Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абласная друкарня адмовілася друкаваць "Витебский курьер"


Радыё Свабода Як кажа галоўны рэдактар выданьня Уладзімер Базан, сёньня прадстаўнікам рэдакцыі паведамілі, што друкарня адмаўляецца супрацоўнічаць зь недзяржаўнай газэтай. Прычынаў адмовы адміністрацыя друкарні не патлумачыла, адно спаслалася на тое, што "Витебский курьер" мае грашовыя пазыкі.

Усе пазыкі выданьне абяцала кампэнсаваць цягам двух тыдняў, але ў друкарні сказалі, што адмова "Витебскому курьеру" ёсьць прынцыповай пазыцыяй дзяржаўнай установы.

Паводле Уладзімера Базана, гэтая пазыцыя цалкам адлюстроўвае стаўленьне дзяржавы да непадуладных выданьняў па ўсёй Беларусі і ў Віцебску ў прыватнасьці. Нагадаем, што дагэтуль "Витебский курьер" можна было набыць толькі ў прыватных распаўсюднікаў, бо "Белсаюздрук" ужо амаль год як адмовіўся распаўсюджваць недзяржаўную газэту. Апрача гэтага, калектыву рэдакцыі чатыры разы за апошнія два гады давялося пераяжджаць і мяняць юрыдычныя адрасы – таму што ўладальнікі памяшканьняў пад ціскам мясцовых уладаў касавалі з газэтай дамовы пра арэнду.

Такім чынам, заўтрашні нумар "Витебского курьера" чытачы ўжо ня ўбачаць. Але рэдакцыя спадзяецца ўсё ж знайсьці нейкае выйсьце з гэтай сытуацыі, каб адзіная недзяржаўная гарадзкая газэта ня зьнікла назаўсёды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG