаў прымірэньня Царквы з поп-культурай. Летась ён працівіўся скарыстоўваньню ў часе багаслужбаў сучасных, электрычных інструмэнтаў і заклікаў да вяртаньня да традыцыйнай музыкі. «Літургія -- гэта ня тэкст п''есы, а алтар -- гэта ня сцэна» -- сказаў Бэнэдыкт. Ён назваў масавыя згуртаваньні фанаў рок-музыкі відам сатанінскага культу, які супярэчыць хрысьціянскаму культу. Папа ўціхую адмяніў штогадовы рок-канцэрт, які павінен быў адбыцца ў Ватыкане.

Назіраючы такую рэзкую крытыку, ці можна казаць, што нешта зьмянілася ў стаўленьні Царквы, у прыватнасьці Ватыкану і новага Папы да сучаснай, моладзевай музыкі? Вось што кажа айцец Андрэй Крот з грэка-каталіцкай царквы ў Горадні.

"Не. Я не адчуваю, што ёсьць нейкая зьмена стаўленьня да моладзевай культуры. Істотных зьменаў ў апошні час я не адчуваю. Таксама, як і раней, Каталіцкая царква адкрытая на моладзевую культуру і на моладзь. І для моладзі шукае ў нашым душапастырстве адпаведных формаў. Я думаю, што сама па сабе рок-музыка не нясе ў сабе нейкага нэгатыву, альбо пазытыву, як дарэчы і кожная музыка. Яна ня можа быць шатанскай альбо божай. Проста ёсьць людзі, якія ствараюць гэтую музыку, і адпаведна, ад іхняга ладу жыцьця, ад іхняй духоўнасьці, будзе залежаць і духоўнасьць той музыкі. якую яны ствараюць. Калі гэта хрысьціяне, людзі добрай волі, і яны пішуць рок-музыку, дык гэта музыка нясе ў сабе дабро, нясе ў сабе духоўнае. Калі ж гэта людзі якія, як гэта часта бывае сярод рок-музыкантаў, ўжываюць наркотыкі, злоўжываюць алькаголем, вядуць немаральны стыль жыцьця, дык адпаведна і музыка будзе такою ж".

А вось меркаваньне каталіцкага сьвятара зь Менску, айца Аляксандра Амяльчэні:

"Я думаю, што мэтай Папы Бэнэдыкта Шаснаццатага было крытычнае стаўленьне да рок-музыкі ў Літургіі. На ягоную думку, на думку сучаснага Касьцёла, літургічная музыка грае асаблівую ролю. Літургія -- гэта час, гэта месца, гэта спосаб яднаньня чалавека з Богам. Гэта месца, дзе павінна існаваць і існуе гармонія паміж Богам і чалавекам. Кожны элемэнт Літургіі павінен адпавядаць гэтай гармоніі спрыяць ёй. Усё ж такі трэба разьдзяліць, ясна правесьці мяжу паміж сучаснай музыкай і музыкай набажэнства. Я думаю, што вось гэтае крытычнае, нават радыкальнае сьцьверджаньне Бэнэдыкта Шаснаццатага мела зьвярнуць увагу на тое, што музыка грае сапраўды сур''ёзную ролю. Яна можа ўзносіць чалавека на вяршыні духоўнасьці і можа таксам спрыяць дэградацыі чалавека”.

Праціўнікі сучаснай музыкі адкрытым тэксам кажуць пра яе разбуральны ўплыў. Маўляў – зірніце, як выглядаюць і як сябе паводзяць фаны року, асабліва так званага “цяжкага року”. Шмат для каго гэтая музыка прапагандуе поўную разьняволенасьць, яна асацыюецца з ўседазволенасьцю, распустай, сэксам, наркотыкамі і гэтак далей. Вось што на гэта кажа рок-музыка Лявон Вольскі:

