Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня гадавіна пакараньня сьмерцю Кастуся Каліноўскага


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня спаўняецца 143 гады, як у Вільні быў пакараны сьмерцю герой паўстаньня супраць расейскага панаваньня Кастусь Каліноўскі. У гэты ж дзень у 1994 годзе Вярхоўны савет Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня зацьвердзіў вышэйшую ўзнагароду краіны, ордэн Кастуся Каліноўскага. У ноч на 22 сакавіка 2006 году, падчас моладзевай акцыі пратэсту, Кастрычніцкі пляц Менску абвясьцілі пляцам Кастуся Каліноўскага.

Ідэю назваць Кастрычніцкую плошчу імем Кастуся Каліноўскага агучыў пісьменьнік Уладзімер Арлоў. А літаральна празь некалькі гадзінаў мастакі ўвасобілі яе на палотнішчы, кажа мастак Аляксей Марачкін.

“Гэта была выдатная ідэя, гэта так здорава. І я сабраў сваіх мастакоў, чалавек восем. Мы зрабілі вялікую расьцяжку – майстэрні не хапала. Напісалі “Плошча Кастуся Каліноўскага”, аблічча Каліноўскага, “Пагоню” намалявалі. І я прымаю рашэньне: вы мяне абматайце вакол, я апрану куртку і вось з гэтым я пайшоў. Мяне не затрымалі, я падыйшоў да моладзі, кажу: давайце, разгарніце мяне. І гэтак зьявілася расьцяжка”.

У свой час, ордэн Кастуся Каліноўскага не атрымаў ніводзін чалавек, бо ў 2000 годзе члены палаты прадстаўнікоў выкрасьлілі яго з рэестру дзяржаўных узнагародаў. Таму абвешчаньне Кастрычніцкай плошчы плошчай імя Кастуся Каліноўскага удзельнікі намётавага лягеру ўспрынялі зь вялікай радасьцю, кажа адзін удзельнікаў падзеяў, сябра моладзевай арганізацыі “Правы альянс” Юрась Карэтнікаў.

“Успрынялі вельмі пазытыўна, бо гэта наш нацыянальны герой. Я асабіста не прысутнічаў, бо нас затрымлівалі прэвэнтыўна і я атрымаў сем сутак. Але пра тое, што адбываецца на плошчы, я ведаў адсоткаў на 70. Бо людзі паступалі ўвесь час: хто ежу нёс, хто коўдры і іх затрымлівалі. І, канечне, гэтае абвяшчэньне адбылося не выпадкова, гэта пэўныя знакі. А сёньня, я лічу, што ўсе патрыятычныя сілы павінныя ўзгадаць нашага змагара за волю айчыны Кастуся Каліноўскага. Таксама ўзгадаць падзеі, якія адбываліся на плошчы Каліноўскага год таму. Гэта не апошняе наша змаганьне, будуць змаганьні наперадзе. І дух нашага Яські-гаспадара з-пад Вільні заўсёды будзе прысутнічаць у нашых сэрцах і нашых розумах”.

Тое, што імя Кастуся Каліноўскага, як сымбаль і прыклад змаганьня ўзяла для сябе сучасная беларускай моладзь, дае спадзяваньні на лепшую будучыню Беларусі, кажа былы дэпутат Вярхоўнага Савету, які галасаваў за ордэн Каліноўскага, старшыня ТБМ Алег Трусаў.

“Тое, што імя Каліноўскага ўвесь час усплывае на розных скрыжалях нашай гісторыі, сьведчыць пра тое, што ягоная справа назаўжды застанецца ў думках нашага народа. Яна заўжды асабліва натхняла моладзь на змаганьне, на перамогу. І ягонае імя і справа назаўжды застануцца такімі”.

Як паведаміў Юрась Карэтнікаў, “Правы альянс” плянуе сёньня правесьці акцыю памяці, прысьвечаную Кастусю Каліноўскаму.

Ордэнам Кастуся Каліноўскага маглі ўзнагародзіць за самаадданы ўчынак, мужнасьць і сьмеласьць у часе ўратаваньня людзей, за спыненьне злачынных замахаў на іх жыцьцё, а таксама за сьмеласьць, выяўленую ў часе аховы грамадзкага парадку, у часе стыхійных бедзтваў і за самаадданыя дзеяньні падчас выкананьня вайсковага абавязку. Замест скасаванага Ордэну Кастуся Каліноўскага зьявіліся яшчэ чатыры, якія існавалі ў савецкі час, — за службу Радзіме, за асабістую мужнасьць, Ордэн дружбы народаў і Ордэн пашаны.
XS
SM
MD
LG