Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск: арыштаваны старшыня гарадзкой арганізацыі БНФ


Радыё Свабода Сёньня ў Пінску меўся адбыцца суд у справе старшыні гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Аляксандра Рамановіча. Учора вечарам яго спынілі на вуліцы міліцыянты й прымусова даставілі ў пастарунак. Сёньня ў Берасьці, Баранавічах, Бярозе, Белаазёрску ды ў іншых гарадах вобласьці КДБ і міліцыя працягвалі выклікаць на гутаркі сяброў апазыцыйных партыяў і рухаў.

За некалькі хвілінаў да эфіру Радыё Свабода мы падтрымлівалі сувязь з прысутнымі ля будынку Пінскага гарсуду. Тут былі сябры Аляксандра, ягоны бацька й сьведкі.

Паведамляе Канстанцін Чувак:

“Вось вязуць, мабыць. Едзе аўтамашына. Заяжджае ў двор. Пакуль мы ня ведаем — ён ці не. Зараз, мажліва, пабачым, калі будзе зручна. Пакуль стаіць аўтамашына. Вось выходзяць міліцыянты. Адчыняюць дзьверы. У нашым кірунку паказваюць пальцамі. Хутчэй за ўсё, што нас адсюль будуць гнаць...”

Учора ў інтэрвію Радыё Свабода Аляксандар Рамановіч паведаміў, што ўчастковы спрабаваў уручыць яму позву ў міліцыю — нібыта для гутаркі. Юнак катэгарычна адмовіўся ад такой прапановы.

Але, як сёньня кажа бацька Мікалай Якаўлевіч, супрацоўнікі КДБ і міліцыі падпільнавалі яго на вуліцы:

“Гэта была сплянаваная апэрацыя. На вуліцы імя Ўрыцкага стаяла аўтамашына з двума супрацоўнікамі. Сьведку, які быў з Аляксандрам, адпусьцілі. А раніцай паднялі яго з ложка, забралі ў аддзел міліцыі. Для так званай апрацоўкі”.

Бацька Аляксандра кажа, што сьведка затрыманьня ягонага сына прыйшоў у суд. Са словаў старэйшага Рамановіча, гэта вымушае міліцыянтаў пераглядаць пратакол затрыманьня й пераносіць пачатак суду.

Тым часам, як паведамляе жыхар Пінску й сябра Партыі БНФ Аляксандар Аўсеенка, у Пінску працягваюць перасьлед апазыцыянэраў:

“Дзяжурылі каля майго дому. Нумар аўтамашыны 10-70 АС1, у якой знаходзіліся два міліцыянты. Пільнавалі, каб мяне ўзяць. Аднак не дачакаліся. Да Канстанціна Чувака міліцыянты ламіліся ў дзьверы. Да Аляхновіча заходзілі двойчы. Ідзе паляваньне на актывістаў. Працуюць паводле сьпісаў. Арыштаваць, ілжывыя зьвесткі даць і пасадзіць. Гэта зрабілі ўжо з Рамановічам”.

Далей гаворыць кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрась Губарэвіч, якога сёньня выклікала міліцэйскае начальства:

“Гэта Валеры Ўгляніца — начальнік РАУС Бярозаўскага раёну. Прысутнічаў на сустрэчы і ягоны намесьнік. Была спроба паінфармаваць мяне і папярэдзіць пра наяўнасьць у Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксах артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасьць за ўдзел у масавых мерапрыемствах.

Паводле нашых зьвестак, на сёньняшні дзень пералік такіх “запрашэньняў” ідзе на дзясяткі. Паводле маіх падлікаў, ня менш за пяцьдзясят чалавек атрымалі такія позвы”, — гаварыў Юрась Губарэвіч.

Пра тое, як разгортваюцца падзеі, слухайце пазьней у нашым эфіры.

***

18:25. Толькі што стала вядома, што суд над Аляксандрам Рамановічам адкладзены да заўтра. Паводле афіцыйнага тлумачэньня, прычынай сталася адсутнасьць ягонага адваката.
XS
SM
MD
LG