Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі і як пачалі караць у Беларусі за паклёп на прэзыдэнта?


Любоў Лунёва, Менск Беларусь зьяўляецца лідэрам па колькасьці пакараных грамадзянаў за паклёп і абразу прэзыдэнта. Праз суды прайшлі некалькі журналістаў, палітыкі і праваабаронцы. 60-гадовая Кацярына Садоўская, пакараная зьняволеньнем на два гады, дагэтуль адбывае пакараньне ў жаночай турме. Калі і як пачалі караць у Беларусі за паклёп на прэзыдэнта?

Увосень 1997 году ў сьледчых раённых аддзелаў міліцыі зьявіліся надрукаваныя “Палажэньні”, дадатак да тагачаснага крымінальнага кодэксу. Згодна зь імі за абразу кіраўніка дзяржавы ўводзілася пакараньне зьняволеньнем да двух гадоў. “Палажэньні” зьявіліся пасьля таго, як на платах і будынках дамоў у Менску і ў рэгіёнах графіці з нэгатыўнымі эпітэтамі ў бок Аляксандра Лукашэнкі набылі масавы характар. Праз паўгады Менскі абласны суд пакараў зьняволеньнем Аляксея Шыдлоўскага і Вадзіма Лабковіча за тое, што яны са сваімі сябрамі нанесьлі абразьлівыя надпісы ў Стоўбцах. Тады ня сталі ўжываць палітычны артыкул і хлопцаў абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Пазьней Славаміра Адамовіча за верш “Забі Прэзыдэнта” пакаралі 10 месяцамі зьняволеньня.

Адказнасьць за паклёп і абразу прэзыдэнта замацавалі ў Крымінальным кодэксе ад студзеня 2001 году. На падставе гэтага артыкулу суды пакаралі абмежаваньнем волі журналістаў гарадзенскай газэты “Пагоня” Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку. Пазьней на “хімію” накіравалі й рэдактара газэты “Рабочы” Віктара Івашкевіча. Іх абвінавацілі ў тым, што яны скарысталіся ў публікацыях інфармацыяй, распаўсюджанай у Інтэрнэце, пра дзейнасьць прапрэзыдэнцкіх фондаў, а таксама пра датычнасьць кіраўніка дзяржавы і ягонага атачэньня да выкраданьня апазыцыйных палітыкаў. Суды адбываліся за зачыненымі дзьвярыма.

У 2002 годзе праваабаронца Аксана Новікава выйшла на Кастрычніцкую плошчу з інфармацыйнымі ўлёткамі, у якіх яна абвінавачвала Аляксандра Лукашэнку ў крымінальных злачынствах. Аксана ў судзе заявіла хадайніцтвы, каб даказаць сваю аб’ектыўнасьць, але ніводнае зь іх суд не задаволіў. Аксану пакаралі двума гадамі зьняволеньня, але ўлічылі, што ў яе маленькае дзіця і далі адтэрміноўку выкананьня пакараньня. Праз год праваабаронцу зноў судзілі за раздачу аналягічных улётак. Яе пакаралі абмежаваньнем волі на два гады, але выканаць прысуд не змаглі, бо яна была цяжарная. Гаворыць Аксана Новікава:

Новікава: “Калі я выйшла з улёткамі, я разьлічвала, што ў судзе ад мяне запатрабуюць прадставіць якія-небудзь доказы. Суд адхіліў усе мае хадайніцтвы і запыты. Увесь доказ зьвялі да таго, што паклёп таму што паклёп…”

Двойчы пракуратура заводзіла крымінальную справу за паклёп на Аляксандра Лукашэнку супраць Андрэя Клімава. Падставай сталі ягоныя публікацыі. Палітык Уладзімер Падгол таксама даваў паказаньні ў справе паклёпу за кнігу “Куля для прэзыдэнта”. Доказаў віны сьледчыя не знайшлі і справу спынілі. Летась суд Ленінскага раёну Менску пакараў 60-гадовую праваабаронцу Кацярыну Садоўскую за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Супрацоўнікі КДБ пад час ператрусу знайшлі на пісьмовым стале жанчыны ліст, які яна не пасьпела нікому даслаць. Жанчына называла кіраўніка дзяржавы монстрам. Паводле заключэньня экспэртаў-лінгвістаў, гэта ёсьць параўнаньнем з жывёлай, а таму й абразай прэзыдэнта. Кацярына адседзела ўжо 7 месяцаў. Ёй застаецца адбываць пакараньне яшчэ год і пяць месяцаў.

Усе постсавецкія краіны зьяўляюцца прэзыдэнцкімі рэспублікамі. Паколькі прэзыдэнта залічаюць ў лік інстытутаў дзяржаўнай улады, абарона ягонай рэпутацыі атрымала асобы статус. Такая абарона ёсьць у краінах Заходняй Эўропы – Францыі, Аўстрыі, Нідэрляндах, ФРГ, Нарвэгіі і Гішпаніі. Але, апроч Гішпаніі, апошнія дзесяцігодзьдзі яна не выкарыстоўваецца на практыцы. Эўрапейскі суд па правах чалавека неаднойчы ўказваў, што межы прымальнай крытыкі да палітычнага дзеяча шырэйшыя, чым да прыватнай асобы. Палітычны дзеяч сьвядома ставіць свае дзеяньні пад кантроль журналістаў і грамадзтва.

Беларусь з’яўляецца лідэрам па колькасьці пакараных за паклёп і абразу прэзыдэнта. Для параўнаньня, у Азэрбайджане пакаралі чатырох журналістаў, але іх адразу ж амніставалі. У Туркмэніі, Таджыкістане і Узбэкістане дагэтуль не было ніводнага асуджанага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG