Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі высьвятляюць статус Кастрычніцкай плошчы


Юлія Шарова, Менск Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька й лідэр Партыі Камуністаў Беларускай Сяргей Калякін зьвярнуліся ў пракуратуру па тлумачэньні наконт тых падзеяў, што адбываліся на Кастрычніцкай плошчы 19 сакавіка 2007 году. Палітыкі хочуць высьветліць статус плошчы, каб ведаць, ці можна туды прыходзіць з кветкамі й безь сьцягоў ці транспарантаў.

Анатоль Лябедзька ў інтэрвію Свабодзе патлумачыў, што заява напісаная асабіста на імя генэральнага пракурора Беларусі Пятра Міклашэвіча. Адказ начальніка ўпраўленьня ці іншай асобы гэткага ж рангу палітыкаў апрыёры не задавальняе. Вось якіх мэтаў яны дамагаюцца.

Лябедзька: “Каб пракуратура правяла расьсьледаваньне й дала адказ, ці зьяўляецца плошча прыватнай уласнасьцю. Калі гэта так, тады насамрэч мы парушальнікі, мы ня можам прыходзіць на тое месца, якое некаму належыць на правох прыватнай уласнасьці. Па-другое, мы хочам атрымаць адказ, ці ёсьць нейкі асаблівы статус рэжымнага аб’екту для гэтай плошчы і ці патрэбны, напрыклад, для таго, каб туды прайсьці пасьля 20.00, спэцыяльны дакумэнт. Бо мы знаходзіліся там пасьля 20.00 як і некалькі соцень людзей – абсалютна мірна, з кветкамі ў руках. І гэта не забаронена заканадаўствам. А вось тое, што рабілі супрацоўнікі праваахоўных органаў, гэта ня ёсьць сьведчаньнем гатовасьці беларускіх уладаў да дыялёгу з Захадам і гэта не адпавядае той рыторыцы, якую мы чуем у апошні час”.

19 сакавіка ў гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году а 20.00 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сабралася каля сотні чалавек, у тым ліку журналісты. Супрацоўнікі праваахоўных органаў выцясьнілі людзей з плошчы ў бок вуліцы Янкі Купалы. Анатоль Лябедзька лічыць, што такім чынам парушаецца права на свабоднае перасоўваньне грамадзянаў па горадзе.

Слухай:

XS
SM
MD
LG