"Вы гаворыце, што сучасная музыка -- рок-музыка – асацыяюецца з дрэннымі рэчамі, але ў наш час гэта такое ж самае, роўнавартаснае мастацтва, як і напрыклад літаратура. Літаратура таксама можа чалавека прывесьці да нейкіх спакусаў, можа прапагандаваць той жа самы сэкс, гвалт, наркотыкі. Яна таксама карыстаецца вялікай папулярнасьцю. Гледзячы што творца хоча сказаць. Ёсьць людзі, якія ня маюць ніякіх бар''ераў, межаў. Займаюцца прапагандай, напрыклад, сябе. Тут трэба вельмі думаць. Калі ты пішаш тэкст, ствараеш песьню, каб гэта не павяло за сабою нейкіх нэгатыўных наступстваў для тых людзей, якія цябе слухаюць"

Дасьледчык Джэралд о''Конэл лічыць, што стаўленьне каталіцкай Царквы да поп-культуры сапраўды зьмянілася -- сярод іншага, у сувязі з крытыкай заходняга матэрыялізму, сэкулярызацыі і спажывецкага ладу жыцьця з боку ісламскага сьвету. Ёсьць пэўныя сыгналы, што каталіцкая Царква ўспрымае ранейшыя спробы прымірэньня моладзевай культуры з царкоўным веравучэньнем як памылковыя. На старонках “National Catholic Register” прадстаўнік Ватыкану ясна заявіў: “Тое, ад чаго мы павінны адмовіцца ня толькі цяпер, падчас Вялікага Посту, але і назаўсёды -- гэта выраджэньне поп-культуры, у прыватнасьці музыкі. Мы абавязаны адмовіцца ад тых яе аспэктаў, якія дэгенэраваліся. Некаторыя формы сучаснага мастацтва наагул ператварыліся ў кляаку, адстойную яму".

Крытычныя заўвагі наконт рок-музыкі не зьмяняюць той факт, што цэрквы скарыстоўвалі і скарыстоўваюць яе ці ў царкве, ці ў сваіх місіянэрскіх мэтах па-за багаслужбай. У 1997 годзе Ян Павал ІІ, разам з 50-цю кардыналамі, узяў удзел у канцэрце амэрыканскага рок-сьпевака Боба Дылана. Дылан, у каўбойскім капелюшы, у пінжаку вышытым бліскаўкамі з горскіх крышталяў, прасьпяваў свае старыя гіты “Knockin on Heaven''s Door”, “Forever Young”, “Blowin'' in the Wind”.

Затым сьпявак зьняў капялюш, падышоў да Папы і паціснуў яму руку. Ян Павал ІІ выступіў з казаньню да 300-тысячнага натоўпу маладых слухачоў. Цытуючы словы песьні Дылана, ён сказаў: “ Ты пытаеш -- колькі дарог трэба прайсьці чалавеку каб звацца чалавекам”, а я адказваю “ Толькі адну: дарогу Хрыста, Які сказаў” Я дарога, праўда і жыцьцё”. “ Які адказ нясе вецер? “ Дыханьне і голас Духа, які кліча “ прыйдзі”.

Меркаваньне каталіцкага сьвятара зь Менску, айца Аляксандра Амяльчэні:

"Касьцёл-каталіцкая царква -- для ўсіх. Яна для тых, хто любіць клясычную музыку, для тых, хто любіць грыгарыянскія харалы, і для тых, хто любіць і да каго прамаўляе рок-музыка. Трэба сказаць ясна і адкрыта, што ёсьць пэўная катэгорыя веруючых людзей, асабліва сярод моладзі, для якіх рок-музыка грае вялікую ролю ў іхным жыцьці. Ёсьць хрысьціянскія рок-гурты, якія цудоўна эвангелізуюць сёньняшнюю моладзь, хаця б на прыкладзе той жа Італіі, Нямеччыны і Польшчы».

Калі Ян Павал ІІ ўзяў удзел у рок-канцэрце з удзелам Лу Рыда, Аланіс Марысэт і Eurythmics, біскуп Фэрнанда Карье заявіў:“ Не зьдзіўляйцеся. Рок -- гэта сучасная форма экспрэсіі, асабліва блізкая моладзі. Усе формы чалавечай творчасьці маюць сваю каштоўнасьць і заслугоўваюць павагі. Я не думаю, што існуе нейкі рок, які паходзіць ад д''ябла”.

