Лінкі ўнівэрсальнага доступу

80 гадоў з часу выхаду першага нумару часопісу “Узвышша”


Валянціна Аксак, Менск Сёньня — 80 гадоў з часу выхаду першага нумару часопісу “Узвышша”, які друкаваў творы сяброў аднайменнае літаратурнае суполкі.За пяць гадоў існаваньня выйшла сорак чатыры нумары часопісу, а пасьля яго спыненьня былі рэпрэсаваныя амаль усе ягоныя аўтары. І сёньня — Сусьветны дзень паэзіі. Ён усталяваны па рашэньні ЮНЕСКО ў лістападзе 1999 году.

“Для мяне асабіста — гэта сьвята прыгожай мовы, — сказаў нашаму радыё з нагоды Сусьветнага дня паэзіі знаны беларускі літаратар Леанід Дранько-Майсюк. І дадаў:

“Калі мы хочам прыгожа размаўляць, то мы павінны чытаць штодня вершы. Калі мы хочам прыгожа размаўляць па-беларуску, то, бясспрэчна, гэта павінны быць вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. А моладзі ўвогуле неабходна вучыць вершы напамяць, бо вершы найлепш умацоўваюць памяць. І такія людзі з добрай памяцьцю заўсёды будуць добрым словам згадваць паэзію, бо менавіта дзякуючы ёй яны авалодалі і прыгожай мовай, і добрай памяцьцю”.

Пісаць такія творы, у якіх эстэтычныя вартасьці пераважаюць над ідэалягічнымі ўстаноўкамі, намагаліся Ўладзімер Дубоўка, Язэп Пушча, Тодар Кляшторны і іншыя беларускія літаратары, якія ў 1926 годзе стварылі суполку “Ўзвышша”, а праз год пачалі выдаваць аднайменны часопіс. Дацэнт філфаку Белдзяржунівэрсітэту Ірына Багдановіч гаворыць, што “ўзвышанцы” высунулі вельмі важную на той час і ня страціўшую надзённасьць у сёньняшняй Беларусі ідэю свабоды творчасьці:

“Узвышаўцы” цалкам адпрэчылі прынцып каманднай вышыні і стварылі сваё “Ўзвышша”, узвышша менавіта мастацкай творчасьці, узвышша духу, узвышша таленту, які непадуладны ніякім указаньням і камандам, які толькі свайму ўнутранаму голасу падуладны”.
XS
SM
MD
LG