Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Эўропа ня можа жыць без нафты і газу. І ня вельмі будзе абараняць нас, бо ня хоча канфлікту з Крамлём"


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 22 сакавіка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Давыдзенка Павел Андрэевіч, г\п Парычы: “Хачу зьвярнуцца да апазыцыі. Вы шмат займаецеся балбатнёй. Вам не патрэбна вёска, Вам не патрэбна Беларусь. Вам патрэбныя партфэлі. Калі хочаце пераменаў, трэба рабіць абарону грамадзян, якія жывуць пад лукашэнкаўскім прэсінгам”.

Спадар: “Паважнае Радыё Свабода, наконт сьвяткаваньня гадавіны БНР. Вось Лукашэнка дазволіў яе адзначыць на плошчы Бангалор. Ну і добра. Давайце пакажам сваю арганізаванасьць 25 сакавіка. Зьбяром на плошчы як мага больш людзей. Ня 2-3, а 20-30 тысяч людзей ці болей. У тым ліку пэнсіянэры і прадпрымальнікі. Разгарнуць бел-чырвона-белыя сьцягі, бо яны афіцыйна зарэгістраваныя як сьцягі Беларускага Народнага Фронту. Напачатку зайграць гімн Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў канцы даць добры канцэрт. Просьба да радыё: гэтымі днямі перадаць і не аднойчы гімн Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама перадаць яго словы. Колькі я слухаю радыё, ні разу гэты гімн не перадавалі".

Спадар: “Апошнім часам афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі маўчаць нібы вады ў рот набраўшы наконт гэтак званага саюзу Расея-Беларусь. Гэта і зразумела. Гэты саюз быў патрэбен перш за ўсё Аляксандру Лукашэнку для таго,к аб ажыцьцявіць сваю даўнюю мару – трапіць у Крэмль. Там бы ён разьвярнуўся! Але яго надзеі, відаць, не спраўджваюцца. Яму наўпрост намякнулі: “Не пабачыш ты Крамля як сваіх вушэй. Можаш разьлічваць на пасаду губэрнатара ў складзе Расеі”. Зразумела, што такі варыянт Аляксандра Рыгоравіча не задаволіў. Мяняць прэзыдэнцкае крэсла на губэрнатарскае ён не захацеў. У нас ён сам сабе кароль. А губэрнатара ў любы момант могуць і зьмяніць. І вось тут атрымалася дзіўная мэтамарфоза: Аляксандр Рыгоравіч нечакана ператварыўся ў барацьбіта за сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, хоць надоечы гэтыя словы ён успрымаў як лаянку і рэагаваў на іх як бык на чырвоную анучу. Калі б яму выпала трапіць у Крэмль, ён бы даўно “здаў” Беларусь, і ніхто б яму не перашкодзіў. Дзякую за ўвагу”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Добры вечар! Таварышы лукашысты, Вы вырашылі “не даць дабро” на правядзеньне мітынгу на Дзень Волі на плошчы Кастуся Каліноўскага, то бок Кастрычніцкай. Адпраўляеце людзей на “сабачую” плошчу. Канечне, туды народ ня пойдзе. А прыйдзе менавіта на плошчу Кастуся Каліноўскага. Я б Вам, таварышы лукашысты, ня раіў так рабіць. Сілай народ Вы не прымусіце думаць народ так, як Вам хочацца. Час выконваць прапановы, зробленыя Эўразьвязам і практычны пачынаць зь імі сябраваць. То бок езьдзіць з візытам да іх, а яны да нас. Разьлічваць, што Расея будзе фінансаваць нашу эканоміку, – гэта вялікае глупства. Зь ёй трэба сябраваць, а ўсе астатнія пытаньні трэба вырашаць на ўзаемавыгадных умовах".

Спадар: “На мой погляд, пакуль Крэмль не адпусьціць Беларусь, нічога тут новага не адбудзецца. І правіць Лукашэнка будзе вечна, бо, як казаў Кузьма Пруткоў, “глядзі ў корань”. Расея заўсёды была імпэрыяй і пры царах, генсэках і таксама засталася пры Пуціне. КДБ за нас вырашае на Лубянцы ды ў Крамлі, хто будзе намі кіраваць. А Эўропа ня можа жыць без нафты і газу. І ня вельмі будзе абараняць нас, таму што яны ня хочуць канфлікту з Крамлём. І яны будуць калі-нікалі гаварыць пра нашу ўладу, але далей размоваў гэта ня пойдзе”.

Спадар: “Я ведаю, што апошнім часам у Расеі пры розных абставінах загінула звыш як 200 асобаў. З гэтай нагоды хацелася б праз Радыё Свабода выказаць свае спачуваньні ўсім родным і блізкім загінулых. Дзякуй”.

Яўгенія Казлова, Ворша: “Добры дзень, шаноўная “Свабода”. Добры дзень, шаноўным слухачам. Сёньня 21 сакавіка. Час бяжыць вельмі хутка. У гэты дзень год таму я была на Кастрычніцкай плошчы ў Менску побач са сваім сьветаром айцом Андрэем Сідаровічам. Доўгі дзень і доўгую марозную ноч я была сярод лепшых людзей Беларусі, які не ўсё роўна – “абы каўбаса”, і адчувала сябе шчасьлівай у сваіх 56 год. Пад уражаньнем пачутага і ўбачанага быў напісаны верш “Змагары”:

Маленькая выспа На Плошчы ў Менску Свабоду трымае народ. Удзень і ўночы Расплюшчаны вочы. 2006-ы год.

Трымаюцца людзі, А нехта іх судзіць: “Ішлі б падмятаць лепш двары!” Пад небам вясновым Халодным, суровым Сьцяною стаяць змагары.

Марозныя ночы, Няспаўшыя вочы, Ад стомы ўжо ногі гудуць. У паветры вясновым, Над сьцягам Хрыстовым Спрадвечныя словы лятуць:

Жыве Беларусь! Удзень і ўночы Знаёмы ўсім вокліч. Жыве Беларусь!”

Павел Васільевіч, Менск: “Радыё Свабода, Вас састарэлым людзям слухаць лёгка і прыемна. Жадаю Вашым супрацоўнікам, дочкам і сынам, унукам і праўнукам здароўя, дабра, посьпехаў у жыцьці. Віншую са сьвятам 25 сакавіка з Днём Волі Вас і слухачоў Вашых".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG