Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БНР: папяровая ці рэальная дзяржава?


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае гісторык Валянцін Мазец. Эфір 22 сакавіка 2007 году.

Слухаць:



Калі гавораць аб незалежнасьці якой-небудзь новай дзяржавы, вызваленай вайной і рэвалюцыяй з-пад расейскага ярма, то гэта, здаецца, так і трэба, так і павінна быць. Незалежная Польшча, Літва, Украіна, Латвія і г. д.— усе яны маюць права на гэта, усіх іх можна прызнаць, нават можна і дапамагаць ці то фізычна, ці то маральна, і незалежнасьць гэтых дзяржаваў не выклікае ніякіх вялікіх спрэчак. Так ці йначай яны мусяць, яны будуць мець раней ці пазьней сваё дзяржаўнае незалежнае існаваньне.

А вось загаварыце вы аб беларускай незалежнасьці... Тут вам цэлую кучу нагавораць усялякіх перашкод, недарэчнасцяў, што аж вушы вянуць слухаючы. На ўсякую іншую незалежнасць кожны з вамі згодзіцца, абы толькі не на беларускую.

Чаму гэта так?

Беларускі народ самабытны — гэта прызнаюць ужо нават і нашы праціўнікі з польскага ці расейскага лягеру. Беларуская дзяржаўнасьць таксама мае сваю гісторыю — маю тут на ўвазе Вялікае Літоўска-Бела-рускае княства. Геаграфічнае палажэньне Беларусі таксама ня горшае, як у людзей, ну, хоць бы як палажэньне Швэйцарыі. Мы крыху адсунуты ад мора, але і Швэйцарыя ня мае мора.

Дык чаму ж так страшна наша незалежнасьць?

А гэта вось чаму. Наша незалежнасьць сольлю ўваччу для незалежнасьці нашых суседак — Польшчы і Расеі, бо і адна, і другая хацелі б нашу незалежнасьць утапіць у лыжцы вады сваёй незалежнасьці...

Янка Купала “Незалежнасьць”, газэта “Беларусь”, 28 лістапада 1919 году.

Вячаслаў Ракіцкі: «Зададзенае Купалам пытаньне я і пераадрасоўваю вам, Валянцін. А таксама хачу запытацца, з амаль стогадовай адлегласьці -- як вам бачыцца, ці меў рацыю Купала, даючы такі адказ?”

Валянцін Мазец: “Купала сапраўды меў рацыю. Утапіць беларускую незалежнасьць хацелі ня толькі палякі ці расейцы. На беларускія землі прэтэндавалі і іншыя суседзі – і ўкраінцы, і латышы, і літоўцы. Гэта засьведчылі ўмовы заключэньня Берасьцейскага міру ў 1918 годзе”.

Ракіцкі: “Натуральна, што беларусы, як і кожны іншы народ, мелі і маюць права на незалежную дзяржаву. Таму падставай перадусім гісторыя нацыі. Але тады – ў 1918 годзе – ці была пара на гэты крок? Часам і сёньня можна пачуць, маўляў, усе вакол народы абвяшчалі незалежнасьць, вось і купка беларускіх нацыяналістаў пайшла на такую авантуру. З вашага гледзішча, абвяшчэньне БНР было выпадковым ці заканамерным?”

Мазец: “Гэта быў заканамерны вынік працэсу разьвіцьця беларускага нацыянальнага руху. Прычым, нягледзячы на такую значную перашкоду, як лінія фронту, беларускі нацыянальны рух імкліва разьвіваўся па абодва бакі фронту – і на нямецкім, і на расейскім. Гэты працэс найболей яскрава выявіўся на Першым усебеларускім зьезьдзе, які адбыўся ў сьнежні 1917 году. Гэта быў вельмі прадстаўнічы форум – у ім бралі ўдзел 1872 дэлегаты з усіх куткоў Беларусі. І яны выказалі жаданьне будаваць сваю ўласную дзяржаву”.

Ракіцкі: “Гэта было сапраўдным спадзяваньнем усяго народу?”

Мазец: “Безумоўна, бо, як сьведчаць архіўныя дакумэнты, сялянства зьвярталася ў Раду БНР і ў Народны сакратарыят з просьбай абараніць ад гвалту і рэквізыцыі акупацыйных уладаў. Ва ўяўленьні сялянства гэтыя органы былі паўнавартаснай ўладай”.

