Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Gazeta Wyborcza": КГБ запалохвае апазыцыю


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Беларускі КГБ робіць карныя захады супраць апазыцыі” – такі загаловак мае публікацыя ў сёньняшнім нумары польскай “Gazety Wyborczej”. Паводле штодзёньніка, беларускія спэцслужбы запалохваюць моладзевыя арганізацыі перад сьвяткаваньнем Дня волі 25 сакавіка.

“Беларускія спэцслужбы пачалі акцыю запалохаваньня моладзевых арганізацыяў – ўжо некалькі дзён цягнуцца допыты маладых апазыцыянэраў. Паводле няпоўных дадзеных, дапытаныя ўжо больш 50-ці чалавек” – піша “Gazetа Wyborczа”.

Польскі штодзёньнік адзначае, што супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі дапыталі, хутчэй за ўсё, яшчэ больш людзей – напрыклад знаёмых ці сваякоў апазыцыянэраў, аднак “ня ўсе хочуць пра гэта казаць”.

“Дэманстрацыя 25-га сакавіка, ёсьць, пэўна, прычынай узмоцненага перасьледу. А крымінальная справа супраць кіраўніцтва незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт" мае быць выкарыстаная праз КДБ для запалохваньня людзей, якія маюць намер узяць удзел у сьвяткаваньні Дня Волі”, -- падкрэсьлівае газэта.

“Wyborczа”, спасылаючыся на вядомага журналіста Паўла Шарамета, піша, што беларускі КДБ рыхтуе таксама правакацыі па-за межамі краіны, а менавіта супраць шэрагу беларусаў, якія жывуць у Маскве. Газэта цытуе Шарамета, які кажа, што 15 беларусаў, якія стала жывуць у Расеі зьвярнуліся ў расейскую пракуратуру і ФСБ з просьбай абараніць іх.
XS
SM
MD
LG