Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Немцы спрачаюцца пра фантом Менску


Алена Струвэ, Менск У Нямеччыне праходзяць імпрэзы, прысьвечаныя гадавіне менскіх сакавіцкіх падзеяў. У рамках мерапрыемстваў – літаратурныя дыскусіі вакол фэномэну Менску. Падставай для абмеркаваньняў стаў пераклад на нямецкую мову твору беларускага мастака Артура Клінава «Менск. Горад СОН-ца», а таксама кніга нямецкага журналіста Вольфганга Бюшэра “Бэрлін-Масква. Пешае падарожжа”.

Нягледзячы на усю адрознасьць падыходаў, жанраў ды стылю аўтараў, у часе чытаньня абедзьвюх кнігаў складаецца агульнае уражаньне: Менск – унікальнае месца з гледзішча часу і прасторы.

Арганізатар імпрэзы ў Бэрліне спадар Фішэр паведаміў Свабодзе, што сустрэча атрымалася:

“Было вельмі цікава. Ня кожны дзень ёсьць магчымасьць слухаць і спрачацца зь неардынарнай асобай, тым больш, калі такіх асобаў дзьве – Клінаў ды Бюшэр”.

Гамбурскаму журналісту Вольфгангу Бюшэру 56 год. Ён працуе літаратурным рэдактарам у газэце “Die Zeit”, уваходзіць у журы конкурсу імя Буцэрыюса “Маладая прэса Эўропы”. У 2001 ў часе трохмесячнага пешага падарожжа з Бэрліну ў Маскву шмат блукаў па гарадах, вёсках і лясах Беларусі. У выніку вонкавых ўражаньняў у яго нарадзіўся наступны вобраз: “шпагат паміж часам і стагнацыяй”:

Бюшэр: “Я ня ведаю ніводнага падобнага да Менску гораду. Нават сярод тых, якія былі амаль цалкам разбураныя ў часе вайны, а потым адноўленыя. Нідзе я ня бачыў столькі патэтыкі. Гэта нейкі маналіт. Нейкае асаблівае мастацтва. Такія гарады будавалі ў часы барока, у XVII стагодзьдзі. У часы навейшай гісторыі такіх гарадоў проста няма. Гэта як тэатар зь велізарнай сцэнай”.

У кнізе 42-гадовага менчука, архітэктара і мастака Артура Клінава таксама напісана пра сцэну. Цытата: “Гэта падобна да пустой сцэны, зь якой вынесьлі дэкарацыі, але нячутныя водгукі спэктаклю, які граўся тут перад самым вашым прыходам, водгукі яшчэ вісяць у пранізьлівай цішыні. Храм, якога няма. Краіна, якой няма. Народ, якога няма. Горад, якога няма. Востраў, якога няма. Месца, якога няма. Утопія...”.

Ці доўга можна яшчэ назіраць падобны фантом? Вольфганг Бюшэр лічыць гэта пытаньне цікавым.

Бюшэр: “Пытаньне ў тым, як абыдзецца будучы час з гэтым утапічным, а зь іншага боку, вельмі гістарызаваным горадам, з гэтымі велізарнымі менскімі палацамі на плошчах, фрэскамі з тварамі рабочых, салдатаў, помнікамі дзяўчатам-сялянкам і гэтак далей. Вельмі цікавае пытаньне. Адказу я ня ведаю”.

Сёньня Клінава чакаюць у Дрэздэне, дзе пройдуць чарговыя дыскусіі вакол кнігі “Менск. Горад СОН-ца”, а ў Бэрліне адчынілася яго фотавыстава.
XS
SM
MD
LG