Ракіцкі: “У архівах захаваўся тэкст адной цікавай тэлеграмы. «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі дэкляравала незалежнасьць цэлае і непадзельнае Беларусі і просіць Вашую Імпэратарскую Вялікасьць аб абароне ў яе кіраваньнях дзеля ўмацаваньня дзяржаўнае незалежнасьці і непадзельнасьці краю ў сувязі з Германскай Імпэрыяй». Тэкст завяршаўся словамі: «Толькі пад абаронай Германскай Імпэрыі бачыць край сваю добрую волю ў будучым». На падставе гэтага дакумэнту частка гісторыкаў лічыць, што дзеячы БНР апынуліся ў ролі здраднікаў беларускага народу, таму што бачылі магчымасьць дасягненьня незалежнасьці Беларусі толькі ў хаўрусе з германскімі акупантамі. Ці падтрымліваеце Вы гэты пункт погляду? Ці мела сэнс з пункту погляду ўмацаваньня беларускай дзяржаўнасьці спроба абаперціся на немцаў?”

Мазец: “Пасылка тэлеграмы, хутчэй за ўсё, была тактычным крокам. Пра гэта сьведчаць і самі дзеячы Рады БНР. Чаму ж паслалі тэлеграму? А таму, што 23-га красавіка, за два дні да пасылкі гэтай тэлеграмы аналягічную тэлеграму германскаму імпэратару паслала Літоўская Тарыба. І ў адказ Германія прызнала незалежнасьць Літвы. Але найболей дакладна стаўленьне беларусаў да залежнасьці ці незалежнасьці ад Германіі выказана ў словах Антона Луцкевіча. Ён пісаў, што несумненна падтрымка немцамі беларускай нацыянальнай культуры ва ўмовах акупацыі будзе служыць яшчэ адныым фактарам, які зьвязваў беларускі край з цэнтральнай дзяржавай. Але, на думку Луцкевіча, гэтае імкненьне да Захаду не стасуецца з вырашэньнем будучыні беларускіх земляў на падставе іх анэксіі Германскай імпэрыяй, а беларусы канчатковай мэтай уважаюць поўную палітычную незалежнасьць. Так пісаў той самы Антон Луцкевіч, які ачольваў урад БНР”.

Ракіцкі: “Частка гісторыкаў лічыць, што БНР была дзяржавай на «паперы», бо ні нямецкія акупацыйныя ўлады, ні савецкі ўрад не былі зацікаўленыя ў яе існаваньні. Сапраўднай дзяржавай гэтыя гісторыкі лічаць БССР. А што было на самай справе? БНР адбылася ці правалілася ў сэнсе ўвасабленьня ў жыцьцё нацыянальна-дэмакратычнай дзяржаўнасьці?”

Мазец: “Абвяшчэньне БНР зьявілася першым у 20-м стагодзьдзі практычным крокам ва ўвасабленьні ідэі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці. Гэты крок, безумоўна, быў бы больш шырокім, больш важкім, больш значным, калі б ні жорсткія ўмовы акупацыі. Немцы дазвалялі толькі культурна-асьветную дзейнасьць, наладжваньне побыту, гандлю, прамысловасьці, вырашаць пытаньні ўцекачоў. Але найперш сапраўдная палітыка праводзілася ў галіне нацыянальна-культурнага адраджэньня. Натуральна, што такіх элемэнтаў дзяржаўнасьці як войска, як паліцыя акупанты не маглі дазволіць, бо яшчэ не вядома, у які бок маглі беларусы павярнуць зброю.”

Ракіцкі: “Ці былі ў БНР магчымасьці замацавацца і перамагчы надоўга?”

Мазец: “У той геапалітычнай складанай сытуацыі шанцаў не было, таму што пытаньні лёсу малых народаў вырашалі вялікія краіны. І тыя ж самыя краіны Антанты не былі зацікаўленыя ў заснаваньні малых дзяржаваў. Яны рабілі стаўку ў змаганьні з бальшавікамі на белую Расею”.

Ракіцкі: Дык чаму тады пасьля 1921 году, Рыскай мірнай дамовы, якой скончылася савецка-польская вайна, маленькія краіны Балтыі здолелі захаваць незалежнасьць, а Беларусь, як і Украіна, не?”

Мазец: “Таму што краіны Антанты былі зацікаўленыя ў дзяржаўнасьці краінаў, якія маюць выхад да Балтыйскага мора. Ім не патрэбна было блізкае суседзтва з савецкай Расеяй. Кардонам зьяўляліся дзяржавы сярэдняй Эўропы – Польшча, Чэхія. І савецкая Расея асаблівай небясьпекі для сытай Заходняй Эўропы не ўяўляла”.

