Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму абвастраюцца эканамічныя дачыненьні Беларусі й Расеі?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Валер Карбалевіч: “Адмова беларускага боку падпісаць гандлёвае пагадненьне, адмова расейскага боку падпісаць пагадненьне пра пастаўкі цукру зь Беларусі супалі ў часе зь іншымі падзеямі ў эканамічных сувязях дзьвюх краінаў.

Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога ўводзіцца падатак за зямлю пад газа- і нафтаправодамі, у выніку якога беларускі бюджэт павінен атрымаць ад расейскіх кампаніяў каля пяцідзесясі мільёнаў даляраў.

Адначасова прыйшло паведамленьне, што з красавіка нафтавыя кампаніі Расеі могуць адмовіцца ад паставак давальніцкай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя завады. Якія прычыны абвастрэньня эканамічных дачыненьняў? Гэта рэха нафтагазавай вайны ці нешта іншае?”



Яраслаў Раманчук: “Галоўная прычына канфліктаў — рознае ўяўленьне Масквы і Менску пра стасункі між краінамі, розныя эканамічныя мадэлі. У Беларусі захоўваецца сацыялістычная эканоміка з жорсткім рэгуляваньнем і кантролем. А расейская эканоміка больш лібэральная, заснаваная на прыватнай уласнасьці. Таму няма й глебы для ўзгадненьня пазыцыяў.

Той канфлікт, які ня быў вырашаны ў студзені, цяпер перайшоў у іншую фазу, стаў ціхім, але час ад часу выбухае. Магчыма, пасьля абраньня новага прэзыдэнта Расеі нешта адрэгулюецца”.



Кірыл Коктыш: “Сапраўды, гэта новы раўнд канфлікту, які ня быў вырашаны ў студзені. У прынцыпе, гэтае гандлёвае пагадненьне для Расеі ня такое важнае, як для Беларусі. Беларускі рынак не такі вялікі, каб ад яго залежала Расея. Наадварот, Беларусь нашмат болей залежыць ад расейскага рынку”.

Карбалевіч: “Учора ў Маскве не падпісанае, як плянавалася, міжурадавае пагадненьне дзеля разьвіцьця гандлёвага супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі. Дамова аб падпісаньні такога пагадненьня была прынятая падчас падпісаньня нафтавай дамовы ў Маскве 12 студзеня.

Рэч у тым, што нягледзячы на існаваньне Мытнага зьвязу, Беларусь і Расея ўвялі шмат абмежаваньняў на продаж тавараў партнэра на тэрыторыі сваіх краінаў. Дзесьці паўгоду таму фігуравалі такія лічбы: Беларусь увяла 78 абмежаваньняў на продаж расейскіх тавараў. А Расея — 45 абмежаваньняў на продаж беларускіх тавараў на сваёй тэрыторыі.

Напярэдадні ўчорашняй сустрэчы дэлегацыяў на чале зь віцэ-прэм’ерам Беларусі Кабяковым і міністрам эканамічнага разьвіцьця Расеі Грэфам паведамлялася, што ўрады парафіравалі гэтае пагадненьне. І вось высьветлілася, што ў апошні момант беларускі ўрад унес зьмены ў праект дакумэнту, асноўная сутнасьць якіх — адцягнуць тэрміны ўступленьня ў сілу гэтага пагадненьня. Якія прычыны такой сытуацыі?”

Раманчук: “Галоўная прычына такога дэмаршу беларускай дэлегацыі ў тым, што беларускія тавары неканкурэнтаздольныя нават на сваім рынку. Таму беларускія вытворцы фінансуюцца зь бюджэту і пазабюджэтных фондаў.

А Расея ўступае ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Правілы гэтай арганізацыі забараняюць бюджэтнае фінансаваньне таваравытворцаў. І Расея падганяе свае эканамічныя дачыненьні зь іншымі краінамі пад яе правілы.

У беларускіх кіроўных кулюарах кажуць, што парафіраваны праект гандлёвага пагадненьня ёсьць здрадай нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Публічна так казаць ніхто ня будзе. Таму беларускі бок стаў на шлях дробнага сабатажу.

Вельмі цікава, што цяпер адбываецца з пагадненьнем аб прыватызацыі “Газпромам” паловы “Белтрансгазу”. Цяпер беларускі бок сабатуе ягонае выкананьне. То на 18 даляраў зьменшылі прыбытак ад кожнай тысячы кубамэтраў газу, то патрабуюць поўнай загрузкі газаправоду. Гэта даказвае, што беларускі рэжым проста недамоваздольны. Увогуле кіраўніцтва Беларусі ня вызначылася ў сваёй далейшай палітыцы”.

Карбалевіч: “Каму больш выгаднае гэтае пагадненьне? Хто больш прайграе ці выйграе ад яго?”

Раманчук: “Той праект дамовы, які быў парафіраваны і вынесены на падпісаньне, нявыгадны Беларусі. А зьмены, якія ўнесла беларуская дэлегацыя, ня выгадныя Расеі”.

Коктыш: “Гэтае пагадненьне было падпісанае беларускім бокам у студзені толькі дзеля таго, каб атрымаць выгадную нафтавую дамову. Менск усё яшчэ лічыць, што Масква будзе вымушаная эканамічна падтрымліваць Беларусь. Але гэта міт. Масква будзе проста чакаць і глядзець, як Менск спрабуе выблытацца з гэтай сытуацыі”.

Карбалевіч: “Падаецца, што ад гэтага пагадненьня Беларусь прайграе. Па-першае, яно прадугледжвае, што беларускі бок павінен у два разы больш адмяніць гандлёвых бар’ераў, чым Расея. Па-другое, маштабы краінаў і эканомік розныя. Тое, чаго Расея можа не адчуць, для Беларусі гэтыя зьмены будуць балючыя.

Як адзначылі мае суразмоўцы, падпісаньне і выкананьне гэтага пагадненьня азначае даволі сур’ёзную зьмену эканамічнай палітыкі Беларусі. Трэба адмяніць некалькі дзясяткаў прэзыдэнцкіх дэкрэтаў і ўказаў, пастановаў ураду.

Трэба стварыць роўныя ўмовы для продажу беларускіх і расейскіх тавараў, а значыць, адмовіцца ад дзяржаўнага субсыдыяваньня беларускіх вытворцаў, увесьці роўныя падаткі й стаўкі, забясьпечыць роўны ўдзел у тэндэрах і іншае. Але гэта азначае амаль што зьмену беларускай эканамічнай мадэлі з усімі магчымымі ад гэтага наступствамі. Ці пойдзе на гэта Лукашэнка?

Ці не падаецца вам, што сёньня беларуская ўлада ўвогуле не гатовая да гэтага, не гатовая да падпісаньня й выкананьня гэтага дакумэнту? Абяцаньне Менску падпісаць такое пагадненьне было, як адзначыў спадар Коктыш, пернікам Маскве дзеля вырашэньне нафтавага пытаньня. Цяпер яно страціла актуальнасьць, і Менск проста прыдумляе падставы, цягне рызіну, каб не падпісваць. Ці згодныя вы з гэтым?”

Раманчук: “Цяпер Беларусь цягне час. Калі Менск убачыць, што Масква настроеная рашуча, то будзе вымушаны падпісаць пагадненьне. А вось добрасумленна выконваць яго не зьбіраецца. Бар’еры для расейскіх тавараў будуць стварацца ня ўказам прэзыдэнта, а, напрыклад, пастановай абласнога ці раённага выканкаму.

Лічу, што будучыні ў гэтага пагадненьня няма, бо няма палітычнай волі выконваць любое пагадненьне”.

Коктыш: “Думаю, урэшце гэтае пагадненьне будзе падпісанае. Прычым на саступкі пойдзе беларускі бок. Але, зразумела, Менск будзе імкнуцца не выконваць яго. А гэта прывядзе да новых канфліктаў. Але ўсе козыры ў гэтай гульні на баку Масквы.

Бо праблемы беларускага рэжыму нарастаюць. Адна з праблемаў — дзе ўзяць 2,5 мільярды даляраў сёлета, каб пазатыкаць усе дзіркі. Вось кіраўніцтва Беларусі пагражала, што коштам падаткаў за зямлю пад газа- і нафтаправодамі будзе ўзята 5 мільярдаў даляраў. А атрымалася толькі 50 мільёнаў. Гэта азначае, што рэсурсы рэжыму скончыліся.

Паколькі датацыі Расеі значныя, каб не пазбавіцца іх, Менск будзе імкнуцца не псаваць моцна дачыненьняў з Масквой.

У выніку сваёй палітыкі беларускі рэжым згубіў тыя геапалітычныя перавагі, якія меў, пазбавіўшы іх і нашчадкаў. Найперш, згублены транзытны патэнцыял. Праз паўтара году будзе пабудаваны альтэрнатыўны нафтаправод. Праз тры гады будзе пабудаваны альтэрнатыўны газаправод. Гэта кошт празьмернай упартасьці, недамоваздольнасьці кіраўніцтва Беларусі”.
XS
SM
MD
LG