Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“25 сакавіка - гэта дзень, які далучае да зямлі, на якой нарадзіўся”


Радыё Свабода 25 сакавіка, дзень утварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, стаў для дэмакратычна настроеных беларусаў адным з галоўных сьвятаў — Днём Волі. Наш карэспандэнт высьвятляў, як ставяцца да гэтай даты вядомыя ў краіне асобы

Народны артыст Беларусі, кінарэжысэр Віктар Дашук называе гэты дзень асаблівым:

“Калі пражываеш даволі доўгі час, дык разумееш, што існуюць толькі тры чалавечыя каштоўнасьці: Радзіма, Бог і Каханьне. І гэта разуменьне, якое прыйшло да мяне, тлумачыць многае ў гэтым сьвеце, у тым ліку і беларускую сытуацыю.

На жаль — і гэта самае драматычнае ды трагічнае — што большая палова, калі нават не 90% абывацеляў (гэта любімае слова Васіля Быкава) разумеюць вельмі мала ці наагул не разумеюць, што ёсьць такія каштоўнасьці. І нават ня лічаць іх каштоўнасьцямі.

Таму дзень 25 сакавіка для таго, хто разумее і адчувае, што такое радзіма, гэта ня проста сьвяточны дзень. Гэта дзень, які далучае яго да зямлі, на якой ён нарадзіўся”.

Старшыня Палітычнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч гаворыць, што для яго гэты дзень найперш вялікае сьвята:

“Паколькі я дзяржаўнік і незалежнік, то, я лічу, што гэта адна з самых выдатных падзеяў у сучаснай гісторыі Беларусі — усталяваньне дзяржаўнасьці. Я ўпэўнены, што гэтае сьвята будзе асноўным нацыянальным сьвятам у вольнай Беларусі”.

А вось намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян ня лічыць гэты дзень сьвяточным:

“25-га — што там, якое сьвята? Няма чаго сьвяткаваць. Не было рэспублікі, бо яе ніхто не прызнаў. А ўрад быў сфармаваны кайзэрам. Ну, дык якое ж гэта сьвята?”

З гэтым ня згодны старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб:

“БНР была створаная адпаведна з заканадаўствам і была аб’яўленая, нягледзячы на тое, што тэрыторыя знаходзілася пад акупацыяй нямецкіх войскаў. Але ж і БССР, якую цяпер улады лічаць першай рэспублікай, была створаная таксама, калі тэрыторыя Беларусі знаходзілася пад уладай расейскіх узброеных сілаў.

Адну яны лічаць сапраўднай, а другую — несапраўднай. Я лічу, што гэта штучны падзел, каб паказаць, што Беларусь быццам бы ня мела сваёй незалежнасьці і сваёй рэспублікі”.

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка гэтымі днямі хварэе, але 25 сакавіка абавязкова зьбіраецца сьвяткаваць:

“Самае галоўнае, што з гэтым днём лучыць надзея. Надзея на тое, што ўсё ж адбудуцца перамены, і мы будзем жыць у больш шчасьлівым, вольным, больш прывабным для ўсіх беларусаў жыцьці. Бо тое, што цяпер адбываецца, вельмі сумна. І, як бы я сябе ні пачувала, усё роўна мы ўсёй сям’ёй у гэты дзень пойдзем сьвяткаваць”.
XS
SM
MD
LG