Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Сэвэрын заклікае Расею і Ўкраіну ўвесьці візавыя санкцыі адносна беларускіх ўрадоўцаў


Радыё Свабода Спэцыяльны дакладчык ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі Адрыян Сэвэрын мае намер рэкамэндаваць Радзе бясьпекі ААН “ужыць захады, каб Рэспубліка Беларусь выконвала яе праўныя абавязкі”. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы спадара Сэвэрына, апублікаванай на вэб-сайце Рады ААН па правох чалавека.

Дакладчык мае намер рэкамэндаваць Радзе ААН у пытаньнях правоў чалавека зьвярнуцца да ўправы вярхоўнага камісара ААН у пытаньнях правоў чалавека з прапановай стварыць групы экспэртаў “для высьвятленьня адказнасьці вышэйшых службовых асобаў Беларусі за зьнікненьні ці забойствы шэрагу грамадзкіх дзеячоў і журналістаў, а таксама для ўнясеньня канкрэтных прапановаў аб пачатку ў дачыненьні да гэтых асобаў перасьледу”.

Паводле Адрыяна Сэвэрына, генэральны сакратар ААН павінен ужыць захады для “расьсьледаваньня відавочнай датычнасьці беларускіх вышэйшых урадоўцаў да міжнароднай арганізаванай злачыннасьці і незаконнага гандлю зброяй, праверкі міжнародных патокаў фінансавай наяўнасьці Беларусі і, пры неабходнасьці, замарожваньня замежных рахункаў удзельнікаў незаконнага гандлю і распачацьця спраў супраць злачынцаў”.

Спэцдакладчык ААН раіць, каб усе краіны-сябры ААН, у прыватнасьці, Расея і Украіна, ужылі захады ў справе абмежаваньня паездак за мяжу службовых асобаў Беларусі, як гэта ўжо зрабілі краіны Эўразьвязу і Злучаныя Штаты. Пры гэтым Адрыян Сэвэрын падкрэсьлівае, што для простых грамадзянаў Беларусі паездкі за мяжу варта ня толькі спрасьціць, але і зьменшыць кошты візаў ці нават вызваліць іх ад платы.

Гэтыя жорсткія захады спадар Сэвэрын матывуе дадзенымі сваёй справаздачы, паводле якой “Беларусь не выконвае абавязкаў, узятых на сябе у адпаведнасьці зь міжнароднымі пагадненьнямі ў правох чалавека, да якіх яна далучылася”.

Спэцдакладчык адзначае, што на працягу 2006 году становішча з правамі чалавека ў Беларусі няўхільна пагаршалася, а яго высновы і ацэнкі сытуацыі былі падтрыманыя шэрагам міжнародных арганізацыяў, такіх як АБСЭ, Рада Эўропы, парлямэнцкія асамблеі гэтых арганізацыяў, а таксама Радай Эўразьвязу, Эўрапарлямэнтам, Эўракамісіяй і Парлямэнцкай асамблеяй НАТА.

Спэцдакладчык ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі таксама падкрэсьлівае, што трэці год запар урад Беларусі катэгарычна адмаўляецца зь ім супрацоўнічаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG