Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Гарэцкі абвясьціў галадоўку пратэсту


Любоў Лунёва, Менск Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Барыса Гарэцкага суд Першамайскага раёну Менску арыштаваў на 12 сутак. Хлопца абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Паводле міліцыянтаў, 21 сакавіка ён ішоў па вуліцы і гучна лаяўся. Паплечнікі Барыса Гарэцкага чакалі яго ад дзявятай раніцы каля будынку суду на вуліцы Талбухіна і каля будынку ЖЭСу на вуліцы Астрашыцкай, дзе месьціцца кабінэт судзьдзі ў адміністрацыйных справах.

Калі ў часе абедзеннага перапынку амаль усе сышлі, Барыса прывезьлі ў суд і судзьдзя разгледзеў адміністрацыйны пратакол.

Міліцыянты, якія 21 сакавіка затрымлівалі Барыса, былі адзінымі сьведкамі ў судзе. Яны затрымалі хлопца на вуліцы. Праверылі ўсе рэчы ў заплечніку, і калі знайшлі там інфармацыйныя матэрыялы, прысьвечаныя акцыі 25 сакавіка, Барыса адвезьлі ў дзяжурную частку міліцыі. Там на яго склалі пратакол за дробнае хуліганства.

Паводле міліцыянтаў, хлопец ішоў па вуліцы і нецэнзурна лаяўся. Згодна з новым Адміністрацыйным кодэксам, міліцыянты мусілі знайсьці сьведак правапарушэньня. У судзе яны казалі, што на вуліцы Валгаградзкай, дзе шмат прадпрыемстваў і крамаў, а пятай вечара не было мінакоў.

Судзьдзя Юры Гарбатоўскі пакараў Барыса арыштам на 12 сутак.

Брат Гарэцкага Канстанцін пракамэнтаваў прысуд “Свабодзе”:

“Мой брат ужо ня першы раз будзе адбываць арышт, але шторазу гэтая гісторыя выглядае ўсё больш цынічна й нават камічна. Затрымалі міліцыянты ў цывільным. Ён папросту ішоў па вуліцы з пакункам у руках. Яны вырашылі праверыць рэчы — відаць, сачылі за ім. Пра рэчы, што знайшлі ў пакунку, у пратаколе нават не пісалі. Знайшлі ў яго інфармацыйныя матэрыялы да 25 сакавіка. Абвінавацілі, што на вуліцы буяніў, гучна лаяўся… Гэта прэвэнтыўнае затрыманьне, каб актывіст не патрапіў 25-га на плошчу”.

Барыс Гарэцкі пасьля абвяшчэньня прысуду на знак пратэсту абвясьціў галадоўку.

Тым часам маладафронтаўца Алега Корбана супрацоўнікі міліцыі Партызанскага раёну Менску завезьлі ў міліцыю. Як паведамілі паплечнікі Алега, пасьля допыту міліцыянты запатрабавалі, каб той падпісаў паперы пра тое, што папярэджаны аб адміністрацыйнай адказнасьці, калі будзе ўдзельнічаць у апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка.

Міліцыянты намагаліся раніцай трапіць у кватэры яшчэ некалькіх моладзевых актывістаў, але ім не адчынілі дзьвярэй.

Насту Палажанку затрымалі, калі яна выходзіла з кватэры, ішла ў гімназію. Яна адмовілася ехаць у пракуратуру, спаслаўшыся на тое, што канец чвэрці і трэба быць на занятках. Наста распавяла “Свабодзе”, што наведала пракуратру Першамайскага раёну ў 15 гадзінаў.

“Мне вынесьлі афіцыйнае папярэджаньне наконт 25 сакавіка. Мне растлумачылі, што ў гэты дзень я не павінна быць на плошчы, бо акцыя несанкцыянаваная. Казалі, што, калі я парушу гэтае папярэджаньне, да мяне будуць ужытыя санкцыі, прадугледжаныя Адміністрацыйным кодэксам. Я лічу, што гэта ёсьць чарговай спробай запалохаць моладзь напярэдадні вясновых акцыяў, бо калі мяне затрымаюць, то ўсё роўна будуць ужытыя санкцыі”.

Міліцыянты цягам сутак затрымалі каля дзясятка маладафронтаўцаў і сяброў руху “За свабоду”. Яны наведваюць актывістаў дома, а таксама затрымліваюць на вуліцы. Міліцыянтаў цікавяць сьцягі і ўлёткі з заклікам прыйсьці на плошчу 25 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG