Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: шэсьце і мітынг забаранілі


Радыё Свабода Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў правесьці на Дзень Волі шэсьце й мітынг.

Магілёўскія ўлады матывавалі забарону тым, што дзень абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі не зьяўляецца нацыянальным сьвятам Рэспублікі Беларусь.

Гарвыканкам патлумачыў адмову й тым, што ў грамадзтве існуюць палярныя погляды на гісторыю ўтварэньня БНР, і сьвяткаваньне можа прывесьці да сацыяльнага канфлікту.

У гэткай сытуацыі, як зазначана ў адказе, што падпісаў намесьнік старшыні гарвыканкаму Фёдар Міхеенка, дэманстрацыя і мітынг нямэтазгодныя.

Як паведамілі “Свабодзе” ў аргкамітэце, заяўнікі забароненай акцыі будуць падаваць у суд на пастанову гарвыканкаму.

Заяву на правядзеньне ў Магілёве 25 сакавіка шэсьця й мітынгу падпісалі дэпутат гарсавету Аляксандар Агееў, кіраўнікі рэгіянальных арганізацыяў Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Ўладзімер Шанцаў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Юры Новікаў ды кіраўнічка незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Галіна Лісіцына.

Пад заявай паставілі подпісы партыйныя актывісты Віталь Макаранка, Сяргей Стральцоў ды Ірына Качарова.
XS
SM
MD
LG