Ракіцкі: “І Янка Купала, і вы, сучасныя гісторыкі, наракаеце на геапалітычнае знаходжаньне Беларусі і ва ўсім вінаваціце суседнія, больш моцныя, дзяржавы. А ад саміх беларусаў нічога не залежала? Іх віны ні ў чым няма?”

Мазец: “Ад беларусаў таксама вельмі шмат залежала, і, як адзначаў Аляксандар Цьвікевіч, толькі беcпасярэдняя воля народу, выражаная ў актыўным чыне, здольная стварыць трывалую дзяржаву. А калі такой волі няма, ці яна недастатковая, то яе трэба разьвіваць. Трэба прызнаць, што ўзровень нацыянальнай самасьвядомасьці ў беларусаў тае пары быў вельмі нізкім, асабліва ў сялянства. Як сьведчаць тыя ж самыя звароты ў Раду БНР і Народны сакратарыят, некаторыя сяляне з прычыны таго, што яны былі непісьменныя, зьвярталіся да іншых, каб напісалі і падпісалі гэтыя звароты”.

Ракіцкі: “Вельмі часта афіцыйныя гісторыкі, якія ўжо ня могуць адмаўляць факт існаваньня БНР, найвялікшай заслугай БНР называюць тое, што дзякуючы ёй, стала магчымым утварэньне БССР. Пры гэтым, забываючыся, што БССР усё ж не была сувэрэннай. Якая сувязь існавала паміж БНР і БССР?”

Мазец: “Прызнаньне таго факту, што БНР і БССР ёсьць зьвёнамі аднаго працэсу, не зьяўляецца прыніжэньнем БНР. Наадварот, гэта ўзвышае тых людзей, якія асьмеліліся заявіць пра права беларусаў на савызначэньне, якія абвясьцілі дзяржаўнасьць. Потым ужо адзін з бальшавіцкіх кіраўнікоў БССР Вільгельм Кнорын прызнаваў, што ва ўмовах БНР адбывалася засваеньне масамі ідэі беларускай незалежнай дзяржавы...”

Ракіцкі: “... што паўплываў і на вызваленьне Беларусі напрыканцы 20-га стагодзьдзя з-пад гнёту СССР. А як павярнулася б гісторыя Беларусі, калі б БНР не было? Або наадварот, калі б яна перамагла?

Мазец: “На гэтае пытаньне вельмі добры адказ даваў Аркадзь Смоліч на пачатку 1919 году ў пісьме Антону Луцкевічу: “Канешне, з абвяшчэньнем БССР мы маем права і магчымасьць закрыць лавачку (гэта значыць, заявіць пра самароспуск БНР), але што тады будзе, калі мы згінем? Ці ня згіне тады і БССР? Ці па-сапраўднаму бальшавікі жадаюць стварэньня беларускай дзяржаўнасьці? Ці не зьяўляецца гэта хітрым тактычным крокам, каб увесьці людзей у зман?”

Ракіцкі: “Чаго зь ідэяў і прынцыпаў той БНР бракуе сёньняшняй Рэспубліцы Беларусь? І што трэба было б адрадзіць і ўвасобіць у рэальнасьць?”

Мазец: “У сучаснай Рэспубліцы Беларусь і ў тагачаснай БНР ёсьць і падобныя рысы. А менавіта: устаўнымі граматамі БНР была абвешчана пабудова сацыяльнай дзяржавы. Тое ж самае абвяшчае і сучасная беларуская ўлада. Але для таго, каб рэалізаваць такую ідэю, патрэбная адна, здавалася б, дробязь. А ад дробязі гэтай залежыць усё далейшае дзяржаўнае разьвіцьцё – фармаваньне беларускай нацыянальнай культурнай эліты, якая ўсьведамляла б ня толькі свае асабістыя карысьлівыя інтарэсы, а ўсьведамляла б неабходнасьць стварэньня нацыянальна трывалай дзяржавы”.

“Дык, ці ў час выбраны мамэнт для абвешчаньня Беларусі незалежнай рэспублікай? 3 усяго таго, што нам дагэтуль ведама аб палажэньні ў Беларусі, аб яе пакутах, мы зь цьвёрдасьцю можам сказаць адно: іншага выйсьця быць не магло”.

Мітрафан Доўнар-Запольскі, газэта «Белорусское Слово», 1918 год, №1.
XS
SM
MD
LG