Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Барыс Сачанка


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Працуючы разам зь ім у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, чаго толькі я не наслухаўся: і таго, што Сачанка — палкоўнік КГБ, і таго, што ў кожнай рэдакцыі дзейнічае ягоная агентура, і што не дырэктар і галоўны рэдактар, а менавіта ён мае апошняе слова пры зацьвярджэньні выдавецкіх плянаў. Ня буду сьцьвярджаць, што ўсё гэта толькі чуткі й міты. Ня ведаю.

Але ведаю іншае.

Канец Другой сусьветнай вайны засьпеў дзевяцігадовага Барыса ў Нямеччыне, куды немцы, спаліўшы ягоную родную палескую вёску, вывезьлі тых, хто не загінуў у агні. Амэрыканцы, у чыёй зоне знаходзіўся лягер для перамешчаных асобаў, куды трапілі Сачанкі, прапаноўвалі застацца на Захадзе. Барысавы бацькі выбралі вяртаньне. Адзін Сачанкаў зласьлівец любіў казаць: “Лепей бы ён застаўся!”

Я думаю, што асабіста Сачанку ў такім выпадку, можа і сапраўды было б лепей, а вось беларускай культуры — відавочна не. Тады нехта іншы мусіў стаць аўтарам зьмешчанага ім у 1957-м у “ЛіМе” артыкулу “Шанаваць родную мову”, што выклікаў дыскусію, перадрукоўваўся ў эміграцыйнай прэсе і, натуральна, зацікавіў гэбістаў. Праўда, Сачанка, нейкім чынам атрымаў дараваньне грахоў, бо пазьней працаваў у часопісе “Полымя”, у Саюзе пісьменьнікаў, езьдзіў беларускім дэлегатам на сэсію ААН у Нью-Ёрк.

Ён шмат пісаў і друкаваўся, але, як той казаў, ягоная проза была не маім кубкам гарбаты. Да канца ў студэнцкія гады я дачытаў толькі адзін зь першых ягоных зборнікаў — “Барвы раньняй восені”, які лічу найлепшай мастацкай кніжкай Сачанкі. Відаць, яшчэ і з тае прычыны, што там, як слушна заўважылі крытыкі, не было станоўчага героя.

Працягваючы выдаваць кнігу за кнігай і нават атрымліваць за іх прэміі, Барыс Іванавіч, мне здаецца, і сам з гадамі ўсё больш разумеў, што ягоная місія ў нашай культуры палягае ў іншым. Загадваючы ў выдавецтве рэдакцыяй перакладной замежнай літаратуры, ён вытрымаў змаганьне на нейкіх узроўнях у Маскве, дзе тады зацьвярджаліся пляны нашых выдавецтваў, і распачаў выданьне беларускамоўных зборнікаў дэтэктываў і фантастыкі (раней такія прапановы бязьлітасна выкрэсьліваліся), а таксама сэрыі “Скарбы сусьветнай літаратуры”, кнігі зь якой зьбіралі 10-15-тысячныя наклады.

Як толькі гэта сталася магчымым, Сачанка ўзяўся друкаваць артыкулы і ўкладаць зборнікі, якія легалізоўвалі дзясяткі забароненых раней імёнаў і твораў — літаратараў, зьнішчаных у гады сталінізму, і пісьменьнікаў-эмігрантаў: Вацлава Ластоўскага, Уладзімера Жылкі, Алеся Салаўя, Натальлі Арсеньневай, Уладзімера Клішэвіча... Ён уклаў важкі 650-старонкавы том эміграцыйнай паэзіі “Туга па Радзіме” (1992), зборнік успамінаў і дыялёгаў “На суд гісторыі” (1994), аўтарамі і героямі якога былі Юрка Віцьбіч, Францішак Кушаль, Мікола Шчаглоў-Куліковіч, Міхась Забэйда... Дарэчы, ці ня ён першы сказаў праўду пра сьмерць Янкі Купалы?

Вядома, ішлі размовы аб тым, што ўсё гэта адбываецца з дазволу КГБ, пагатоў дома ў Барыса Іванавіча была цэлая бібліятэка яшчэ нядаўна “крамольнай” літаратуры — сапраўдны філіял “спэцхрану”, а на шэраг “сваіх” аўтараў публікатар налепліваў ідэалягічныя ярлыкі. Але факт застаецца фактам: некалькі гадоў ён адзін працаваў як цэлы інстытут.

Нарэшце Сачанка сапраўды знайшоў сябе, і таму ягоны пераход у 1993-м на пасаду галоўнага рэдактара выдавецтва “Беларуская Энцыкляпэдыя” быў цалкам заканамерны і сустрэты большасьцю адраджэнцаў з энтузіязмам. У 1995-м пабачыў сьвет таўшчэзны энцыкляпэдычны даведнік “Беларусь”. “Упершыню за ўсю гісторыю наша легальнае і дазволенае было аб’яднанае з нашым нелегальным, забароненым і забытым — у адно цэлае”. (Сяргей Дубавец).

Барыс Сачанка зь ягонай апантанай працаю на карысьць нацыянальнай ідэі пасьля абраньня прэзыдэнтам А. Лукашэнкі стаўся для ўлады асобаю нязручнай. Неўзабаве пасьля рэфэрэндуму 1995-га ён раптоўна памёр у працоўным кабінэце.

Энцыкляпэдычны даведнік “Беларусь” больш не перавыдаваўся.
XS
SM
MD
LG