Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск: суд у справе Аляксандра Рамановіча перапынены да прыезду адваката


Радыё Свабода Сёньня ў Пінскім гарадзкім судзе разглядаецца адміністрацыйная справа старшыні гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Аляксандра Раманоўскага. У гэты момант доўжыцца перапынак, так як дастаўлены ў суд пад канвоем спадар Раманоўскі патрабуе прысутнасьці адваката.

Старшыня Берасьцейскай рэгіянальнай арганізацыі БНФ Юрась Губарэвіч паведаміў Радыё "Свабода", што абаронцу правоў спадара Раманоўскага вызначыла абласная калегія адвакатаў. У Пінск накіроўваюцца адвакаты Ігар Рабцэвіч і Раман Кісьляк. Са словаў Рамана Кісьляка, яны ўжо выехалі зь Берасьця і будуць у Пінску не пазьней як у 15 гадзінаў.

Аляксандар Рамановіч быў затрыманы ў Пінску 20 сакавіка ў 21.30 на вуліцы імя Урыцкага. Ад таго часу юнака ўтрымліваюць у пастарунку Пінскага ГАУС. Бацька затрыманага Мікалай Раманоўскі кажа, што гэта была сплянаваная апэрацыя.

“Напярэдадні затрыманьня з сынам гутарыў участковы міліцыянт. Ён прапаноўваў Аляксандру з’явіцца ў аддзел міліцыі нібыта для гутаркі. А як Саша адмовіўся, то КДБ і міліцыя адсочвалі яго перамяшчэньні. Схапілі, калі на вуліцы было цёмна”, – паведаміў Мікалай Раманоўскі.

Дарэчы, міліцыя ў Пінску вышуквае больш як дзесяць апазыцыянэраў. Усе яны таксама адмаўляюцца ад гутарак у будынках КДБ і міліцыі наконт удзелу ў палітычных акцыях 25-га сакавіка.
XS
SM
MD
LG