Рок-музыка Лявон Вольскі гаворыць пра беларускія спробы спалучэньня сьвецкай музыкі з рэлігійнымі ідэямі

"Мы маем у Беларусі вялікі досьвед спалучэньня рэлігіі з рок-музыкай, пры тым даволі цяжкай, асабліва сярод розных пратэстанцкіх плыняў. Ёсьць такі даволі папулярны сярод шырокіх масаў гурт "Новы Ерусалім". Яны, на мой погляд, зрабілі правільна, што пачалі сьпяваць ня толькі пра выратаваньне душы, што ня кожнаму звычайнаму чалавеку зразумела, але пачалі пісаць даволі тонкія тэксты, у якіх ёсьць рэлігійныя водгукі. Я магу казаць паводле свайго досьведу. Вось ня так даўно ў каталіцкай парфіі ў Малінаўцы ў Менску малады сьвятар запрасіў некаторых беларускіх рок-музыкаў, проста пад гітару, зайграць для парафіянаў маленькія канцэрцікі каляднага рэпэртуару. Мы з адказнасьцю падышлі да гэтага рэпэртуару. І яшчэ мы рабілі сумесны музычны праект " Сьвяты вечар -- 2000". Нам дапамагалі людзі з Касьцёлу, давалі тэксты, ноты песьняў”.

"Што тычыцца Праваслаўнай Царквы, дык яна ў прынцыпе ня супраць інструмэнтальнай музыкі, бо і ў псалме гаворыцца: "Хвалеце Госпад гукам трубным, хвалеце Яго на псалтыры і арфе, хвалеце Яго тымпанам і танцам, хвалеце Яго струнамі і арганам, хвалеце Яго гучнымі кімваламі… усё, што дыхае няхай славіць Госпада» (Пс.150) Аднак Праваслаўная Царква традыцыйна аддае перавагу шматгалоснаму сьпеву без інструмэнтаў. У час, калі фармаваўся ўсходні абрад, інструмэнтальная музыка была неад''емным элемэнтам паганскіх абрадаў і таму Царква вырашыла правесьці выразную рысу паміж ёю і хрысьціянскай богаслужбай.

Праваслаўная Царква зыходзіць з таго, што чалавечы голас без пасярэдніцтва мэханічных прыладаў лепей выказвае чалавечыя пачуцьці, а сьпеў зьяўляецца найвышэйшай формай малітвы. Вось што кажа айцец Андрэй Крот з грэка-каталіцкай царквы ў Горадні, якая карыстаецца ўсходнім абрадам.

"Склалася ў нас такая традыцыя, што ў нас пераважае вакальнае выкананьне і для мяне гэта прыгожа, натуральна. Я не хацеў бы каб падчас Ліітургіі ў нас зьявіліся музычныя інструмэнты, але магу маліцца таксама і пад гітарныя гукі на нейкіх моладзевых, паралітургічных набажэнствах, ці пад гукі аргану, калі я трапляю ў рыма-каталіцкі касьцёл. Пытаньне проста тычыцца той формы, у якой гэта ўжываецца".

6 гадоў таму грэцкія манахі заснавалі рок гурт. Епіскапы насьцярожана паставіліся да гэтага сьмелага праекту, але альбом "Я навучыўся жыць свабодным" стаў адкрыцьцём году, а кампакт-дыск атрымаў статус "плятынавага". У сваіх песьнях манахі асуджалі ўладу капіталу, глябалізацыю эканомікі, наркотыкі і хцівасьць вялікага бізнэсу. Манахі сьпявалі пра залежнасьць чалавека ад сучасных тэхналёгіяў, аб тым, што цяжка захаваць вобраз Божы і не стаць жывым робатам. Пасьля гэтага посьпеху Архіепіскап Хрыстадул заявіў, што ў наш час і стадыёны павінны быць полем для місіянэрства.
XS
SM
MD
LG