Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сказалі, калі "засьвячуся" на мітынгу — адразу адлічэньне”


Ганна Соўсь, Менск Напярэдадні Дня Волі ў многіх навучальных установах Беларусі студэнтаў прымушаюць прыходзіць у нядзелю на іспыты ды іншыя мерапрыемствы. Таксама праводзяцца прафіляктычныя гутаркі — навучэнцаў заклікаюць ня ўдзельнічаць у акцыі 25 сакавіка. На нядзелю ўлады заплянавалі ў Менску шэраг забаўляльных імпрэзаў, якія будуць адбывацца адначасова са сьвяткаваньнем Дня Волі.

Навучэнка Менскага дзяржаўнага прафэсійна-тэхнічнага каледжу электронікі актывістка “Моладзі БНФ” Наста Александровіч сёньня даведалася, што на 25 сакавіка ў яе навучальнай установе прызначаныя экзамэны.

“Я ў шоку. У нядзелю ў дзьве гадзіны дня стаіць іспыт. Я запытваюся: чым гэта можна патлумачыць? Мне кажуць, што гэта працоўны дзень. Урэшце дакладнага тлумачэньня я не пачула.

І мне сказалі, што, калі я буду засьвечаная на мітынгу, то ў панядзелак адразу адлічэньне без пытаньняў. Гэта мне сказала куратар. Я запыталася, ці гэта загадаў дырэктар? А мне сказалі, што гэта агульна ідзе ва ўсіх навучальных установах, што адразу адлічэньне за гэта. Магчыма, гэта толькі запалохваньне”.

Я зьвязалася з намесьнікам дырэктара каледжу электронікі Аляксандрам Пугачом і папрасіла патлумачыць сытуацыю.

“Я пра гэта ня ведаю”, — адказаў намесьнік дырэктара.

“А на нядзелю іспыты ў вас прызначаныя?”

“Магчыма, у кагосьці ў нейкай групе і прызначаныя іспыты. Ідзе сэсія, і для сэсіі ня мае значэньня, які дзень прыпадае”.

“Ці праводзіць нейкую работу адміністрацыя каледжу, каб навучэнцы не ішлі на акцыю 25 сакавіка?”

“Я думаю, што такую працу праводзяць клясныя кіраўнікі зь непаўналетнімі навучэнцамі”, — паведаміў намесьнік дырэктара каледжу электронікі спадар Пугач.

Гэтак званыя “папераджальныя гутаркі” з навучэнцамі праводзяць і ў іншых установах Беларусі.

Адміністрацыя 28-й менскай школы папрасіла сына зьніклага тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага 15-гадовага Юрася падпісаць паперу пра няўдзел у акцыі 25 сакавіка, аднак ён адмовіўся. Як паведаміла “Свабодзе” Сьвятлана Завадзкая, і яна, і яе сын абавязкова пойдуць на акцыю.

Актывіст “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў” Сяржук Селяшчонак апавядае пра тактыку, якую абрала кіраўніцтва аднаго з факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту:

“Грамадзка актыўным студэнтам рэкамэндуюць зьехаць куды-небудзь за мяжу. Калі раней за гэта перасьледавалі, выезды за мяжу былі фактычна забароненыя, то цяпер казалі: “Зьедзьце — і пажадана ня ў межах Беларусі, а далей”. Пэўна, для таго, што калі акцыя зацягнецца не на дзень, а на некалькі, каб студэнты не пасьпелі вярнуцца”.

Дарэчы, менскія ўлады прызначылі на 25 сакавіка шэраг розных масавых мерапрыемстваў. Гэтак Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ладзіць у Менску забаўляльныя акцыі пад назвай “За незалежную Беларусь”.

А 12-й гадзіне ля Нацыянальнай бібліятэкі заплянаваны канцэрт зорак беларускай эстрады і кірмаш.

У аэрапорце “Менск-1” у нядзелю мае адбыцца моладзевы фэст вулічнай культуры.

Што да падрыхтоўкі да акцыі апазыцыі, то адзін зь сяброў аргкамітэту сьвяткаваньня Дня Волі Аляксандар Мілінкевіч зазначыў:

“На жаль, падрыхтоўка ідзе з такім сумным акцэнтам — рэпрэсіі ўлады. Я хачу сказаць, што ўлада сапраўды перапалоханая неверагодна, і прафіляктыку і зачыстку робіць больш, чым летась. А мы рыхтуемся нармальна — і я думаю, што наша галоўная мэта, каб не дапусьціць правакацыяў, каб акцыя была мірная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG