Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cёньня -- Ўсясьветны дзень інвалідаў


Ігар Карней, Менск Cёньня -- Ўсясьветны дзень інвалідаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі блізу паўмільёна інвалідаў. Зь іх 30 тысяч – маладыя людзі ва ўзросьце да 18 гадоў, яшчэ 4 тысячы – дзеці. Штогод інвалідамі ў Беларусі становяцца каля 50 тысяч чалавек.

У Беларусі абаронай правоў людзей з паталёгіямі займаюцца Беларускае таварыства інвалідаў, Асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў, а таксама Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.

Старшыня Цэнтральнага савету асацыяцыі інвалідаў у вазках Сяргей Драздоўскі кажа, што лічбы афіцыйнай статыстыкі пра колькасьць інвалідаў у Беларусі заніжаныя як мінімум удвая:

“Людзей з прагрэсуючымі паталёгіямі блізу 10% у любым грамадзтве, незалежна ад сацыяльнага клімату. Гэта ўсясьветная норма. Але ў нас рэаліі такія, што чалавек часта ня можа атрымаць інваліднасьць, таму што мэдыкам трэба трымаць справаздачу пра тое, што яны яго рэабілітавалі. Вось такая сыстэма. Мэдыкі самі прыдумваюць гэтыя нормы і самі рапартуюць. Лекарам невыгодна прызнаваць чалавека інвалідам. Паводле існуючай ідэалёгіі, яны абавязаныя інваліда лекаваць далей, клапаціцца пра яго. А гэта, натуральна, нікому не патрэбна. Таму лёгкія формы інваліднасьці ўсялякімі спосабамі хаваюцца”.

Выдаткі на жыцьцё ў інвалідаў часта большыя, чым у здаровых людзей. Вазкі, лекі, паслугі сядзелкі – ўсё гэта патрабуе вялікіх сродкаў. Між тым, пэнсіі хапае хіба толькі на аплату камунальных паслугаў ды тэлефону. Падчас вандроўкі ў Белаазёрск я завітаў да паэткі Ніны Мацяш. Толькі некалькі гадоў таму, як кажа спадарыня Мацяш, у яе “рассунуліся сьцены”: дзякуючы сябрам зьявіўся вазок з электрапрыводам, які стаўся істотнай палёгкай прыкаванай да крэсла жанчыны. Але Ніна Мацяш па-ранейшаму жыве са сьціплай пэнсіі.

“Так, толькі пэнсія. Прычым, гэтая пэнсія ў мяне па інваліднасьці. У мяне ёсьць нейкія і заслугі, і прэміі, я заслужаны дзеяч мастацтваў. Але ўсе яны меншыя, чым пэнсія інвалідная. Спачатку я атрымлівала пэнсію як заслужаны дзеяч мастацтваў, але потым мне патэлефанавалі з пэнсійнага аддзелу і кажуць: Ніна Язэпаўна, можа давайце вазьміце вы даведку, што ўсё ж у вас першая група, вам тады будзе больш трошкі”.

Карней: “А вось Вашы працы прыносяць нейкі матэрыяльны здабытак?”

“Калі б яны друкаваліся, то, канешне, нейкі здабытак і мелі б. А так жа, ну што? Выпусьціла я кніжкі, дык на гэтыя кніжкі склаліся прадпрыемствы. Значыць, яны безганарарныя, прыватныя выдавецтвы іх выпусьцілі. А пэрыядычныя нейкія публікацыі? Дык якія ж у нас ганарары?”

Часам пацьвердзіць, што ты інвалід і, адпаведна, мае права на пэнсію, ня так проста. Як кажа Сяргей Драздоўскі, часта сытуацыі даходзяць да абсурду:

“Пра што можна казаць, калі чалавеку з ампутаванай нагой, скажам, да калена, даводзіцца кожныя два гады праходзіць новую праверку, пераконваць, што ён сапраўды інвалід. Відавочна ж, што нага ўжо не адрасьце, але вось такая рэальнасьць. І гэта я кажу пра відавочныя факты. А пры больш схаваных формах даказаць штосьці часта і немагчыма”.

Інваліды кажуць, што маглі б самі зарабляць сабе на жыцьцё. Аднак колькасьць працоўных месцаў, дзе могуць прыдацца людзі ў вазках, мінімальная. У 90% выпадкаў інвалід ня можа самастойна выйсьці з дому, ня мае магчымасьці наведваць крамы і грамадзкія прыбіральні.

Іван Макараў колісь быў кіроўцам фуры, шмат езьдзіў па Заходняй Эўропе. Пасьля траўмы, атрыманай у аварыі, з аўто перасеў у вазок. Цяпер ён параўноўвае беларускія і эўрапейскія рэаліі:

“Толькі цяпер ацаніў: і што аўтобусы там на прыпынках кладуцца “на пуза”, і што абсталяваныя прыбіральні літаральна на кожным кроку. І ўсё бясплатна. А што ў Менску? Прыбіральні ўмацаваныя як ваенныя форты – альбо глыбока ў падвалах, альбо дзесьці ўгары. Я ўжо не кажу пра тэхнічныя характарыстыкі мыліцаў ды інвалідных вазкоў. Сядзі дома ды плач сабе ў анучу…”

Паводле заканадаўства, інваліды ў Беларусі маюць шэраг ільготаў. Самыя распаўсюджаныя – зьніжкі на праезд у грамадзкім транспарце і ў аплаце камунальных паслугаў. Пэўныя катэгорыі інвалідаў маюць права на бясплатныя лекі. Дзеці-інваліды маюць права на бясплатныя лекі. Інваліды І і ІІ групы набываюць лекі з 90-працэнтнай зьніжкай, інваліды ІІІ групы – за палову кошту.
XS
SM
MD
LG