Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: з тэлеэкрана загучалі вершы Я.Купалы ў выкананьні жыхароў гораду


Радыё Свабода Да 125-й гадавіны Янкі Купалы недзяржаўны тэлеканал “Магілёў-2” разам з гарадзкой суполкай Таварыства беларускай мовы распачалі праект “Вяртаньне”.

Штодня пасьля выпуску навінаў жыхары Магілёва чытаюць у эфіры вершы беларускага клясыка. Плянуецца, што праект працягнецца да 7 ліпеня — дня нараджэньня Янкі Купалы.

“Цяпер, браце, глянь вокам, На поле, на луг, на сівец, сенажаць; На людзкія шнуры, дзе сьвістала каса, Барабаніў дзе плуг; Дзе з зары працаваў да зары”.

Ідэю праекту прапанавалі тэлевізійнаму каналу актывісты суполкі ТБМ. Яна спадабалася кіраўніцтву каналу. Пасьля першага ж паказу ў студыю пачалі тэлефанаваць гледачы і прапаноўваць сябе ў якасьці чытачоў.



Пра тэлепраект распавядае галоўная рэдактарка навінаў каналу “Магілёў-2” Алена Барысава:

“Праект “Вяртаньне” — калі шчыра, гэты праект нам прапанавала Таварыства беларускай мовы. Мы згадалі праект, якім расейцы ўшанавалі свайго Пушкіна. Мы палічылі, што нічога страшнага, што гэта, так бы мовіць, творчы плягіят, але давайце вернем сваё.

Усе ведаем — Купала, Колас — усе ведаем, што гэта наша спадчына, але хто цяпер згадае хоць некалькі слупкоў, ніхто не згадае. Мы гэтым праектам вяртаем ня столькі любоў да Купалы і Коласа, колькі любоў да сваёй мовы”.

Увосень пачнецца другі падобны праект — ён будзе прысьвечаны Якубу Коласу. Гаворыць кіраўнік гарадзкой суполкі ТБМ Алег Дзячкоў:

“У праекце, які цяпер распачалі пра Янку Купалу, возьме ўдзел прыкладна сто чалавек. Пераважна гэта будуць сябры ТБМ, а таксама людзі, якія не абыякавыя да беларушчыны. Пра Коласа будзе ў другой палове году асобны праект, прысьвечаны ягонаму дню народзінаў”.

“А вось як не любіць гэта поле, і бор, І зялёны садок, і крыклівую гусь!.. А што часам тут страшна заенча віхор, — Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG