Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

К.Сіманаў: “Падпісаныя з Расеяй пагадненьні трэба пераглядаць”


Ганна Соўсь, Менск Расея можа перагледзець ранейшыя пагадненьні ў нафтагазавым супрацоўніцтве — гэта будзе адказам на ўвядзеньне беларускім бокам падатку на зямлю пад нафта- і газаправодамі. Такі прагноз дае дырэктар расейскага Фонду нацыянальнай энэргетычнай бясьпекі Канстанцін Сіманаў. Тым часам ва ўрад Расеі перадалі праект пастановы пра будаўніцтва нафтаправоду “Ўнеча — Прыморск” у абыход Беларусі.

Указам прэзыдэнта №130 “Аб некаторых пытаньнях рэгуляваньня зямельных адносін”, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам 19 сакавіка і абнародаваным учора, фактычна ўведзены падатак альбо арэндная плата за выкарыстаньне зямлі, празь якую праходзяць нафта- і газаправоды.

Аляксандар Лукашэнка раней неаднаразова публічна заяўляў пра намер браць плату за зямлю пад трубаправодамі, аднак у заключаных раней беларуска-расейскіх пагадненьнях пра нафту і газ такія плацяжы не прадугледжваліся.

Рашэньне беларускага боку выклікала нэгатыўную рэакцыю ў Расеі.

Генэральны дырэктар расейскага Фонду нацыянальнай энэргетычнай бясьпекі Канстанцін Сіманаў у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што Аляксандар Лукашэнка дробна шкодзіць Расеі:

“Прыдумляе зноў нейкія падатковыя схемы, каб зноў нейкія грошы атрымаць. На жаль, мы бачым, што чалавек ніяк ня можа супакоіцца. Хаця, па вялікім рахунку, яму пайшлі на вялізныя саступкі — і ў кошце на газ, і ў доўгатэрміновым кантракце, і ў кошце на “Белтрансгаз”, які, на мой погляд, выглядае даволі завышаным. Тым ня менш, ён лічыць, што яго пакрыўдзілі, і ўвесь час спрабуе ўшчыкнуць. На мой погляд, гэта павінна прывесьці да таго, што і тыя пагадненьні, якія былі падпісаныя, трэба пераглядаць”.

Генэральны дырэктар расейскага Фонду нацыянальнай энэргетычнай бясьпекі называе рашэньне беларускіх уладаў дэманстратыўным крокам, які прывядзе да таго, што Расея чарговы раз зробіць сімэтрычныя крокі ў адказ, кажа Канстанцін Сіманаў:

“Я думаю, што гэта будзе нейкім урокам і Эўразьвязу, таму што мы бачым, што любы транзыт празь Беларусь — рызыкоўны, і палітычна рызыкоўны. Я думаю, што ніхто там ня верыць, што Лукашэнка прачнуўся і стаў такім эўрапейцам, заходнікам і лібэралам. Таму трэба шукаць нейкіх альтэрнатываў транзыту празь Беларусь. А гэта транзыт праз Балтыку”.

Тым часам праект пастановы пра будаўніцтва нафтаправоду “Ўнеча — Прыморск” у абыход Беларусі ўжо ўзгоднены з усімі зацікаўленымі міністэрствамі й перададзены на зацьвярджэньне ва ўрад Расеі.

Раней кіраўнік “Транснефти” Сямён Вайншток заявіў, што будаўніцтва нафтаправоду можа пачацца ўжо ў красавіку. Пабудаваць яго плянуюць за паўтара году.

Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба лічыць, што справакаванае беларускім бокам абвастрэньне стасункаў з Расеяй праз увядзеньне падатку на зямлю пад трубаправодамі будзе мець нэгатыўныя наступствы.

“Канечне, гэта адмоўна ўплывае на стасункі з Расеяй. І кампэнсацыя для нас гэта невялічкая. Я лічу, што гэта быў палітычны крок. Ня трэба было яго нашаму кіраўніцтву рабіць. Тады будзе так, як у прыслоўі — вока за вока, зуб за зуб. Гэта не на карысьць Беларусі, таму што нашы эканамічныя і палітычныя пазыцыі непараўнальна слабейшыя за расейскія”.
XS
SM
MD
LG