Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь трымае эўрапейскі рэкорд у складанасьцях для прадпрымальнікаў”


Віталь Цыганкоў, Менск Якія ўмовы адкрыцьця прыватнага бізнэсу ў Беларусі? Што трэба зрабіць, каб стаць тут прыватным прадпрымальнікамі? Які курс трымае беларуская ўлада датычна дробнага бізнэсу?

Фармальна атрыманьне дазволу на занятак прадпрымальніцкай дзейнасьцю не выглядае вельмі складанай справай — рэгістрацыя каштуе 6 эўра паводле курсу Нацбанку. Але каб пачаць рэальную працу, трэба, напрыклад, атрымаць ліцэнзію на раздробны гандаль, якая каштуе 100 эўра й дзеля якой трэба прайсьці шэраг інстанцыяў.

Пра іншыя складанасьці распавядае індывідуальны прадпрымальнік і юрыст зь Менску, актывіст прадпрымальніцкага руху Сяргей Балыкін:

“Каб зарэгістравацца ў якасьці прыватнага прадпрымальніка, закон дае дваццаць дзён, але рэальна гэта займае месяц ці трохі больш. Таксама каля месяца трэба, каб атрымаць ліцэнзію на раздробны гандаль.

Калі прадпрымальніку патрэбны банкаўскі рахунак, то працэдура гэта даволі складаная і дарагая. Для гэтага спачатку патрэбна атрымаць дазвол ад падатковай інспэкцыі — гэта адна базавая адзінка -- і чакаць яго тыдзень-два. Потым дазвол фонду сацыяльнай абароны, потым засьведчыць натарыяльна ўзорам подпісу банкаўскую картку — гэта яшчэ адна базавая адзінка”.

Усё гэта, аднак, тычыцца толькі прыватных прадпрымальнікаў. Калі ж ініцыятыўны чалавек хоча стварыць нешта большае, то ён павінен зарэгістраваць юрыдычную асобу — а гэта патрабуе мінімум 500—600 даляраў толькі за рэгістрацыю.

На думку Балыкіна, апошнімі сваімі рашэньнямі беларуская дзяржава ўзяла курс на выцясьненьне прыватных прадпрымальнікаў і перавод іх у статус юрыдычных асобаў:

“Для прыватных прадпрымальнікаў гэта можа аказацца фатальным, бо далёка ня ўсе пацягнуць тыя выдаткі, якія зьвязаныя з стварэньнем юрыдычнай асобы. Прыватны прадпрымальнік мае права наймаць ня больш як трох працаўнікоў, але з 1 студзеня 2008 году прэзыдэнцкім указам уводзіцца забарона наймаць асобаў, якія не зьяўляюцца сваякамі”.

Спадар Балыкін кажа пра вядомы ўказ прэзыдэнта Лукашэнкі №760, які прынялі напярэдадні новага году. Дакумэнт нарадзіў у асяродзьдзі малога бізнэсу пратэстныя настроі, што прывялі да мітынгу прадпрымальнікаў 12 сакавіка.

“Палітыка дзяржавы вядзе да таго, што Беларусь трымае сумны рэкорд — найменшая колькасьць прадпрыемстваў малога бізнэсу ў рэгіёне”, — гаворыць Аляксандар Патупа, старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў.

“Мы маем эўрапейскія рэкорды паводле складанасьці працэдураў — рэгістрацыя, ліцэнзіі, ліквідацыя і гэтак далей. І мы маем эўрапейскія рэкорды ў складанасьці падатковай сыстэмы. І ў гэтых умовах відавочна, што людзі ня вельмі хочуць рэгістраваць юрыдычныя асобы”, — мяркуе Патупа.

Сапраўды, у Беларусі каля трох малых і сярэдніх прадпрыемстваў на тысячу насельніцтва, ва Ўкраіне — 5, у Расеі — 6, у Польшчы — 22, у ЗША — 74 малых і сярэдніх прадпрыемстваў на тысячу чалавек насельніцтва.

Але вышэйзгаданы ўказ прэзыдэнта Лукашэнкі можа яшчэ больш зьнізіць гэтую лічбу — на думку большасьці прадпрымальніцкіх арганізацыяў, калі ўказ будзе ўведзены, ён прывядзе да зьнішчэньня малога бізнэсу — 300 тысяч чалавек могуць застацца бяз працы.

Аляксандар Патупа лічыць гэты ўказ вялікай эканамічнай і палітычнай памылкай:

“Гэты ўказ быў прыняты пад буйным націскам лабістаў — гіпэрмаркетаў і гэтак далей. І гэта тыповае выкарыстаньне адміністрацыйных рычагоў у канкурэнтнай барацьбе. Ніякіх абгрунтаваньняў неабходнасьці такога дакумэнту нам не было пададзена. І мы думаем, што іх і няма, іх толькі ў “Вожыку” публікаваць”.
XS
SM
MD
LG